Аляксандр Лукашэнка патрабуе выпрацоўкі і рэалізацыі ў Беларусі комплексу мер па павышэнні эфектыўнасці працы аграпрамысловага комплексу. Аб гэтым, як паведаміла прэс-служба прэзідэнта, кіраўнік дзяржавы заявіў 6 мая, заслухоўваючы даклад пра вынікі працы міжведамаснай рабочай групы для вырашэння праблемных пытанняў у АПК. 

Ён нагадаў, што сфера сельскай гаспадаркі не адзіная, дзе было даручана комплексна вывучыць і ўстараніць наяўныя праблемы. «Мы ўзяліся за пытанні, якія вельмі хвалююць наша насельніцтва. Без вырашэння гэтых пытанняў далейшае нармальнае жыццё нашага грамадства немагчымае», — падкрэсліў Лукашэнка. 

«Падобым чынам мы паспрабавалі прааналізаваць, і быццам бы ўдалося (паглядзім, што на практыцы будзе), будаўнічую галіну, прынялі адпаведнае рашэнне. Хачу нагадаць, Андрэй Уладзіміравіч (кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Андрэй Кабякоў), што 1 ліпеня ў нас час «Ч»: мы павінны выканаць усё, што мною было сказана на нарадзе, чаго б нам гэта ні каштавала», — сказаў прэзідэнт. 

Ён адзначыў, што насельніцтва таксама хвалююць пытанні развіцця жыллёва-камунальнага абслугоўвання. Вывучэннем гэтай сферы займаецца рабочая група на чале са старшынёй КДК Аляксандрам Якабсонам. 

Што да трэцяга кірунку — сферы сельскай гаспадаркі, то, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, там не ўсё гладка і, самае галоўнае, няма неабходнай аддачы і эфектыўнасці ў працы сельгаспрадпрыемстваў. 

Лукашэнка адзначыў, што частка пытанняў, якія датычацца сітуацыі ў сельскай гаспадарцы, «ляжыць на паверхні, але ёсць і некаторыя іншыя, у тым ліку скрытыя прычыны, як цяжкія, так і простыя». Выявіць іх і прапанаваць шляхі вырашэння было даручана міжведамаснай рабочай групе на чале з прэм'ер-міністрам. «Гэта група павінна была выявіць гэтыя прычыны неэфектыўнага функцыянавання (калі браць у цэлым) сельскай гаспадаркі ў плане аддачы ад тых інвестыцый, якія туды накіраваны. І, па-другое, самае галоўнае — нам трэба азначыць шляхі выхаду з гэтай сітуацыі. Не проста выхаду, а шляхі эфектыўнага развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці і ўсяго, што з ёй звязана», — заявіў кіраўнік дзяржавы. 

«Аграрная» група на чале з Міхаілам Уладзіміравічам (Мясніковічам) прапрацавала гэтыя пытанні і прапанавала нейкую дарожную карту, якую мы павінны рэалізаваць у Беларусі ў сферы сельскай гаспадаркі, каб ужо ў гэтым і наступным годзе мы ўбачылі хоць нейкія вынікі», — адзначыў Лукашэнка. 

Пры гэтым ён папрасіў дакладчыкаў не паглыбляцца ў нюансы і дэталі. «Таму што найбліжэйшым часам, калі мы прымем сёння рашэнне аб тым, што гэта група спрацавала, і мы можам выходзіць, як і ў будаўніцтве, на вялікае кола людзей, спецыялістаў і з імі весці гаворку аб тым, як будзе развівацца сельская гаспадарка заўтра, пра яе эфектыўнасць, то ўсё гэта будзе аналагічна прааналізавана ў гэтым шырокім коле са спецыялістамі, — растлумачыў Лукашэнка. — Мы павінны людзям прама сказаць: вось, што мы зробім, а вось, што ад вас чакаем і вы абавязаныя зрабіць».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?