Ужо больш за год маладзёжны лiдэр Змiцер Дашкевiч знаходзiцца ў зняволеннi. Яму пагражае новае крымiнальнае пакаранне за адмову сведчыць супраць свайго сябра.

З мэтай падтрымаць бацькоў — Вячаслава Уладзiмiравiча i Вольгу Васiльеўну Дашкевiчаў — мы накiравалiся ў Старыя Дарогi. У двухпакаёвай кватэры звычайнай шэрай пяцiпавярхоўкi быт i ўбранства даволi сцiплыя. Але тут мы заўважылi багатую бiблiятэку, пабачылi любiмыя кнiжкi Змiцера, белае плюшавае медзведзянятка на канапе, з якiм ён гуляў у дзяцiнстве…

— Вольга Васiльеўна, мiнулы раз вы бачылiся са Змiцерам у жнiўнi. Раскажыце, калi ласка, пры якiх абставiнах адбывалася сустрэча? Як Дзiма выглядаў?

— Мы прыехалi да яго на два днi ў Шклоў i спынiлiся ў турэмным iнтэрнаце, прызначаным для спатканняў, — распавяла мацi. — Нават у гэтыя днi выспацца Дзiму не давялося: усю ноч прыязджалi машыны, бразгаталi замкi, надрыўна брахалi аўчаркi. У сем гадзiн нас выклiкалi на паверку. Сын апранаў куртачку, чорную шапку, i мы выходзiлi на пераклiчку.

Нас чакаў невялiчкi дворык з альтанкамi, лаўкамi i арэлямi, дзе можна глынуць свежага паветра. Усю ежу, якую мы прывезлi, пераглядалi супрацоўнiкi. На зоне звычка — разгортваць i правяраць усе цукеркi, якiя вязуць арыштантам, адрываць фiльтры ад цыгарэт.

Дзiма не палiць, а вось ежу i цукеркi яму перадаць дазволiлi. За гэты час сын узмужнеў, ад фiзiчнай працы стаў шырэй у плячах. Але па‑ранейшаму ў яго балiць спiна i страўнiк.

З бацькам яны шмат размаўлялi пра палiтыку i пра Бiблiю. У некаторых выпадках спрачалiся. Але Дзiма вельмi пераканаўча пацвярджаў свой пункт гледжання. Каб не вера, не Бiблiя, то не ведаю, як бы ён там трымаўся. А цяпер ён у кожным лiсце пiша ўрывачак з Новага Запавета.

— Раскажыце, калi ласка, якiм лiдэр «Маладога фронту» быў у маленстве?

— Дзiма нарадзiўся, можна сказаць, у дарозе, — кажа бацька Вячаслаў Уладзiмiравiч. — Мы летам 1982 года былi ў адпачынку ў родзiчаў на Брэстчыне, потым на тыдзень заехалi на радзiму мацi ў Гомельскую вобласць, у вёску Багуцiчы, там ён i з’явiўся на свет.

— Дзiўна, што роды прымала тая самая лекарка Клара Львоўна, — дадае спадарыня Вольга, — якая мне самой дапамагала нарадзiцца. Мы з ёй разгаварылiся i ўспомнiлi былое…

— А праз некалькi тыдняў мы зноў адправiлiся ў Магадан, дзе я працаваў у газеце «Северная правда» загадчыкам эканамiчнага аддзела, — працягвае гаспадар. — Праз пяць гадоў вярнулiся на Беларусь i пасялiлiся на сталае месца жыхарства ў Старых Дарогах. Тут у мясцовай раённай газеце апошнiя 16 год я быў адказным сакратаром. Мы з мацi ўвесь час былi занятыя ў рэдакцыi, асаблiвага часу на дзiця не было. Улетку ў адпачынку працаваў на жнiве камбайнёрам, некалькi разоў выходзiў пераможцам.

