Калі расеец хоць на хвіліну адыдзе ад выдуманага вобразу і ўсвядоміць, што ніякіх фашыстаў у Кіеве няма, ён будзе змушаны прызнаць, што пачуццё нянавісці, якое перапаўняе яго, – гэта ягонае ўласнае пачуццё. Псіхолаг Алег Хамяк распавядае, як у Расеі адбываецца масавая апрацоўка свядомасці, і дае рэкамендацыі, як дачыняцца са сваякамі, сябрамі і калегамі – расейцамі, чые мазгі ўзяў напракат Крэмль.

У той складанай сітуацыі, у якой мы цяпер знаходзімся, у нас з'явілася нечаканая для многіх праблема ў зносінах са сваякамі, калегамі, сябрамі і супрацоўнікамі з Расеі. Чаму быццам бы нармальныя, адэкватныя людзі паводзяць сябе, як вар'яты? І як на гэта рэагаваць? Раней, маючы зносіны з расейцамі, мы маглі б нешта абмяркоўваць, спрачацца, даказваць, дамаўляцца. Была нармальная камунікацыя. Цяпер жа мы разумеем, што нас папросту не чуюць. У адказ на любыя нашыя довады ідзе нейкі тэкст, што складаецца з набору штампаў, прычым мы разумеем, што гэты пасыл – відавочная хлусня. Мы абмяркоўваем становішча справаў не ў Расеі, а ва Ўкраіне, але пры гэтым расейцы займаюць такую пазіцыю, нібыта лепш за нас ведаюць, што ў нас тут адбываецца.

У такіх выпадках я раю пераводзіць увагу суразмоўцы на тыя вар'яцтвы, якія адбываюцца ў Расеі, – тэрарызм, крадзеж, павальнае п'янства і г. д. Таксама можна спытаць суразмоўцу пра тое, чаму ў Расеі цяпер ўздым неанацысцкіх настрояў, і як яны маюць намер з усім гэтым змагацца. Гэта самы просты спосаб збіць шал.

Чаму раптам з рацыянальным, дарослым і разумным чалавекам становіцца немагчыма размаўляць? Тут дарэчы было б расказаць пра такі механізм, як замбаванне ці масавая апрацоўка свядомасці. Важна памятаць, што СМІ ў Расеі ўжо шмат гадоў знаходзяцца пад поўным кантролем дзяржавы, яны транслююць створаную уладай адзіную кіраваную ідэалогію. Ёсць, вядома, і апазіцыйныя СМІ, але іх прэсуюць, і чым далей, тым менш іх становіцца. Хутка там паўстане адзіная ідэалагічная прастора. У Расеі адроджаная і адноўленая савецкая сістэма прапаганды ў самых жудасных яе формах. Гэтая прапагандысцкая машына вельмі падобная да той, якая была ў гітлераўскай Германіі, але відавочна да яе не дацягвае. Тым не менш, сістэма СМІ ў Расеі працуе вельмі моцна.

Якім чынам адбываецца замбаванне? У кожнага чалавека ёсць асабістае свядомае і падсвядомае, нашыя ўласныя эмоцыі, пачуцці, адносіны. Але ёсць яшчэ і калектыўнае бессвядомае, пра якое казаў Карл-Густаў Юнг. Яно мае на ўвазе набор аднолькавых стэрэатыпаў мыслення ў розных людзей, уключаных у адну сістэму. Якія вобразы ўзнікаюць у галаве ў чалавека, выгадаванага ў СССР (напрыклад, у мяне) пры слове «фашызм»? Першае, што ўзнікае ў маёй галаве, – гэта плакат часоў вайны, на якім савецкі салдат працінае штыком фашыста. Другое – спаленыя гарады і вёскі. Далей – фашысты з закасанымі рукавамі трымаюць у руках шмайсеры. Яшчэ – песня «Вставай, страна огромная!» Гэтыя карцінкі ўтрымліваюць наймацнейшы эмацыйны зарад, тут і страх, і нянавісць, і гнеў, і пагарда і яшчэ шмат чаго.

Калектыўнае бессвядомае ўтрымлівае вобразы: сумесь з візуальных малюнкаў, пачуццяў, перажыванняў і гукаў. Прычым зусім неабавязкова, каб гэтыя вобразы адпавядалі рэчаіснасці. Напрыклад, у Расеі цалкам паспяхова працуе такі вобраз, як «сусветная закуліса», які па форме сваёй абсурдны, хоць пры гэтым намякае на нешта канкрэтнае.

