Уладзімер Колас, старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі:
«Трэба працаваць над выніковасьцю»

Можа, яшчэ ня позна піць баржом, але гэтае пытаньне трэба было задаваць значна раней. БНФ — гэта ўвасабленьне нашай апазыцыі. Трэба працаваць над выніковасьцю сваіх дзеяньняў. І адмаўляцца ад заганнай традыцыі сьпісваць усе свае паразы й недахопы на рэжым. Пра гэта я казаў даўно. Гэта было прычынай майго выхаду з БНФ, на вялікі жаль. Але гэтая праблема застаецца. Занадта мы разьняволіліся ў сытуацыі, калі што ні рабі — ўсё роўна ты будзеш добры, таму што ты дэмакрат і размаўляеш па‑беларуску. А калі нешта не атрымалася, дык не з‑за таго, што ты недапрацаваў, не валодаеш пэўнымі якасьцямі, а таму, што не далі, не дазволілі і гэтак далей. Па‑другое, патрэбна ратацыя, трэба рыхтаваць зьмену, трэба «абрастаць» людзьмі, а не адштурхоўваць іх ад сябе сваёй неталерантнасьцю і нецярпімасьцю. Хаця, зь іншага боку, канечне, я аддаю належнае цяперашнім лідэрам. З боку крытыкаваць заўжды лягчэй.

Васіль, прадпрымальнік:
«Трэба мець, што сказаць народу»

Трэба пачынаць з іміджу. Нешта пазытыўнае трэба несьці народу. Паболей глямуру, як цяпер кажуць. Калі б я ведаў, што сказаць народу, я б даўно быў у лідэрах БНФ. І той, хто прыдумае адказ на гэта пытаньне, той будзе самым галоўным у Беларусі. А пакуль нашаму Народнаму Фронту не хапае тылу.

Уладзімер Крукоўскі, мастак:
«Няма спосабу ажывіць былыя структуры»

На сёньняшні дзень няма ніякага спосабу, на маю думку, ажывіць былыя структуры. Гэта нерэальна. На жаль, гэта не залежыць ад унутраных фактараў ці ад волі кіраўніцтва. Гэта залежыць ад шматлікіх зьнешніх фактараў. Такіх, як павышэньне цэнаў на энэрганосьбіты, неўраджай, татальны збой у міжнародных адносінах. Маса прычынаў, якія могуць зварухнуць грамадзтва, выклікаць у яго адпаведную рэакцыю, але ўсе ўплывовыя фактары знаходзяцца па‑за межамі Беларусі. І яны непадкантрольныя кіраўніцтву БНФ.

Васіліна, настаўніца:
«Трэба навучыцца марыць»

Трэба навучыцца марыць. Абстрагавацца ад рэальнасьці. Каб уявіць сабе, якую краіну хацелася б бачыць. Усе жывуць толькі тым, што было і што ёсьць. Таму зь нічога і не атрымліваецца нічога.

Уладзімер Мацкевіч, палітоляг:
«Стрэсьці мох старых уяўленьняў»

Па‑першае, ніводная арганізацыя ня вартая таго, каб існаваць толькі дзеля існаваньня. Калі арганізацыя не выконвае свайго прызначэньня, сваіх функцыяў, яе трэба закрываць. Час франтоў даўно сышоў. У некаторых краінах яны выканалі свае мэты — напрыклад, у краінах Балтыі. У Беларусі Народны Фронт ня выканаў сваёй функцыі. Але час яго прайшоў, і ён павінен, лічу, быць распушчаны. На сёньняшні дзень БНФ вядзе гульню на паніжэньне. Усё, што яны робяць, год ад году робяць усё горш, усё меней, усё больш прымітыўна. Таму альбо мы пачынаем дыскусію наконт таго, на якім этапе разьвіцьця мы знаходзімся і паўстае ідэя нейкай новай лучнасьці, новага аб’яднаньня людзей, неабыякавых да лёсу краіны, і тады пачынаецца новы этап. Альбо мы мацуем рознымі мыліцамі старыя структуры, якія ўжо ні на што непрыдатныя. На сёньняшні дзень большасьць апазыцыйных структураў Беларусі менавіта такія. Яны ўжо неадпаведныя тым умовам, якія стварыліся ў Эўропе. Першае, што трэба зрабіць лідэру БНФ — гэта пайсьці і параіцца з тымі людзьмі, якія сёньня адчуваюць сучаснасьць. Ня хочаце са мной размаўляць — давайце пашукаем кагосьці яшчэ, тых, да каго прыслухоўваюцца. Так, як у свой час прыслухоўваліся да Алеся Адамовіча.

