У Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры ўвасобілі п’есу Уга Бэці. Паглядзеўшы якую, прыходзіш да высновы, што для панавання над людзьмі не патрэбна ні харызма, ні індывідуальнасць.

На пустынным востраве адзінока жывуць тры жанчыны: удава прафесара Агата (Наталля Анішчанка), яе дачка Сільвія (Таццяна Гарачкіна) і Піа (Таццяна Новік), залвіца ўдавы. Іх размеранае існаванне парушаецца са з’яўленнем Анджэла (Яўген Іўковіч). Ён прыходзіць, каб перадаць Агаце колькі слоў ад памерлага мужа. А потым застаецца на сталае жыхарства. Пачынае маніпуляваць трыма жанчынамі і шукаць асалоду ад стасункаў з кожнай.

Гэта завязка п’есы «Казіны востраў», якую напісаў Уга Бэці. Адзін з выбітных італьянскіх драматургаў ХХ стагоддзя, ён амаль не перакладаўся на рускую мову (не кажучы ўжо пра беларускую).

Адно з выключэнняў — твор «Казіны востраў», які зведаў некалькі пастановак у Расіі. Адну з іх у 2012 годзе ажыццявіў у Ніжагародскім тэатры драмы рэжысёр Іскандэр Сакаеў. Таму паставіць у Мінску п’есу Бэці кіраўніцтва Маладзёжнага тэатра запрасіла менавіта яго.

Сакаеў сцвярджае, што ў новай версіі расстаўляе акцэнты зусім іначай. Давядзецца верыць яму на слова. Хоць невялікі фрагмент відэа, знойдзены ў інтэрнэце, сведчыць пра пэўнае падабенства касцюмаў, элементаў сцэнаграфіі і вырашэння некаторых мізансцэн, а ўбачаныя фотаздымкі — пра агульнасць тыпажоў гераінь у Ніжнім і ў Мінску.

Зрэшты, цікавасць да новай пастаноўкі Маладзёжнага тлумачыцца не толькі п’есай, але і сітуацыяй, у якой знаходзіцца калектыў. Апошні час для яго вельмі цяжкі.

Вось ужо пяць гадоў, з красавіка 2009-га, асноўная сцэна знаходзіцца на рамонце. Таму спектаклі адбываюцца на іншых пляцоўках (напрыклад, пастаноўка, пра якую гаворка, ішла на сцэне Палаца культуры імя Шарко на вуліцы Уральская). Апошнім часам у Маладзёжным няма мастацкага кіраўніка (Віталь Катавіцкі летась у другі раз узначаліў калектыў, але нядоўга затрымаўся на пасадзе). Таму не дзіўна, што апошнія спектаклі тэатра цяжка назваць мастацкімі падзеямі. 

Улічваючы такі стан рэчаў, было б не карэктна чакаць ад новай пастаноўкі Маладзёжнага шэдэўра. Але «Казіны востраў» мог або паглыбіць крызіс, або стаць першым крокам для выхаду з яго. На маю думку, у выніку атрымаўся прамежкавы варыянт.

У адрозненні ад папярэдніх пастановак, «Казіны востраў» мае ўсе шансы, каб карыстацца глядацкай увагай.

Дынамізм, знешняя эфектнасць, высокі градус эмоцый, які дэманструюць акцёры, заўсёды патрэбныя аўдыторыі. Яшчэ адзін аргумент датычыць актуальнасці спектакля. Сітуацыя, калі адзін мужчына жыве адразу з некалькімі жанчынамі, — не такая рэдкая з’ява ў наш час. Дарэчы, свой твор Уга Бэці напісаў у 1946-м, калі пра будучую сэксуальную рэвалюцыю яшчэ ніхто не здагадваўся. Такім чынам, пры належнай рэкламе і раскрутцы наведвальнасць «Вострава коз» забяспечана.

Крыху складаней гледачам, якія прыйшлі ў Маладзёжны не толькі адпачыць, але і каб атрымаць асалоду ад акцёрскай ігры.

Апошнія гады трупа амаль не мела вопыту супрацоўніцтва з сур’ёзнымі рэжысёрамі, а таму знаходзіцца не ў лепшай форме. У выніку ў «Казіным востраве» цяжка казаць пра стварэнне сур’ёзных вобразаў. Пэўным выключэннем з’яўляецца Агата, у характары якой дамінуе праставатасць. Такая рыса абгрунтаваная, бо частка жыцця ў гераіні Наталлі Анішчанкі прайшла ў глыбокай правінцыі. Характару Агаты ўласцівы і ўнутраны холад — сыход мужа ператварыў яе ў каменную статую.

На жаль, тая ж праставатасць уласціва і астатнім гераіням. Але калі ў Сільвіі такую рысу характару яшчэ можна патлумачыць маладосцю, дык Піа, нават знешне, здаецца ледзь не яе сястрой (хоць мусіць быць старэйшай, бо з’яўляецца цёткай дзяўчыны). Да таго ж з аблічча і паводзін гераінь ніяк не вынікае, што першая вучыцца ва ўніверсітэце, а другая колькі часу жыла ў Вене. Паміж трыма жанчынамі цяжка знайсці прынцыповыя адрозненні. Але ў такім выпадку не заўсёды ўзнікае матыў суперніцтва, а эмоцыі, што часам літаральна выліваюцца праз край, выглядаюць не заўжды абгрунтаваныя. Бо напал спектакля зводзіцца да высвятлення момантаў асабістага жыцця і пакідае па-за ўвагай іншыя, куды больш глыбокія праблемы, якія ўзнікаюць на старонках п’есы.

Але, як ні дзіўна, такія акалічнасці ўскосна ідуць на карысць агульнай задуме. Прычына — вобраз героя. Характар Анджэла ўяўляе сабой дзіўную сумесь рыс блатнога, злодзея і блазна. У некаторых эпізодах яго крыўлянні (часам пераканаўчыя, часам не) нагадваюць паводзіны… горнага казла. Тут варта нагадаць, што агульнае дзеянне часам перапыняецца ўстаўнымі эпізодамі. У іх дзейнічаюць Духі Вострава, чые касцюмы нагадваюць скуру коз. Яны з’яўляюцца падчас або пасля інтымных сцэн, паўтараючы рухі герояў. Са з’яўленнем Анджэла ў трох гераінях пачынаюць дамінаваць інстынкты і жывёльны пачатак. «Мы, усе тры; маленькі такі статак», — кажа Сільвія.

Паглядзеўшы «Востраў коз», прыходзіш да высновы, што для панавання над людзьмі не патрэбна ні харызма, ні індывідуальнасць.

Яны заўжды гатовыя падпарадкавацца. Для чалавека, які імкнецца кіраваць і маніпуляваць іншымі, галоўнае — апынуцца ў патрэбным месцы ў патрэбны час.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?