Вобразы могуць быць прынцыпова выдуманымі, не звязанымі з рэальнасцю, але пры гэтым сатканымі з элементаў рэчаіснасці. Напрыклад, расейцам распавядаюць, што ва Украіне ўладу захапілі бандэраўцы і фашысты. Бяруцца міфічныя вобразы «фашыстаў», «бандэраўцаў» (таксама вельмі эмацыйна зараджаны вобраз, прычым для Усходу і Захаду Украіны гэты зарад дыяметральна супрацьлеглы) і злучаюцца з рэальным Кіевам, расейскамоўнымі грамадзянамі, Майданам Незалежнасці. Усё гэта мудрагелістым чынам змешваецца і ствараецца вобраз хаосу.

З той прычыны, што мы належым да самых розных сістэмаў (родавай, прафесійнай, нацыянальнай, дзяржаўнай і г. д.), мы падключаемся да розных набораў вобразаў, якія захоўваюцца ў калектыўным бессвядомым гэтых сістэмаў. Як у фільме «Матрыца»: ўтыркнулі ў патыліцу шнур, і чалавек бачыць тую карцінку свету, якую яму дыктуе сістэма. Такімі «партамі» злучэння чалавечай псіхікі і сістэмы з'яўляюцца вобразы. З аднаго боку выявы (з боку сістэмы) знаходзіцца візуальная карцінка або стэрэатып (той жа «фашыст», якога я, напрыклад, ані разу ў сваім жыцці не бачыў, як і пераважная колькасць расейцаў), а з другога – нашыя асабістыя эмоцыі (нянавісць, гнеў, страх, прага справядлівасці і г. д.) і ўся асабістая энергетыка чалавека накіроўваецца на рэалізацыю гэтага сістэмнага вобразу. Інакш кажучы, пачуцці і высілкі шмат каго з расейцаў зараз актыўна накіраваныя на барацьбу з фашызмам ва Ўкраіне, хоць у іх жыцці ёсць мноства праблемаў, з якімі варта было б пазмагацца.

Уключаючыся ў сістэму (для большасці людзей гэта адбываецца бессвядома і некантралявана), мы прымаем гэтыя вобразы і суперажываем іх. У дарослых расейцаў такіх гістарычна сфармаваных вобразаў дастаткова, узяць хаця б ідэалагічныя вобразы, створаныя за савецкім часам. Пры гэтым трэба разумець, што была рэальная вайна, з яе жахамі і ахвярамі, і быў яе вобраз, створаны ў нашым калектыўным бессвядомым. Гэта розныя рэчы. Але звычайны чалавек не адрознівае вобраз выдуманы і вобраз назіраны. Ён успрымае любы вобраз як праўду. Калі той не занадта фантастычны. Хоць часам нават занадта фантастычныя вобразы прымаюцца за праўду. Ўзгадайце хрэстаматыйны прыклад, як радыёпастаноўка па кнізе Герберта Уэлса «Вайна сусветаў» выклікала паніку сярод насельніцтва. Калі я, вы, яшчэ нехта пачне зараз пераканаўча распавядаць пра сустрэчу з чупакабрай, праз нейкі час гэты звер перастане быць фантастычным ва ўспрыманні слухачоў. Людзі не адрозніваюць вобразы, атрыманыя з уласнага досведу, ад вобразаў, атрыманых з сістэмы. Просты прыклад. Усе мы ўпэўненыя, што ведаем, як выглядае Сонечная сістэма: пасярод – Сонца, вакол якога круцяцца па сваіх арбітах планеты. Але хіба хто-небудзь з нас бачыў гэта на ўласныя вочы? Мы бачылі карцінку з падручніка і прынялі яе на веру. Калі гэта зразумець, то выявіцца, што ў нас няма іншага пацверджання існавання Сонечнай сістэмы, апроч гэтай выявы з падручніка. Значная частка нашых ведаў пра свет – гэта такія ж карцінкі, не атрыманыя з уласнага жыццёвага досведу.

Дзякуючы таму, што мы жывем на адной тэрыторыі, перабываем ў адной супольнасці, а, значыць, далучаныя да адной агульнай сістэмы, мы «заглынаем» аднолькавыя або падобныя вобразы, і гэта дазваляе нам мець зносіны, як бы разумеючы адно аднаго. Калі казаць пра мысленне, то не столькі чалавек думае, колькі сістэма думае праз чалавека. Сістэма загрузіла ў нас нейкую колькасць вобразаў, і цяпер усё нашае асэнсаванне рэчаіснасці ідзе праз гэтыя вобразы. То бок працэс мыслення – гэта не асабісты працэс, а сістэмны.

