Народ павінен ведаць сваіх герояў. Мне як былому мэдыку крыўдна за былых калегаў. Няхай хоць бы ў юбілеі адзначалі ня нейкае эфэмэрнае «чуткое внимание» служкаў мэдыцыны, а іхны рэальны ўнёсак у паляпшэньне здароўя народу.

А за гэта народ ім заўсёды ўдзячны і не забывае. Прыкладам таму — дзейнасьць лекара Станіслава Нарбута на Браслаўшчыне, якому тутэйшыя жыхары за свае грошы паставілі абэліск. І хаця пасьля сьмерці гэтага лекара прайшло больш за 80 гадоў, браслаўчане добрым словам памінаюць яго і сёньня.

Прапаную нататку пра двух прафэсараў‑оталярынголягаў, у якіх сёлета былі юбілеі і якім беларусы абавязаныя значным паляпшэньнем свайго здароўя.

А што такое склерома? Калі сёньня пра гэта спытаць мінакоў на вуліцы, можа, адзін з сотні адкажа. А гэтая хвароба ў першай палове ХХ ст. лічылася нацыянальнай хваробай беларусаў (як для ангельцаў — бранхіт). У той час сярод кожнай тысячы жыхароў на тэрыторыі Беларусі было некалькі хворых склеромай.

Склерома належыць да эндэмічных (ад грэцкага «эндэмас» — мясцовы, уласьцівы гэтай мясцовасьці) хваробаў. Хварэюць на яе ў значнай большасьці жыхары вёсак у забалочанай мясцовасьці. У хворых на склерому, акрамя агульных прыкметаў хваробы (слабасьць, стомленасьць, санлівасьць, парушэньні апэтыту), узьнікаюць пухлінападобныя разрастаньні тканак носа і верхніх дыхальных шляхоў. У выніку зьнявечваюцца твары хворых, парушаюцца дыханьне, глытаньне, зьмяняецца голас.

На гэтыя акалічнасьці зьвярнуў увагу прафэсар Самуіл Бурак, калі ў 1925 г. прыехаў з Харкава ў Менск загадваць толькі што створанай катэдрай вуха, горла, носа мэдыцынскага факультэту БДУ.

С.Бурак прыклаў немалыя намаганьні, каб аб’яднаць у досьледах склеромы лекараў самых розных спэцыяльнасьцяў (ад оталярынголягаў і тэрапэўтаў да фтызыятараў і дэрматолягаў). Найбольш цесна прафэсар супрацоўнічаў з працаўнікамі Беларускага санітарна‑бактэрыялягічнага інстытуту, зь якімі ўдзельнічаў у экспэдыцыях у склеромныя ачагі.

С.Бурак вёў і асьветніцкую работу сярод насельніцтва, даводзіў да ведама лекараў‑спэцыялістаў вынікі сваёй дзейнасьці. Ён выдаў манаграфіі па праблемах склеромы, у якіх былі выкладзеныя найбольш поўныя сьведчаньні на той час пра гэтую хваробу, выпусьціў некалькі навукова‑папулярных брашураў для насельніцтва, а таксама першы фундамэнтальны даведнік «Хваробы вуха, носа і горла» (усе на беларускай мове).

Прадаўжальнікам справы С.Бурака, пераемнікам ягонай катэдры стаў Мікалай Кніга, які пасьля заканчэньня вучобы на мэдфаку БДУ ў 1929 г. ужо ў 1940 г. апублікаваў першыя вынікі лячэньня склеромы. Ён адным зь першых у СССР скарыстаў стрэптаміцын для лячэньня гэтай хваробы.

Пры канцы ХХ ст. у Беларусі на працягу году рэгістраваліся ўжо адзінкавыя выпадкі захворваньня склеромай.

Плённасьці намаганьняў прафэсараў С.Бурака і М.Кнігі і іхных супрацоўнікаў паспрыялі праведзеная ў тыя часы мэліярацыя і іншыя сацыяльна‑побытавыя зьмены ў жыцьці беларусаў. Але толькі паспрыялі, ня больш. Менавіта дзякуючы стараннасьці гэтых мэдыкаў мы атрымалі магчымасьць забыць на такую хваробу.

Генадзь Шэршань, Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0