Не пераадолеў такога жаданьня і я, калі праходзіў паўз былыя вясковыя могілкі ў Пятроўшчыне, цяпер ужо часткі мэгаполісу, што паглынае навакольныя паселішчы.
Найбольш даўнія пахаваньні адносяцца да 1900 г. Пасярэдзіне старой часткі могілак пагорак — відаць, усё, што засталося ад капліцы. Абчасаныя валуны 10‑х — 20‑х гадоў, вылітыя з цэмэнту помнікі 30‑х, звараныя з мэталічных трубаў крыжы 50‑х, каменная крошка 70‑х — 80‑х, мармур і граніт пачатку ХХІ ст.
Мурашкі, Якутовічы, Жыгалкі, Козелы, Красьніцкія…
Вось помнік бацьку і сыну — Канстанціну Фёдаравічу (1900—1945) і Канстанціну Канстанцінавічу (1924—1943) Мурашкам. Надпіс «Загінулі на фронце». Ні ў 1945, ні ў 1943 фронт пад Менскам не стаяў, таму, відаць, пахаваныя нашыя хлопцы там, дзе напаткала іх сьмерць, а на Радзіме, пастаўлены помнік, каб было куды прыйсьці родным.
Побач на помніку лічбы: 1932—2.07.1944. Ад чаго знайшоў сваю сьмерць падлетак за дзень да вызваленьня Менску? Ад савецкай бомбы, ад кулі разьюшанага ўцёкамі акупанта, а мо ад хваробы, праз тое, што не было ніякіх лекаў?
Ала Пятроўна Трафімава (7.10.1941—17.05.1944) з двух з паловай гадоў свайго жыцьця ніводнага дня ні пражыла пад савецкай уладай. А вось Параша Юстынаўна Мурашка (1807—1902) за сваё жыцьцё пад якімі толькі ўладамі не жыла, нават напалеонаўскіх жаўнераў бачыла.
Вось спачывае «Ўладзімер Іліновіч 30 год Х.1938. Памяць ад Ламаносава». Што здарылася з трыццацігадовым мужчынам у сумнавядомым 1938‑м? Чаму ніхто з родных не паставіў яму помніка, а толькі сябра Ламаносаў? А мо й ня сябра зусім.
А якая трагедыя хаваецца за гэтым помнікам, па ўсім відаць, першай чвэрці ХХ ст., на якім пазначана: «Забітыя Кацярына год 40 і сын Уладзімер год 19 Мурашка».
Колькі архіўных запісаў трэба перагартаць, каб дазнацца, што за імя хаваецца за першымі ацалелымі літарамі «Пар…», а тут на помніку бачым — Пар… Казлоўскі.
Не мінайце ж, калі сустрэнуцца на шляху, старадаўніх могілак. Паблукайце па іх, каб узрушыць душу, зьдзірванелую ад будзённых дробязяў.