або Машына дзяржаўнай прапаганды, убачаная зь сярэдзіны.

Інтэрнэт-парталу «Белорусский партизан» патрапіў ліст начальніка інфармацыйна-аналітычнага цэнтру пры адміністрацыі прэзыдэнта Ніны Шпак да галавы адміністрацыі прэзыдэнта Генадзя Нявыгласа. Зь ліста можна даведацца, што ўлады рыхтуюцца да чарговага наступу на недзяржаўныя СМІ і шукаюць спосабы зрабіць дзяржаўныя СМІ больш прывабнымі. Прычына: насельніцтва не давярае дзяржаўным СМІ і ня хоча іх купляць.

Запіска напісаная ў тэрмінах ваеннага данясеньня, густа прыпраўленага парапсыхалёгіяй. “Супрацьстаяньне”, “разбуральнае ўзьдзеяньне”, “зандаваньне і карэкцыя ўстановак сьвядомасьці і падсьвядомасьці” — у такіх выразах спн. Шпак аналізуе звычайнае, канстытуцыйнае нават у лукашэнкаўскай РБ права грамадзянаў на атрыманьне інфармацыі.

Шпак канстатуе, што афіцыйныя СМІ ў пытаньнях уплыву на грамадзян цалкам саступаюць апазыцыйным. Дзяржаўныя выданьні, на думку Шпак, «поўнасьцю прайграюць недзяржаўным, у якіх матэрыялы падаюцца больш разнастайна, арыентаваныя на розныя (але заўжды канкрэтныя — інваліды, студэнты, гарнякі і г.д.) сацыяльныя групы». Тады як «у большасьці друкаваных дзяржаўных СМІ не праглядаецца арыгінальнай аўтарскай канцэпцыі, пазнавальнага стылю рэдакцыі».

У аналітычнай запісцы прызнаецца, што незалежныя СМІ, у адрозьненьне ад дзяржаўных, “апэратыўна разьмяшчаюць” і, галоўнае, удумліва і якасна аналізуюць “інфармацыю пра новыя заканадаўчыя акты і эканамічныя рашэньні”. Аднак што прапануе Шпак? Вы думаеце — разьняволіць дзяржаўныя выданьні, каб яны маглі самі шукаць інфармацыю і яе крытычна разьбіраць? Памыляецеся, грамадзяне: “зрабіць усё магчымае, каб не дапускаць уцечку інфармацыі дзяржаўных структур па неафіцыйных каналах” і “абавязаць кіраўнікоў рэспубліканскіх органаў кіраваньня сфарміраваць у Інтэрнэце якасна новыя парталы, забясьпечыўшы іх ня толькі даведачнай, але і актуальнай аналітычнай інфармацыяй”. Ну, такімі спосабамі можна пасьпяхова паляпшаць якасьць газэты “Советская Белоруссія” аж да шчасьлівага моманту сканчэньня ўсяго гэтага маразму.

Якой разнастайнасьці, якой аўтарскай канцэпцыі хоча спн. Шпак ад выданьняў, якія карыстаюцца адным пералікам забароненых тэмаў і адным чорным сьпісам забароненых асобаў, якія нумар у нумар перадрукоўваюць аднастайныя камэнтары агенцтва БЕЛТА, што аж сьцякаюць нянавісьцю да ўсяго, што пярэчыць інтарэсам аднае палітычнае групоўкі? Калі тысячы гэтых СМІ за 13 гадоў ні разу нават у малым не крытыкавалі ніводзін крок непагрэшнага кіраўніка?

Чаго дзівіцца тады зьвесткам сацыялягічнага дасьледаваньня, якое выявіла, што рэспубліканскія выданьні кшталту “Советской Белоруссии”, “Рэспублікі”, ці “7 дней” чытаюць “толькі чыноўнікі, а таксама пэнсіянэры і людзі перадпэнсійных гадоў”. Што “тэмы зацікаўленасьцяў моладзі ў гэтых выданьнях фактычна не прысутнічаюць”.

Паводле зьвестак Шпак за пэрыяд студзень-травень 2007 г. у гандлёвай сетцы УП “Гомельаблсаюздрук” працэнт сьпісаньня склаў: “СБ” – 29,6%, “Рэспубліка” – 20,2%, “Гомельская праўда” – 23,8%, “Гомельские ведомости” – 32,6%.