Такім чынам, што ж адбылося ў Расеі? Пуцін пачаў актывізаваць і актуалізаваць пэўны набор вобразаў: перадусім – вобраз фашызму (расейцы рэагуюць так, быццам фашызм стаіць ля іх межаў) і, вядома ж, ідэі савецкага гераізму. Тут дарэчы ўспомніць свята Дзень Перамогі. Гэтае свята, акрамя таго, што адлюстроўвае рэальны працэс – перамогу СССР над Нямеччынай, яшчэ мае магутную ідэалагічную нагрузку. Гэтае свята пакліканае штогод падтрымліваць настрой пераможцы. Пасля Перамогі прайшло 70 гадоў. За гэтыя гады было прайграна і змарнавана нямала, была прайграная халодная вайна з Захадам (СССР разваліўся, эканоміка Расеі цяпер – сыравінная). Але свята працягваецца, і людзі працягваюць жыць з адчуваннем перамогі. Зараз у Расеі ўжо не столькі ўспамінаюць загінулых у гэтай жахлівай вайне (што варта было б рабіць), а атрымліваюць асалоду ад шавіністычнага пачуцця пераможцы. Гэты дзень можна было б зрабіць днём памяці, днём міру, пратэсту супраць войнаў, але ў сучаснай Расеі, якая на самай справе працягвае быць савецкай, гэтае свята працягвае функцыянаваць як спосаб ўзняцця гераізму.

Расейцы – імперская нацыя, а ва ўсіх імперскіх нацыяў ёсць постімпэрскі сіндром – перажыванне, мякка кажучы, тугі-нуды аб згубленай велічы. Адсюль і Дзень Перамогі, і іншыя святы, звязаныя з веліччу Расеі і расейскай зброі. Калі на гэтае перажыванне страчанай велічы маніпулятар накладвае некалькі моцна зараджаных вобразаў, напрыклад, таго ж фашызму, і паказвае, дзе менавіта знаходзіцца гэты фашызм (у дадзеным выпадку – ва Украіне), то аўтаматычна ўся гэтая сіла эмоцый падымаецца і вялікая частка расейскага насельніцтва рвецца ваяваць з фашызмам ва Украіне.

Але эмоцыі недастаткова ўзняць, іх трэба падтрымліваць. І пачынаецца апеляванне да «рускага адзінства» (кідаюцца ілжывыя ідэі аб ўсялякім ушчамленні расейцаў і нават расейскамоўных), да ідэй праваслаўя (супраць «бессаромных геяў Еўропы»). У выніку мы маем фьюжн-ідэалогію, што паяднала сімвалы-вобразы савецкага мінулага, расейскага імперскага мінулага, панславізма і праваслаўя. Гэты дзіўны мікс падаецца пад выглядам канцэпцыі «духоўнага падмурку». Хоць адзіны падмурак, які ёсць у Расеі, – гэта нафта і газ, усё астатняе – ідэалагічная надбудова, пакліканая надаць гэтаму ўсяму хоць нейкі сэнс. І гэта зразумела, бо жыць у бессэнсоўным свеце вельмі цяжка.

Трэба разумець, што людзі, падключаныя да агульнай сістэмы вобразаў, перастаюць думаць, яны проста рэагуюць, як на націсканне кнопкі. СМІ націскаюць кнопку – пайшлі эмоцыі, працэсу мыслення няма. Таму, калі вы спрабуеце гаварыць з расейцам, вы сустракаеце магутную эмоцыю, логіка там не працуе. Нават калі вам ўдасца неверагоднымі намаганнямі пераканаць чалавека ў чымсьці, нешта яму даказаць, вы са здзіўленнем выявіце, што пры наступнай размове ён зноў адновіць свой пасыл, прычым у той жа форме, што і да гэтага. Чаму? Таму, што ён вяртаецца дадому, далучаецца да сістэмы – да тэлевізара, суседзяў, калег – і зноў загружаецца той жа самай інфармацыяй.