Змiцер тут хадзiў у дзiцячы садок i пайшоў у школку. Ён быў жвавы i цiкаўны хлопчык, настаўнiца ў школе называла яго «залатым дзiцём». Былы дырэктар школы надрукаваў у газеце яго лепшае сачыненне. Аднойчы ён напiсаў фантастычную аповесць. У яго добрая памяць, каб ён быў крышачку спакайнейшы, то i зусiм бы выдатнiкам быў. Любiў чытаць гiстарычныя кнiгi, доўгi час праводзiў з энцыклапедыямi, са слоўнiкамi, займаўся задачкамi па арыфметыцы.

— Вы з Вольгай Васiльеўнай — журналiсты па адукацыi. Змiцер не захацеў пайсцi па вашых слядах?

— Пасля школы ён атрымаў мэтавае накiраванне ў Гродзенскi сельскагаспадарчы iнстытут на спецыяльнасць «заатэхнiка». Але гэтая справа не прыйшлася яму па душы. Потым некаторы час працаваў на лесапiльным заводзе, працаваў пiльна, паслухмяна, не гультайнiчаў, але ў душы маяўся i нечага шукаў. Нарэшце паехаў у Мiнск, там пасялiўся з сябрамi, прадаваў з прадпрымальнiкамi на кiрмашы каву i гарбату. Да гэтага часу там пытаюцца: «А дзе тыя хлопцы, што па‑беларуску прапаноўвалi гарбату?» Нарэшце ён паступiў у Вiленскi педагагiчны унiверсiтэт на факультэт славiстыкi, на беларускае аддзяленне, i быў вельмi рады.

— Дзiма досыць рэлiгiйны чалавек. Ён хрышчоны?

— Ён быў ахрышчаны ў праваслаўнай царкве. Дома ў Старых Дарогах кожны тыдзень на працягу двух гадоў хадзiў у нядзельную школу, вельмi любiў гартаць дзiцячую Бiблiю — яна ў яго самая зачытаная кнiга. Калiсьцi яго бабуля пешшу за 40 кiламетраў хадзiла ў Жыровiчы. Мусiць, гены спрацавалi.

Усё гэта ў яго было. А потым ён сустрэў Паўла Севярынца, i Бог яго павёў сваiм шляхам, i мы за гэта ўдзячны. Цяпер вера ў яго вельмi моцная, яна зрабiлася яго асноўным жыццёвым перакананнем. Ён далучыўся да вернiкаў Пратэстанцкай царквы.

— А як вы ставiлiся да яго дзейнасцi ў «Маладым фронце»?

— Спачатку я не ўхваляў яго заняткаў палiтыкай, але калi пабачыў, колькi людзей iх падтрымлiвае — i маладых, i старых, то зразумеў, што гэта выпрацаваная грамадзянская пазiцыя.

Змiцер сказаў мне: «Я свядома абраў свой шлях i прайду яго да канца». У яго была магчымасць застацца ў Амерыцы, калi ён быў там летам мiнулага года, ён мог з’ехаць вучыцца ў Польшчу, але яго цэльны характар падказаў яму, што ён як лiдэр з’яўляецца маральным аўтарытэтам i павiнен застацца на Беларусi.

— Як вы ставiцеся да факту завядзення новай крымiнальнай справы на Змiцера?

— Гэта вiдавочны абсурд. Ён ужо год знаходзiцца ў турме, што ён можа ведаць, што сведчыць? Яны проста шукаюць на пустым месцы, як зладзiць новы працэс, каб не выпускаць лiдэра моладзi на волю.

— Шмат людзей выступаюць у абарону Змiцера?

— Так. Нас наведвае шмат людзей, былi прадстаўнiкi з Германii, Чэхii, АБСЕ, грамадскiх арганiзацый, царквы. Мы рады, што ў Змiцера шмат сяброў. Яны пiшуць яму лiсты, дапамагаюць з перадачамi. Вернiкi моляцца за яго. I мы не засталiся ў адзiноце, таму верым, што дачакаемся перамогi!

Эма Дзвінская, Народная Воля

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру