Чалавек мусіць мець права быць вольным ад «Еўрабачання». Гэтае права мусіць быць замацаванае ў Канстытуцыі. Калі чалавек не хоча ведаць нічога пра гэты песенны конкурс, ягоную свядомасць мусяць бараніць ад навін пра «Еўрабачанне» якія-небудзь фільтры. Але я гэтым разам — не пра «Еўрабачанне».

Я пра Расію. Якую «Еўрабачанне» дазволіла пабачыць з новага боку.

Апошні год ад прагляду расійскіх тэлеканалаў складалася ўражанне, што гэтая краіна вядзе нейкую вайну. Я б нават сказаў — Вайну. Вайну з ворагам, які іншым не бачны, а тэлегледачам і вядоўцам «Расіі-1» бачны вельмі добра. Я ўсё намагаўся зразумець, дзе гэты вораг і хто ён. Цяпер уцяміў.

Дэпутат Віталь Мілонаў заклікаў расійскі аргкамітэт «Еўрабачання» адмовіцца ад спаборніцтва, бо ў конкурсе бярэ ўдзел «яўны трансвестыт і гермафрадыт Канчыта Вурст». І, такім чынам, расійскі бок сваёй прысутнасцю будзе ўскосна прапагандаваць гомасексуалізм.

З аднаго боку Расія. Прыгожая, блакітнавокая, маскулінная. З Пуціным, Мілонавым, з трыкалорам і георгіеўскай стужкай. З другога боку — ясна хто. Гомасэксуалісты. Барадатыя жанчыны. Духоўнасць супраць распусты. Праваслаўе супраць Канчыты Вурст.

Але я тут і не пра дыхатамію «Расія супраць сусветнага гейства». Хаця яна і дапамагае зазірнуць у душу сярэднестатыстычнага гледача «Расіі-1» і зразумець ягоныя падземныя страхі. Я, як заўсёды, пра культуру. Я праглядзеў гэтае відэа 9 разоў і запускаю зноў і зноў. У гэтым запісе з першага паўфіналу «Еўрабачання», на якім перамаглі сёстры Талмачовы, — усё. Калі ў вас ёсць пытанні па тым, што адбываецца цяпер у брацкай краіне, пільна ўгледзьцеся.

Культуралагічны аналіз тут можна весці па-рознаму: з пункту гледжання семіётыкі ці трэш-антрапалогіі (гэта было б самым цікавым). Упэўнены: пра гэты эфір ужо пішацца кніжка. Я ж хацеў бы спыніцца на двух нюансах.

Першае: як яны выглядаюць

Вядоўца, апрануты ў блакітны пінжак ды клятчасты гальштук, узяты быццам з фільма «Іван Васільевіч мяняе прафесію». Камон! На вуліцы дваццаць першае стагоддзе, а не 1980-я!

Жырыноўскі ў клубным рэперскім пінжаку і салатавай бабачцы — адно з’яўленне на людзях у такім выглядзе назаўсёды зруйнавала б кар’еру любога літоўскага палітыка. А яго акуляры! Кшталту тых, што носяць токары на МАЗе падчас працы на станках, каб абараніць вочы!

Нейкі дзядзька ў скураной куртцы (???) і шаліку (?), прадстаўлены «народным артыстам Расіі», вярзе «Расія вітальна вечная, таму што двое блізнят — гэта ўнікальна». Вока паспявае здзівіцца: у чалавека на вачах адны акуляры, а другія — на ілбе. Прычым тыя, што на ілбе, — чорныя. Пры паўторным праглядзе заўважаеш: чорныя акуляры маскіруюць лысіну. Ікона стылю!

Нейкая барыня, якая апантана басіць: «Нам пастаянна кажуць, наша расійская моладзь не такая, што яна п’е піва і колецца!» Барыня апранутая ў чорную аксамітную (!!!) блузу, па ўскрайку якой ідзе вышыванка з чорнага люрэксу і блёстак! No comment!

«Расія, Украіна, Арменія! Яны ж нашы!» — кажа прыгажуня ў чырвонай сукенцы. Сукенка пакідае ўражанне, што прыгажуня прыбегла на эфір з клубэшніка і не паспела пераапрануцца.

А гэты дзядзька ў белым гольфе, «спявак і па сумяшчальніцтве дэпутат Дзярждумы»? Паўтаруся, ён апрануты ў белы гольф з высокім горлам — прычым не на лёгкія штаны такога ж белага колеру, што яшчэ можна было б неяк зразумець, а на брутальныя блакітныя джынсы. Ён падобны да чалавека, які толькі што выйшаў з лесу. Дзе яго шампур з шашлыкамі?