Як зразумець, што ваш суразмоўца замбаваны? Ён эмацыйна рэагуе, выдае магутныя штампы (аднолькавыя ва ўсіх прадстаўнікоў адной сістэмы) і ўвогуле не чуе вашых аргументаў. Чалавек не ўбірае знешнюю інфармацыю, якая можа разбурыць вобраз, створаны ў яго ў галаве. Прыкмета моцнай ідэалогіі менавіта ў гэтым: у чалавека ўбудаваны механізм абароны ад «непатрэбнай» інфармацыі. І чалавек трымаецца за гэты механізм абароны. Бо калі ён хоць на хвіліну адыдзе ад выдуманага вобразу і ўсвядоміць, што ніякіх фашыстаў у Кіеве няма, ён будзе змушаны прызнаць, што пачуццё нянавісці, якое яго перапаўняе, – гэта ягонае ўласнае пачуццё, што гэтая агрэсія, якую ён адчувае, – яго ўласная. Што патрэбу забіваць адчувае зараз асабіста ён. І што ягоная краіна – ня вызваліцель, а акупант. Для любога нармальнага чалавека гэта катастрафічнае перажыванне.

Таму, калі вы сутыкаецеся з такой зараджанасцю, ведайце: нешта даказваць марна. Хаця можна і паспрабаваць, можа, ваш суразмоўца яшчэ захаваў зародкі крытычнага мыслення. Прыкмета таго, што вашая спроба камунікацыі можа завяршыцца поспехам, – тое, што чалавек вас уважліва і з цікавасцю слухае, задае ўдакладняльныя пытанні. Гэта сведчыць пра тое, што ён здольны думаць, ўспрымаць інфармацыю. Вы можаце вельмі асцярожна, дазавана даваць яму гэтую інфармацыю, не кпіце, па меры магчымасці, з яго стэрэатыпаў пра родную краіну. Шараговы расеец, які раптам ўсведамляе, што яго радзіма – агрэсар, а Пуцін – злодзей і хлус, губляе веру ў сваю краіну, свой патрыятызм і замест уласнай велічы, непарыўна звязанай з веліччу сваёй краіны, раптам пачынае адчуваць сваю мізэрнасць.

Але што рабіць, калі замбаваны расеец, з якім вы маеце зносіны, – ваш сваяк, даўні сябар, калега? Лепшае, што вы можаце зрабіць, гэта сысці ад тэмы калектыўных вобразаў і вывесці размову на сцяжынку асабістых інтарэсаў. Спытаць, як там дзеці, ці плацяць пенсію, што з заробкамі, ці скончылі рамонт. Або павярнуць гутарку ў прафесійнае рэчышча. Вы ўбачыце, як чалавек умомант стане такім, якім вы яго ведалі раней. Але варта вам закрануць нейкую геапалітычную тэму, як адбудзецца зваротны працэс. Зусім як у фільме «Матрыца», калі кожны мірны жыхар раптам ператвараецца ў агента Сміта. Згодна з фільмам, агент Сміт – гэта аўтаномны модуль, пакліканы падтрымліваць сістэму. Так і ў гэтым выпадку, з кожнага расейца пачынае праглядваць Дзмітрый Кісялёў. Знікае асоба, з'яўляецца сістэма. Вы ў нейкі момант пачынаеце размаўляць не з чалавекам, а з дынамікам Пуціна. Таму разлічваць, што вам атрымаецца перамагчы, не выпадае. Сістэма па азначэнні больш магутная за вас аднаго. Такіх дынамікаў ў Расеі – сотні мільёнаў.

Адзінае, на што мы здольныя у дадзенай сітуацыі, – падтрымаць асобасны кантакт, адчуць межы, у якіх можна дачыняцца, і абавязкова трэба рабіць акцэнт на наступным: «Цяпер сітуацыя складаная, нават вельмі складаная, але мы ж нармальныя людзі і ўсе хочам міру. Таму давай проста спакойна на гэта глядзець. Усё будзе добра, і ў цябе, і ў мяне». Такі падыход можа захаваць нейкі баланс у адносінах. Калі ж вы пачняце раз'юшвацца, крычаць, збіваць суперніка словамі, вы, безумоўна, адчуеце сябе лепш (гэта добры спосаб самарэгуляцыі), але нічога не будзеце мець, апрача узрослай ў адказ агрэсіі і нянавісці. Калі вам дзеля самарэгуляцыі захочацца кагосьці са знаёмых расейцаў патроліць – трольце. Калі адносіны вам не дарагія. Зараз вы нічога не дакажаце. Гэтая сістэма сэнсаў з часам абрынецца сама. 

Прыміце як факт: гуманістычнае чаканне, што ўсе людзі разумныя і з імі можна дамовіцца, – гэта ілюзія. Розум, вядома, у кожнага індывідуальны, але калі яго ўзяла ў карыстанне сістэма, ён становіцца часткай гэтай сістэмы. А з ёй дамовіцца нельга.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?