Прэзыдэнт Барыс Ельцын адмежаваўся ад кастрычніцкае рэвалюцыі, а яе гадавіну, 7 лістапада, пераназваў у Дзень народнага адзінства. Прэзыдэнт Уладзімер Пуцін адмежаваўся ад эпохі Ельцына, — ўжо цягам двух гадоў расейцаў афіцыйна мусіць яднаць дата 4 лістапада, якая ўвекавечвае паразу польскае інтэрвэнцыі ў 1612 годзе. Каб павароты палітыкі былі зразумелымі нават дзіцяці, Крэмль замовіў мастацкі маніфэст новае Расеі — супэрпрадукт «1612», прызначаны для прагляду ад 12‑гадовага веку.

Выканаць замову Крамлю ўзялася студыя «Тры Т» Мікіты Міхалкова. Аднак ляўрэат Оскару, заняты ўласнымі праектамі, застаўся ў ролі прадусара. Рэжысуру даручыў свайму сябру Ўладзімеру Хаціненку («Мусульманін», «Пагібель імпэрыі»). Здымкі карціны паводле сцэнару Арыфа Аліева («Каўкаскі палонны», «Мангол») былі ажыцьцёўленыя за 100 дзён у Маскве, Выбаргу, Празе, Рыме і Беларусі. На прэс‑канфэрэнцыі рэжысэр ацаніў бюджэт фільму прыблізна на 12 млн даляраў. І пашкадаваў: «Пры Сталіну нам далі б болей».

Колькі каштаваў фільм напраўду — невядома, ніхто з «Тры Т» не прызнаецца. Адзіна дакладна вядомую суму — каля 4 млн даляраў — склала ахвяраваньне прыватнага спонсара, алігарха Віктара Вексельберга (ён у сваім часе выкупіў для Расеі шэдэўр ювэлірнага мастацтва Фабэржэ, велікоднае яйка царскае сям’і).

Фільм ствараўся ў атмасфэры сапраўднае дзяржаўнае таямніцы. Шэптам гаварылася пра яго антыпольскі характар, тым больш, што антыпатыя да Польшчы сталася ідэалягічным падмуркам імпэрыі Пуціна.

Першы паказ у маскоўскім кінатэатры «Октябрь» разьвеяў боязь ксэнафобскіх ухілаў. Хаціненка зьняў прыгодніцкі фільм з выразным павучальным пасланьнем: разлад руйнуе, згода і праваслаўная вера будуюць айчыну.

Палову 140‑хвіліннага фільму займаюць двубоі і бойкі, штурм крэпасьці і сутыкненьні войскаў. Але ад пачатку XVII ст. на Расею нападалі швэды, германцы, а палякі нават аблажылі Крэмль — было з кім і за што ваяваць. Дзея адбываецца па сьмерці Барыса Гадунова (1605 г.), трон займае чарговы самазванец, пасаджаны польскімі магнатамі і часткаю баяраў. Пошум крылаў гусарскага войска ў першай сцэне, надпісы тлумачаць тое, што ня ў стане паказаць камэра : «Прайшлі яшчэ чатыры гады, Русь усё ня мае цэнтралізаванае ўлады».

Дзея фільму сканчаецца напярэдадні выбараў Міхаіла Раманава царом (1613 г.). Гістарычныя асобы, плоскія, бы плякаты, дзеюць на другім пляне: Ілжэдзьмітры ладзіць масьленічныя гуляньні, князь Пажарскі навучае патрыятызму. У цэнтры знаходзіцца гісторыя каханьня сына царскага цесьлі Андрэйкі (Пётар Кіслаў) да дачкі Гадунова Ксені (Віялета Давыдоўская). Гісторыя рамантычная, заснаваная на некалькіх вядомых расейскіх мітах. Андрэйка з бурлакамі цягне карабель, ствараючы кінаўвасабленьне карціны Рэпіна «Бурлакі на Волзе». Годная й самотная Ксеня нагадвае Алёнушку з палатна Васьняцова.

