6 траўня адбыўся Трэці спеўны сход. 50 чалавек у чарговы раз сабралася ў адной з музычных студый Мінска, каб паспяваць беларускія народныя песні.

Саліст гурту «Вурай» Сяргей Доўгушаў спачатку правёў з прысутнымі майстар-клас па дыханні. Удзельнікі рабілі практыкаванні, кожны знаходзіў свой рытм. Потым пачаліся распевачкі: яны былі простыя – кожны даў рады. Усё суправаджалася рытмічнай хадзьбой па студыі, груканнем нагамі – перад спевамі неабходна поўнасцю распаволіцца. Зрэшты, настройка на спевы нагадвае практываканні ёгаў па расслабленні цела і настройцы духа.

На двух папярэдніх Спеўных сходах удзельнікі ўжо вывучылі пяць песень, і таму спевы пачаліся з іх. Калі «спевакі» добра адчулі свой голас, узялі агульнае гучанне – прыйшоў час вывучэння новых музычных твораў. Імі сталі хлапечая «Дунаю-дунаю» і дзявочая «Калыханка».

Хлопцы спявалі дзяўчатам сваю песню, а потым – наадварот.

Напрыканцы Сходу перад удзельнікамі выступіў спецыяльны госць – гурт «Кудзьмень». Прагучала некалькі песень у беларускай народнай манеры выканання, адбыўся дуэт скрыпак.

Спеўны сход ачароўвае людзей.

Суарганізатар сходаў Аляксей Чубат запрашае на Сходы ўсіх ахвотных, як з музычнай адукацыяй, так і без яе.

Падпісацца на старонкі Сходаў вы можаце ў Facebook або Укантакце. Там жа ёсць відэа і тэксты песень.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?