У суботу ў Архікатэдральным саборы Найсьвяцейшай Панны Марыі, а 11‑й раніцы адбудзецца афіцыйнае ўступленьне на пасаду мітрапаліта Менска‑Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча.

На ўрачыстасьці будуць прысутнічаць сьвятары ўсіх дыяцэзій, усе беларускія біскупы. Прыедуць афіцыйныя госьці з Ватыкану, Расеі, Літвы, Украіны, Румыніі. Напярэдадні гэтай падзей мітрапаліт правёў прэс‑канфэрэнцыю, падкрэсьліўшы, што заўсёды меў добрыя дачыненьні з СМІ і зьбіраецца часьцей ладзіць сустрэчы з журналістамі. Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў, што вярнуўся ў Беларусь зь вялікай радасьцю. Ён згадаў той час, калі быў біскупам у Беларусі з 1989 па 1991 г. За гэты пэрыяд у краіне адкрылі 97 касьцёлаў, духоўную сэмінарыю ў Горадні, выдалі Катэхізіс па‑беларуску.

На пытаньне, ці няма ідэі адкрыцьця на базе менскага касьцёлу Сьвятога Язэпа духоўнай сэмінарыі, Тадэвуш Кандрусевіч адразу сказаў, што не валодае поўнай інфармацыяй пра сытуацыю з храмам, таму ня будзе камэнтаваць.

На думку мітрапаліта, і ў гарадзенскай і ў пінскай сэмінарыях набіраюць недастатковую колькасьць слухачоў: «...Недастаткова людзей адчуваюць сьвятарскае і манаскае пакліканьне. (...) Што да Менску, то тут духоўная навучальная ўстанова папросту неабходная. Хай гэта будзе каледж, ці тэалягічны факультэт, але рабіць гэта абавязкова. Таксама трэба адчыніць у сталіцы хрысьціянскае выдавецтва», — сказаў ён.

Выказаўся мітрапаліт Кандрусевіч і наконт канкардату афіцыйнага Менску з Ватыканам, зазначыўшы, што такое пагадненьне толькі ўмацуе пазыцыі Каталіцкай Царквы ў Беларусі.

«З усіх постсавецкіх дзяржаў толькі Літва мае канкардат з Ватыканам, але такія пагадненьні ёсьць у Польшчы, Нямеччыны і іншых эўрапейскіх краін. Гэта будзе істотны крок наперад. Наколькі я ведаю ёсьць яшчэ шмат ня ўзгодненых пытаньняў, якія трэба тэрмінова вырашаць. Разам з тым, я спадзяюся, што канкардат усё ж будзе заключаны».

Пра візыт Папы ў Менск Кандрусевіч сказаў наступнае: «Прыедзе тады, калі гэтага захоча Бог. Цяпер жа мы можам толькі маліцца за гэта». Арцыбіскуп Менска‑Магілёўскі перакананы, што для Касьцёлу сёньня важна мець добрыя стасункі з дзяржавай і Праваслаўнай Царквой.

«Касьцёл мусіць актыўна супрацоўнічаць з дзяржавай, але нягледзячы на гэта ён павінен актыўна гаварыць і абараняць правы вернікаў. Мы можам разам з уладамі змагацца з такімі зьявамі, як суіцыды, наркаманія, алкагалізм. Я вельмі ўзрадаваўся магчымасьці сустрэчы з прэзыдэнтам Беларусі падчас нядаўняй канфэрэнцыі «Хрысьціянства і іслам», якую арганізоўваў мітрапаліт Філарэт. Я ўзгадваў, як аднойчы ў Маскве мяне прадставілі Лукашэнку, тады ён запытаўся, калі ты вернесься да нас? Я ня ведаў, што адказаць, а цяпер вось вярнуўся. Я вельмі даўно знаёмы з уладыкам Філарэтам. Вельмі моцна паважаю гэтага чалавека. Мне хочацца працаваць разам зь ім і ўсёй праваслаўнай Царквой, бо мы змагаемся супраць адных і тых жа выклікаў сучаснасьці — сэкулярызму і маральнага рэлятывізму. Нам трэба быць разам, шукаць адзіную мову. Між намі ёсьць перашкоды і перагародкі, але яны не дасягаюць неба, таму іх можна пераадолець. Можа мала хто з вас заўважыў, што я прыйшоў на сёньняшнюю прэс‑канфэрэнцыю з крыжам, які мне нядаўна падарыў мітрапаліт РПЦ Кірыла. Мне ён вельмі падабаецца. Еднасьць усіх хрысьціян сёньня надзвычай важная, бо адкрыта стаіць пытаньне, ці быць хрысьціянству ўвогуле. Усе актыўней падымаюць галаву нэапаганцы», — сказаў Тадэвуш Кандрусевіч.

Таксама мітрапаліт паведаміў, што Касьцёл зьбіраецца працягваць будаваць храмы па краіне. Ён лічыць, што найлепш будаваць невялікія касьцёлы, капліцы. Галоўнае, каб на іх пабудову хапала грошай. З новага арцыбіскуп паабяцаў больш актыўна ладзіць пілігрымкі для вернікаў у сьвятыя мясьціны, а таксама зрабіць тэлемост між Менскам і Ватыканам.

Зьміцер Панкавец

Здымкі Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0