Група беларускіх расрацоўшчыкаў мабільных прылажэнняў Flaxtreme распрацавала новы гід па Мінску для прыладаў на платформе Android і iOS. Праграма атрымала назву Go Minsk і яе можна бясплатна скачаць з Google Play і App Store.

Галоўнае меню праграмы. 

Галоўнае меню праграмы. 

Go Minsk даступны па-беларуску, па-англійску і па-расійску, а інтэрфейс надзвычай просты і зразумелы. У прылажэнні можна знайсці спіс крамаў, бараў і рэстаранаў, начных клубаў з кароткім апісаннем, «прывязаны» да сэрвісу Google Maps: Go Minsk аўтаматычна пакажа знаходжанне аб'екта на карце Мінска і адлегласць да яго.

Экскурсіі па Мінску. 

Экскурсіі па Мінску. 

Аднак адрознівае прылажэнне ад ужо наяўных мабільных мінскіх даведнікаў наяўнасць культурніцкай часткі. Акрамя гандлёвых цэнтраў і аб'ектаў грамадскага харчавання Go Minsk утрымлівае вялікі спіс музеяў, галерэй, архітэктурных і гістарычных славутасцяў.

Так выглядае экскурсія на карце. 

Так выглядае экскурсія на карце. 

Прычым акцэнт робіцца і на найноўшай гісторыі Беларусі: разам з Нацыянальным мастацкім музеем і Нацыянальнай бібліятэкай у спіс увайшоў КДБ, ЦІПП на Акрэсціна, плошча Бангалор разам з тлумачэннем ролі кожнага месца ў жыцці беларусаў.

Go Minsk можа не толькі паказаць цікавосткі Мінска, але і прапануе гатовыя тэматычныя экскурсіі. На дадзены момант прылажэнне ўтрымлівае 9 падарожжаў працягласцю ад 2,5 да 3 гадзін.

Укладка «Славутасці». 

Укладка «Славутасці». 

Сярод іх «мастацкі шпацыр» па музеях і галерэях, «духоўны шпацыр», «эка шпацыр», «зялёны шпацыр» — праменад па сталічных парках і скверах.

Аднак ёсць і больш незвычайныя прапановы. Так, экскурсія «Хронікі супраціву» расказывае гісторыю пратэстнага руху 2006 і 2010 гадоў, «плюшавага дэсанту» і судоў над актывістамі.

Цэлая экскурсія прысвечана любімым месцам сэкс-меншасцяў: з «ЛГБТ-шпацыра» можна даведацца, што звязвае кафэ «Саюз-Анлайн», лазню №1 і Міхайлаўскі сквер з гей-тусоўкай Мінска.

Топ самых выродлівых будынкаў горада ператвораны ў экскурсію «Сапсаваны Мінск», а Алег Трусаў падрыхтаваў «Моўны шпацыр» па беларускамоўным Мінску.

Кароткае апісанне Мінска. 

Кароткае апісанне Мінска. 

У прылажэнні ёсць і недарэчнасці: блытаніна з назвамі — разам змешаныя беларуская лацінка, транслітэрацыя па савецкім узоры і проста «перакладзеныя» назвы, некаторыя карцінкі не загружаюцца, часам сустракаюцца месцы-прывіды без назваў і апісання, адлегласць да некаторых кропак указваецца няправільна. Аднак Go Minsk можа зацікавіць не толькі турыстаў, але і саміх мінчукоў, бо дазваляе адкрыць для сябе новыя месцы ці зірнуць на ўжо знаёмыя з іншага ракурсу.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?