Цёмнаскуры грамадзянін, верагодна, жыхар адной з афрыканскіх краін, працяглы час знаходзіцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Пры гэтым ён не валодае ні рускай, ні англійскай мовамі, што цалкам пазбаўляе яго камунікатыўных сувязяў з адміністрацыяй ізалятара.

Праваабаронцам пра гэта распавёў Максім Вінярскі, які днямі вызваліўся з-пад адміністрацыйнага арышту і прабыў у адной камеры з затрыманым 12 дзён.

Распавядае Максім Вінярскі: «З другога дня майго знаходжання ў ЦІПе, калі 23 красавіка мяне перавялі ў камеру-двойку №37 (на 2 чалавекі), тут сядзеў цёмнаскуры чалавек, імя ягонае Патрык. Прозвішча было цяжка зразумець, але пачынаецца яно на літару М. Ён зусім не размаўляе ні на рускай мове, ні па-англійску.

Супрацоўнікі Цэнтра, звяртаючыся да яго, некалькі разоў прамаўлялі слова «Конга», аднак невядома, ці гэта краіна ягонага жыхарства».

Са словаў Вінярскага таксама вядома, што Патрык адмаўляецца ад вячэры, а на абед бярэ толькі першую страву. Верагодна, затрыманы чакае дэпартацыі на радзіму ці нейкіх даведак ад амбасады, аднак, па-першае, гэта даволі доўгі працэс, а па-другое, хутчэй за ўсё, амбасады ягонай краіны ў Беларусі не існуе.

Працягвае Максім Вінярскі: «2 траўня Патрык адмовіўся заходзіць у камеру пасля ранішняй паверкі. Яго паспрабавалі завесці з прымяненнем фізічнай сілы, ён пратэставаў і паўтараў слова «амбасада». Пасля незразумелай слоўнай перапалкі, супрацоўнікі міліцыі павалілі яго ў калідоры на падлогу, а мяне запхнулі ў камеру, каб не замінаў, і зачынілі дзверы, Далейшыя падзеі я назіраў праз шчыліну у вакенцы «кармушкі». Патрыку закруцілі рукі за спіну і начапілі кайданкі. Затым ногі ззаду падсунулі пад рукі, атрымалася «ластаўка». Патрык, прыціснуты да падлогі, пры гэтым крычаў «Расіста!». Праз некаторы час яны адыйшлі, і Патрык стаў паволі вызваляць ногі. Тады яго зноў скруцілі і да канца сняданка ён ляжаў на калідоры. Затым яго досыць энергічна ўкінулі ў камеру».

Гэты выпадак таксама засведчыў і Ілля Дабратвор, які ў той час адбываў арышт.

«Ніводная змена ахоўнікаў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў з затрыманым нармальна гаварыць не магла, ды і не мела такога намеру: ляжыць сабе ў камеры, ну і няхай ляжыць далей. З гэтай прычыны ён не можа патрапіць у душ, на прагулку, паколькі не ведае, што ад яго патрабуюць. Я спрабаваў гаварыць з ім на англійскай мове, аднак беспаспяхова. Колькі часу ён там знаходзіцца – невядома».

Максім Вінярскі таксама паведаміў, што падчас прагулак іншыя арыштаваныя казалі пра тое, што

ў ЦІПе сядзіць нейкі спартсмен-замежнік, які нібыта парушыў міграцыйнае заканадаўства і з якога вымагаюць грошы, паколькі, маўляў, у Беларусі няма амбасады, якая б яму дапамагла.

Таму з ім спрабуць дамовіцца шляхам шантажу: але ці дакладана гэта кажуць пра Патрыка – Вінярскі не ведае.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч, каментуючы гэтую абсурдную сітуацыю, адзначае наступнае:

«Гэта не першая падобная сітуацыя, з якой сутыкаюцца беларускія праваабаронцы. Гісторыя, пра якую распавёў Вінярскі, набывае асаблівую актуальнасць у святле маючых адбыцца перамоваў МЗС Беларусі і Еўракамісіі па пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі паміж ЕС і нашай краінай.

Рэадмісія азначае, што з тэрыторыі краінаў ЕС будуць перанакіроўваць нелегальных эмігрантаў, якія патрапілі туды праз тэрыторыю Беларусі для арганізацыі іхняй далейшай дэпартацыі на радзіму.

У сувязі з гэтым падаецца важным пытанне стварэння адмысловых цэнтраў для ўтрымання такой катэгорыі грамадзян, якія б адпавядалі міжнародным стандартам і не прыводзілі да жорсткага і бесчалавечнага абыходжання з гэтымі людзьмі, якія ў большасці выпадкаў не здзяйснялі ніякіх злачынстваў у Беларусі. Важным з’яўляецца і пытанні падрыхтоўкі персаналу, які б валодаў замежнымі мовамі і мог растлумачыць падлягаючым дэпартацыі замежным грамадзянам адпаведныя прававыя працэдуры, іх правы і абавязкі».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?