Масква працягвае гуляць з Захадам у вайсковыя страшылкі. Дума аднагалосна ўхваліла прыпыненьне ўдзелу Расеі ў дамове аб звычайных узбраеньнях у Эўропе. Мараторый на абавязкі Масквы ў гэтай дамове пачне дзейнічаць з 12 сьнежня. Ці ўцягнуць у гэтыя гулі Беларусь?

Сёньняшнія "Известия" пішуць, што "ніякіх рэзкіх рухаў з боку Масквы чакаць не выпадае. Мы толькі разьвязалі сабе рукі. Зараз Расея можа вольна перагрупоўваць свае Ўзброеныя сілы ў кантэксьце пагрозаў бясьпецы. Найперш гэта стварэньне элемэнтаў Нацыянальнай сыстэмы супрацьракетнай абароны ЗША ў Польшчы і Чэхіі. Найхутчэй, каб іх парыраваць, Масква разгорне апэратыўна-тактычныя комплексы "Іскандэр-М" у Калінінградзскай вобласьці і Беларусі".

Заўважце: пра Беларусь кажуць так, нібыта гэта іхні рэгіён.

Між тым Менск ужо даў зразумець, што, насуперак звыкламу патасу, пад танкі (вобраз умоўны) "за так" класьціся не зьбіраецца. Аляксандар Лукашэнка на прэсавай канфэрэнцыі для расейскіх журналістаў, у прыватнасьці, раскрыў таямніцу, чаму дасюль не падпісаная дамова пра аб'яднаную сыстэму супрацьпаветранай абароны. Маўляў, мы далі расейцам зразумець, што гэта грошай каштуе. Так што хаўрусьніцтва цалкам меркантыльнае.

Мала хто заўважыў, што расейскі амбасадар Сурыкаў на нядаўняй прэсавай канфэрэнцыі з гэтае нагоды выказаў кепска прыхаваную крыўду. Пачытайце вось тут.

І яшчэ: у цені засталася фраза таго ж Сурыкава пра імаверную сустрэчу Пуціна з Лукашэнкам у сьнежні. Здавалася б, нашто гаспадару Крамля ў фазе "кульгавай качкі" прызначаць рандэву з калегам, да якога, мяркуючы па многіх сымптомах, ставіцца, скажам так, ня надта цёпла?

Гэтае пытаньне я задаў нашаму палітолягу Андрэю Фёдараву. На ягоную думку, Масква не пахавала плянаў інкарпарацыі. Не выпадкова, падкрэсьлівае Фёдараў, Пуцін падчас наўпроставай лініі згадаў Беларусь у тым кантэксьце, што, маўляў, інтэграцыя залежыць ад пытаньня пра адзіную валюту.

На думку Фёдарава, расейскі прэзыдэнт, расчышчаючы пад заслону аўгіевы стайні, можа паспрабаваць яшчэ раз вырашыць "беларускае пытаньне" ў пажаданай для Масквы плашчыні. У сьнежні акурат навісьне пытаньне пра кошт газу. Плюс крэдыт, плюс праблемы двухбаковага гандлю… Вось і скажуць: або здавайся, або атрымлівай усе асалоды прагматычных рынкавых дачыненьняў.

Застаецца трохі пачакаць, каб упэўніцца, наколькі слушная гэтая вэрсыя. Асабіста я лічу, што аншлюс ужо нерэальны. І нават пад пагрозай вялікіх эканамічных праблемаў беларускі кіраўнік не рызыкне даць зялёнае сьвятло інкарпарацыі. Ці я занадта вялікі аптыміст?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?