Зьміцер, настаўнік:
«Пара перайменаваць арганізацыю»

Даўно пара перайменаваць арганізацыю. Хай назва БНФ застаецца ў Пазьняка і кампаніі. Назва павінна быць яркай, запамінальнай і пазытыўнай. І абавязкова запрасіць у раду гэтай арганізацыі людзей, чый аўтарытэт не выклікае ў шырокіх масах сумневу. Арлова, Бураўкіна, Вайтовіча… Нешта з гэтага павінна атрымацца.

Аляксандар Класкоўкі, журналіст:
«Болей крэатыву і нестандартнасьці»

Сёньня, і гэта тычыцца ня толькі БНФ, важна быць ня столькі партыйным лідэрам, колькі лідэрам увогуле. Патэнцыйна гэта мусіць быць нацыянальны лідэр. Што тычыцца партыі БНФ, сёньня, як ні парадаксальна, тут, мусіць, варта кіравацца тэзай афіцыйнага лідэра краіны: «ісьці ад жыцьця». То бок, разумець, што галоўнае не ў адпаведнасьці нейкіх пастулятаў партыйным тэзам, але галоўная задача — зьмена палітычнай сытуацыі. Болей крэатыву, болей нестандартнасьці, меней шаблоннасьці.

Валянцін Акудовіч, філёзаф:
«Прапанаваў бы радыкальную ракіроўку»

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў я зразумеў адну рэч. У Беларусі толькі нацыянал‑дэмакраты маюць і рэальную ідэалёгію, і рэальны, сыстэмны электарат. Менавіта нацыянал‑дэмакраты трымалі ўсе гэтыя гады супраціў і адстойвалі самымі рознымі спосабамі свае каштоўнасьці. На плошчы я адчуў, што, здаецца, насьпеў час нацыянал‑дэмакратам зрабіць другую спробу заняць пануючае месца ў супраціве. Калі б я быў лідэрам БНФ, прапанаваў бы зрабіць унутры самога руху радыкальную ракіроўку. Я б прапанаваў нацыянальна‑дэмакратычны рух перарабіць у дэмакратычна‑нацыянальны. Гэта значыць, наперад высунуць дэмакратычныя каштоўнасьці, а на другім пляне пакінуць нацыянальныя. Сёньня з нацыянальнай ідэалёгіяй немагчыма прыйсьці да ўлады. А калі нацыянал‑дэмакратычную формулу памяняць і гэткім чынам вярнуцца на пачатак 90‑х гадоў, калі БНФ аб’ядноўваў усіх дэмакратычна заангажаваных грамадзянаў Беларусі… Тады, магчыма, зьявіліся б пэрспэктывы стаць галоўнай палітычнай сілай краіны. Затым я сабраў бы сойм і паспрабаваў бы пераканаць сябраў БНФ наконт неабходнасьці квоты, каб лідэрам можна было быць ня больш за два тэрміны запар. Заняпад БНФ зьвязаны ня зь лідэрамі. Але, разам з тым, пад’ём руху немагчымы са старымі лідэрамі. І я запрапанаваў бы запрасіць у сябры БНФ Мілінкевіча, каб ён высунуў сваю кандыдатуру ў лідэры фронту. Мілінкевіч для дэмакратычна‑нацыянальнага руху асоба найбольш адэкватная. І затым, сыходзячы, я паспрабаваў бы пераканаць сяброў руху, што галоўнай задачай руху павінна стаць сыстэмная праца над эўраінтэграцыяй. Эўраінтэграцыя — той нераскрыты момант, на якім можна будаваць новую палітыку.

Газэта Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0