Фабула насычаная цытатамі з гісторыі. Старац‑стоўпнік нібыта жыўцом выйшаў з жыцій праваслаўных сьвятых, абарванцы народнага апалчэньня спалучаюць спрыт Івана‑дурня з адвагаю чырвонага камандзіра Чапаева. Карацей, расейцам нагадваюць іхныя улюбёныя архетыпы.

Над станам польскіх рубакаў лунае польская мова далёка ня Рэя і Каханоўскага: «Kurwa, kurwa, kurwa mac'!». Рэжысэр тлумачыць тое прынцыпам: расейцы таксама не гавораць па‑стараславянску (мату, аднак, з экрану не чуваць).

Галоўнага адмоўнага персанажа — паляка, амбітнага гетмана, які марыць пра расейскі трон, зграў Міхал Жаброўскі. Гофманаўскі сымбаль польскага рыцарства ўжо ў першай сцэне забівае маці Андрэйкі. У наступнай ратуе Ксеню, дачку Гадунова. Хоча схіліць прыгажуню да прыняцьця каталіцтва і, стаўшы яе законным мужам, правіць ад Смаленску да Ўралу.

«Парэкамэндаваў Жаброўскага Хаціненку я, тлумачачы, што калі ўжо паляк мусіць быць ліхім, дык няхай будзе, прынамсі, пекным», — Кшыштаф Занусі, знаходзячыся ў Маскве, трапіў на прэм’еру калегі й высока ацаніў гульню Жаброўскага. — «У ягонай інтэрпрэтацыі прыдуманы адмоўны характар вырастае да трагічнае постаці. Адчуваецца, што ён імкнецца да нечага большага, чымся ўлада. Кахае жанчыну, якой ніколі не даб’ецца».

Найстрашнейшы вораг Расеі не бярэ, аднак, у рукі ані шаблі, ані нажа, толькі высылае місіянэра‑езуіта. І хаця рэжысэр ганарыцца, што ролю рымскага кардынала згадзіўся зграць Габрыэль Фэрцэці, легендарны актор Антаніёні, у сцэнах зь ягоным удзелам, бадай, не паклапаціліся пра вонкавую паліткарэктнасьць — Рым гэта зло.

Сваіх у фільме таксама не шкадавалі. Сьмельчаку, які зласьліва камэнтуе дзеяньні ўлады, вартавыя адразаюць язык. У сцэне лупцоўкі Андрэйкі прымаюцца заклады, ці перажыве ён экзэкуцыю.

Расея ў фільме дзікая, абыякавая, здрадлівая. Толькі князь Пажарскі здольны пераканаць суайчыньнікаў, што айчына ў небясьпецы. Ізноў жа — без улады, якая навучыць, як жыць, ані руш!

Але навучаны расеец робіцца непераможным. Зробіць гармату з скуры і пацэліць зь яе проста ў парахоўню непрыяцеля. Расейскі спрыт адолее замежную тэхніку.

Фільму гарантаваныя добрыя касавыя зборы. Моцным бокам баевіка сталі таксама дасьціпныя дыялёгі i зоркі, што граюць ролі другога пляну. Aляксандар Балуеў i Даніла Сьпівакоўскі спалучаюць рафінаваную жорсткасьць з шальмоўскім агеньчыкам, Дастаеўскага з Ільфам і Пятровым.

Расейская прэса прыняла фільм з іроніяй. Высьмеяла палітычную замову, намаляваны вобраз улады. Кпяць з сымбалю Расеі — белага аднарога, а матывы фэнтэзі называюць «фасфарэсцыруючым анахранізмам».

***

Ад перакладчыка. Фільм Хаціненкі ўяўляе сабой жывы кантраст зь фільмам Анджэя Вайды «Катынь», прэм’ера якога адбылася ў Польшчы ў мінулым месяцы. Там няма палітычнае замовы, затое ёсьць станоўчыя героі расейцы, што ратуюць героя стужкі. Спроба прымірэньня, працягнутая рука — і спэцыфічны адказ з Масквы. Характэрна, што «1612» дэманструецца ў Менску сынхронна з Масквой, а вось «Катынь», фільм нашмат больш гуманістычны, здаецца, ня мае шанцаў трапіць у беларускі пракат.

