Падчас дадатковага набору абітурыентаў, які з 2014 года будзе праводзіцца ў ВНУ пры наяўнасці вакантных месцаў пасля першага залічэння, ніжнія парогавыя значэнні цэнтралізаванага тэставання, неабходныя для падачы дакументаў у ВНУ, будуць зніжаны на 5 балаў. Аб гэтым паведаміў міністр адукацыі Сяргей Маскевіч на прэс-канферэнцыі 2 мая.

Паводле яго слоў, такая мера прадугледжана для стварэння конкурсу падчас дадатковага адбору абітурыентаў. «Бываюць выпадкі, і такіх шмат, калі па адным прадмеце абітурыент атрымаў бал ніжэйшы за той, які дазваляе яму ўдзельнічаць у конкурсе — напрыклад, не 10, а 9 (па рускай або беларускай мове), а па іншых прадметах — профільных — атрымаў вельмі высокія балы. Ён не можа ўдзельнічаць у конкурсе, хаця сума балаў у яго была б вельмі высокая і дазваляла б не толькі ўдзельнічаць у конкурсе, але і паступіць на прэстыжныя спецыяльнасці», — сказаў Маскевіч.

Ён падкрэсліў, што рашэнне аб зніжэнні ніжніх парогавых значэнняў ЦТ пры правядзенні дадатковага набору ў ВНУ «поўнасцю адпавядае новым правілам прыёму ў ВНУ».

Нагадаем, для падачы дакументаў у прыёмную камісію неабходна набраць не менш чым 10 балаў па рускай або беларускай мове, 15 — па матэматыцы, фізіцы, хіміі, біялогіі, 20 — гісторыі Беларусі, сусветнай гісторыі найноўшага часу, грамадазнаўстве, геаграфіі і замежных мовах.

Сёлета цэнтралізаванае тэставанне будзе праводзіцца ў 58 установах адукацыі з 14 па 28 чэрвеня. У параўнанні з мінулым годам колькасць пунктаў правядзення ЦТ знізілася на 15, што, як патлумачыў Маскевіч, звязана з памяншэннем колькасці абітурыентаў.

Рэгістрацыя на ЦТ праводзіцца з 2 мая па 1 чэрвеня. З пералікам устаноў адукацыі, якія забяспечваюць рэгістрацыю абітурыентаў для ўдзелу ў ЦТ, можна азнаёміцца на сайце Міністэрства адукацыі.

Рэзервовым днём для правядзення ЦТ вызначана 5 ліпеня, само тэставанне ў рэзервовы дзень будзе праводзіцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Рэгістрацыя абітурыентаў для ўдзелу ў ЦТ у рэзервовы дзень будзе праходзіць з 27 чэрвеня па 1 ліпеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?