Вось нейкі мужчына з сур’ёзным тварам, таксама «народны артыст», разважае пра тое, што «70 лет назад была Курская бітва, але яна працягваецца! Куранкі нашыя вунь як спяваюць! Саловушкі нашыя!» Ён апрануты ў чырвоны пінжак на фіялетавую кашулю. Паўтаруся, пінжак — чырвоны.

Некалі Масква была месцам, на якое беларусы глядзелі з прыхаванай павагай: там шмат грошай, там маднявыя стылісты, там фэшн-рынак, там людзі ведаюць, як апранацца. У апошнія гады з’явілася адчуванне, што нешта моцна змянілася. Я не хачу сказаць, што рускія дрэнна апранаюцца. Я хачу сказаць, што тыя рускія, якіх паказваць па федэральных каналах, апранутыя безгустоўна. Найлепшы доказ — Аляксандр Васільеў, які вядзе «Модны прысуд».

Другое: як яны сябе паводзяць

«Сёстры Талмачовы — гэта сонца, якое ўзышло над Капенгагенам! Яно асвятліла ўсю нашу студыю! Усю Расію! Дзякуй вам!» — вядоўца малітоўна складае далоні на грудзях, быццам звяртаецца не да пераможцаў паўфіналу не самага вялікага музычнага конкурсу на Зямлі, а да Бога. Ці да ветэранаў.

Першыя дзве хвіліны прагляду не можаш пазбавіцца ад адчування, што гэта нейкі вельмі дарагі арт-праект у жанры mockumentary, пастаноўка ці нават камп’ютарная анімацыя. Таму што ў жыцці не можа быць так, як у раманах Сарокіна.

Вядоўца прызнаецца, што ў яго «слёзы наварочваліся на вочы». Адкуль такая экзальтацыя? Навошта трагізм? Якія «слёзы» на «Еўрабачанні»? Але потым успамінаеш пра вайну (пра Вайну!) і ўсё разумееш.

Паўтаруся, з гэтага відэа можна зразумець усё — новую замежнапалітычную дактрыну Крамля і нават новую рускую ідэю. «Шакаладны заяц» П’ер Нарцыс на ламанай рускай мове пачынае пагражаць Захаду («Какая страна! Сільная, могучая! І я верю! Россія будет на коленях! Я імею в віду, Амеріка будет на коленях! Россіі!») Мужчына побач з П’ерам падхоплівае гэтую тэзу спрадвечным расійскім выклікам «Йес!» У зале пануе атмасфера братэрскай любові і яднання. Гэта такое новае «сяброўства народаў» — калі камерунец абражае Амерыку, але яму не хапае мовы, і ён абражае і Расію, але ніхто не крыўдзіцца, бо ён жа абражае Амерыку.

А гэты эпізод з дамай у какошніку, якая перахоплівае ініцыятыву і пачынае хадзіць па зале і вяшчаць пра «вось гэтую Рррусь!» Яе спрабуюць спыніць, але гэта немагчыма — спыніць даму ў какошніку. «Мы бы хацелі даведацца, якія ўсё-такі палітычныя погляды ў Машы і ў Насці», — цікавіцца Жырыноўскі. Вышэйзгаданы чалавек у белым гольфе спявае «Этат дзень пабеды», і зала ўстае. Нягледзячы на белы гольф. Прадстаўніца бацькоўскага камітэта вырывае ў вядоўцы мікрафон, а той яго не аддае. А яна ўсё роўна вырывае!

«Нашы дзевачкі прынеслі ў Еўропу цнатлівасць, на якую там забыліся… Яны заразяць Еўропу цнатлівасцю, чысцінёй і духоўнасцю», — прарочыць нехта.

«Слёзы наварочваліся на вочы ад таго святла, якое яны выпраменьвалі, — б’ецца ў істэрыцы вядоўца — І вось таму столькі святла ў іх на сцэне, што столькі святла ў іх у душах».

Святло струменіцца па-над бярозкамі, вецер разносіць споры святла Талмачовых па Еўропе. Светлавое зерне прарасце і заззяе цнатлівасцю і духоўнасцю на ўвесь кантынент. Бабы ў какошніках водзяць карагод, спявае «Этат дзень пабеды» чалавек у белым гольфе, артыст і дэпутат. Хутка так будзе паўсюль. Не верыце — спытайцеся ў стыліста, які кансультуе Жырыноўскага.

І хай трыумфатаркай «Еўрабачання» называюць Канчыту Вурст, святло, цнатлівасць і духоўнасць ужо перамаглі. У адной асобна ўзятай краіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?