Прадстаўнікі Цэнтрвыбаркама Беларусі возьмуць удзел у назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі ва Украіне, запланаванымі на 25 мая, паведаміў сакратар Цэнтральнай камісіі Мікалай Лазавік.

«Так, мы вырашылі ехаць у Кіеў», — сказаў Лазавік, зазначыўшы, што апрача яго ў назіранні возьме ўдзел намеснік старшыні ЦВК, дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Вадзім Іпатаў.

Запрашэнне беларускаму Цэнтрвыбаркаму ўзяць удзел у назіранні падпісана старшынёй Цэнтральнай выбарчай камісіі Украіны Міхаілам Ахяндоўскім. У дакуменце зазначаецца, што Украіна вітае шырокі ўдзел міжнародных назіральнікаў у азнаямленні з падрыхтоўкай і правядзеннем прэзідэнцкіх выбараў. Прадстаўнікі беларускага ЦВК запрошаны ўзяць удзел у назіранні з 23 па 26 мая.

Раней Лазавік зазначаў, што, «відаць, выбары будуць праходзіць у складаных палітычных і эканамічных умовах». Ён выказаў меркаванне, што ў такім становішчы арганізатарам выбараў ва Украіне будзе цяжка працаваць. «Апрача таго, выклікае сумненне, ці ва ўсіх рэгіёнах адбудуцца выбары. А ў выпадку далейшага пагаршэння грамадска-палітычнага становішча выбары наогул могуць быць пастаўлены пад пагрозу зрыву», — сказаў ён.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?