Пачатак слухання крымінальнай справы ў дачыненні да былога першага намесніка начальніка галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта — начальніка ўпраўлення па каардынацыі ідэалагічнай працы Уладзіміра Холада ў калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага суда Беларусі намечана на 19 лістапада. Пра гэта БелаПАН паведаміла прэс‑сакратар ВС Анастасія Цымановіч.

Судовы разбор будзе праходзіць у закрытым рэжыме.

Расследаванне крымінальнай справы праводзілася ў Галоўным упраўленні папярэдняга расследавання МУС. У Вярхоўны суд яно было адпраўлена 25 верасня.

Нагадаем, былому буйному чыноўніку Адміністрацыі прэзідэнта ставіцца ў віну падбухторванне да дачы хабару ў буйным памеры, замах на завалоданне маёмасцю шляхам махлярства ў асабліва буйным памеры і махлярства, учыненае паўторна, у асабліва буйным памеры.

У.Холада затрымалі супрацоўнікі міліцыі 30 чэрвеня 2007 года. 9 ліпеня яму было прад’яўлена абвінавачанне.

Указам прэзідэнта 16 ліпеня Уладзімір Холад быў вызвалены ад пасады члена Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, на якой знаходзіўся з 26 снежня 2006 года.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0