Пераклалі Марына Салавей і Буг паводле gazeta.pl

1612: Хронікі Смутнага часу

poster 1612: Хронікі Смутнага часу (1612: Хроники Смутного времени)
Расея, 2007, каляровы, 175 хв.
Рэжысэр: Уладзімер Хаціненка
Ролі выконваюць: Пётр Кіслоў, Віялета Давыдоўская, Артур Смальянінаў, Міхаіл Парэчанкаў, Марат Башараў, Габрыэль Фэрцэты, Аляксандар Балуеў, Валер Залатухін
Жанр: Гісторыка-фантазійныя прыгоды паводле сцэнару й кнігі Арыфа Аліева
Адзнака: 3,5 (з 10)

Хлопчык‑халоп Андрэй закахаўся ў царэўну Ксеню Гадунову. У часы бязладзьдзя ён выдае сябе за гішпанскага ідальга, ратуе Ксеню і краіну ад «польска‑літоўскіх» акупантаў — і ледзьве ня робіцца царом…

Суседзі спэцыяльна выпусьцілі карціну да 4 лістапада, калі ў Расеі сьвяткуюць правал першае спробы інтэграцыі. Стужка вельмі пасуе да расейскіх выбараў, бо падкрэсьлівае: усе нягоды ў краіне ад таго, што «цара няма».

Стужка мусіла ствараць новы расейскі міт, каб апраўдаць канфрантацыю Расеі з Захадам — і «растлумачыць сэнс новага сьвята». «1612» сьведчыць пра адсутнасьць расейскай міталёгіі — і адсутнасьць для яе грунту.

Замест пагрозьлівага эпасу «пра рускі народ і дрэнных інтэрвэнтаў» (большую частку якіх складалі ліцьвіны) — прышчавыя падлеткавыя фантазіі на ўзроўні 20‑й сэрыі 30‑га«Ваўкадава». «1612» крадзе маёмасьць у «Хронік Нарніі», «Царства Нябёснага», «Піратаў Карыбскага мора» — але не ў каня корм.

У кадры дакучліва швэндаецца аднарог, мёртвы гішпанец дае ўрокі, а бялявы старац (Валер Залатухін) — прарочыць ксяндзу‑акупанту кепскую будучыню (калі ён не адпусьціць барады й не начэпіць на пуза вялізны крыж).

Стужка спрабуе пагуляць у авантуру (як здараецца ў пачэсных прыгодніцкіх фільмах) — але ўвесь час зьбіваецца на тандэтны дзяржаўніцкі патас, якому сама ня верыць. Уладалюбны рымскі Папа, мудры рускі народ (у асобе прамоўцаў з натоўпу), герой — «бурлак на Волзе», татарын‑патрыёт… Ані характараў, ані разьвіцьця — суцэльныя ідэалягічныя клішэ скарагаворкай, вартыя тэленавінаў і Крамлёўскага палацу. Нат няшчасны аднарог — як падкрэсьлівае сайт стужкі — геральдычны знак маскоўскіх уладароў.

З намёкаў на гісторыю — гусары з крыламі (якіх называюць выключна ляхамі), гарматы, забытыя строі — але шматпакутная «Насьця Слуцкая» — на тле карціны «1612» выглядае вяршыняю рэалізму.

Неблагі рэжысэр Хаціненка, аўтар «Макарава» і «Люстэрка для героя», які згадзіўся на заказную халтуру, у фільме адсутнічае. Затое ёсьць патрыятычная студыя «Тры Т» Мікіты Міхалкова. «1612» — гэта студыйны «Стацкі дарадца» для маладзёвай расейскай аўдыторыі. Глямурна‑рэклямны, мёртвы й эклектычны.

Фільм употайкі здымаўся ў Беларусі. У масоўках удзельнічалі беларускія месьцічы. Праз трыста гадоў яны адпомсьцілі за сваіх выгнаных з Масквы продкаў, зьняўшыся ў «патрыятычнай» расейскай карціне — настолькі нуднай і нікчэмнай, што глядзець яе немагчыма.

Андрэй Расінскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0