У Беларусі неабходна прыняць новыя дзяржаўныя сімвалы, створаныя на аснове сінтэзу ранейшай і сучаснай сімволікі. Такое меркаванне выказаў гісторык, кіраўнік кансерватыўнага цэнтра NOMOS Пятро Пятроўскі, выступаючы 14 мая на круглым стале, арганізаваным грамадзянскай кампаніяй «Гавары праўду». 

Паводле яго слоў, гістарычны бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня», якія служылі дзяржаўнай сімволікай у 1991—1995 гадах, і сімвалы сучаснай Беларусі — гэта адметныя сімвалы двух праектаў, якія гісторык называе «Беларусь ліцвінская» і «Беларусь савецкая». 

«У адзін час на грэбні хвалі быў ліцвінскі праект, ён пераважаў; цяпер больш апеляцый да ідэй БССР, — адзначыў Пятроўскі. — Але сёння мы павінны выйсці за парадыгмы «Беларусі ліцвінскай» і «Беларусі савецкай» і, як казаў Гегель, зрабіць сінтэз». 

Кіраўнік цэнтра NOMOS сказаў, што на сёння бел-чырвона-беламу сцягу прысвечана шмат даследаванняў: «Усе ведаюць, што ён з'явіўся ў 1917 годзе, яго распрацоўшчыкам быў Дуж-Душэўскі, гэта факт». «Што да чырвона-зялёнага сцяга, то таксама вядома, хто яго распрацаваў. У ім, дарэчы, таксама ёсць архаічны пласт — арнамент. Цікава, што ў савецкія часы літоўскія і латышскія камуністы зайздросцілі БССР, таму што ў яе быў самы архаічны сцяг», — падкрэсліў гісторык. 

Сучаснай Беларусі, лічыць Пятроўскі, неабходны «праект, які ўз'яднаў бы нацыю», і, адпаведна, сімвалы, якія б спалучалі элементы ранейшых культурных пластоў. У якасці сцяга ён прапануе дзяржаўны сцяг Вялікага Княства Літоўскага, які ўяўляе сабой палатно чырвонага колеру з намаляваным па цэнтры гербам «Пагоня». 

«На мой погляд, трэцяя, новая Беларусь павінна распрацаваць кампрамісны варыянт дзяржаўных сімвалаў, — сказаў гісторык. — Гэта можа быць герб «Пагоня», бо яго прызнаюць у тым ліку і дзейныя ўлады. А сцягам можа стаць сцяг ВКЛ — ён спалучае чырвоны сцяг перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і герб «Пагоня». Такім чынам, сёння ў нас стаіць задача не зацыкліцца на мінулым, а думаць пра будучыню». 

Гісторыя павінна аб'ядноўваць грамадства, а не падзяляць яго, дадаў Пятроўскі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?