А ў Магілёўскай вобласьці гэты працэнт яшчэ большы: «СБ” – 44,9%, “Рэспубліка” – 36,2%, «Могилевские ведомости» - 51,4%, «Могилёвская правда» — 38,7%.

І гэта ў вотчыне лукашэнкаўцаў.

І гэтыя людзі яшчэ тлумачылі разрыў дамоваў “Белсаюздруку” зь незалежнымі выданьнямі высокімі лічбамі сьпісаньня! Не баяцца, што ў іх адсохне язык!

Шпак піша аб праведзеным апытаньні на тэму «Ці давяраеце вы дзяржаўным СМІ?”. Палова рэспандэнтаў адказала, што толькі часткова. Шпак, дарэчы, ясна разумее, што азначае напраўдзе такая лічба ў такой сыстэме, як беларуская.

Ёсьць у запісцы пані Шпак асобныя згадкі пра спадарожнікавае тэлебачаньне і інтэрнэт. Скачок колькасьці абанэнтаў спадарожнікавага тэлебачаньня інтэрпрэтуецца як праява незадаволенасьці жыхароў краіны вяшчаньнем нацыянальных тэлеканалаў. Інтэрнэт жа — зьвярніце ўвагу на фармулёўку! — “адкрывае шырокія пэрспэктывы для зандаваньня, а таксама карэкцыі ўстановак сьвядомасьці і падсьвядомасьці карыстальнікаў”.

Прыводзіцца канкрэтны сьпіс нэгатыўных дзеяньняў, якімі недзяржаўныя СМІ нібыта наносяць удар па Беларусі: “1. Замоўчваньне дасягненьняў беларускага народу (праца, калектывізм, любоў да роднай зямлі, мараль і сумленьне, свабода, сацыяльная справядлівасьць, народная дэмакратыя, асьвета, сям’я); 2. Стварэньне дзяржаўным чыноўнікам нэгатыўнай рэпутацыі, спробы разбурыць аўтарытэт кіраўніка краіны; 3. Насаджэньне культу забаўляльнасьці замест працы і адукацыі; 4. Своеасаблівае тлумачэньне свабоды і правоў чалавека; 5. Пераконваньне аб адсутнасьці інтэлектуальнага суправаджэньня працэсу дзяржаўнага кіраваньня; 6. Поўнае адмаўленьне пазытыўнага значэньня савецкага пэрыяду...”

Асаблівую трывогу спн. Шпак выклікае тое, што публикацыі апазыцыйных выданьняў «адсылаюць да вопыту і стандартаў разьвітых эўрапейскіх краінў». У якасьці контрапрапаганды яна прапануе дзяржаўным СМІ «паказваць некарэктнасьць, а парой абсурднасьць і ўтапічнасьць арыентацыі на заходні лад жыцьця, абумоўлены зусім іншымі эканамічнымі магчымасьцямі». Ну так, Польшча і Літва маюць «іншыя эканамічныя магчымасьці», у іх там нафтавыя дажджы цякуць і газ прадукуецца, як у нас гной. І што можна палепшыць у дзяржаўных СМІ, карыстаючыся такімі «парадамі»?

Напрыканцы Шпак прыводзіць сьпіс рэкамэндацый і прапановаў: 1. Даверыць Міністэрству інфармацыі дэталёва вывучыць цягам лістападу-сьнежня 2007г. эфэктыўнасьць выкарыстаньня дзяржаўным СМІ на рэгіянальным узроўні ў фарміраваньне патрыятычнага сьветабачаньня насельніцтва; 2. Правесьці сацыялягічнае дасьледаваньне, накіраванае на вывучэньне ступені ўплыву Інтэрнэта і спадарожнікавага тэлебачаньня на сьвядомасьць беларускай моладзі; 3. Накіроўваць сыгнальныя выданьні абласных і раённых СМІ не на адрас Адміністрацыі прэзыдэнта, а на адрас інфармацыйна-аналітычнага цэнтру з мэтай прапановаў па ўдасканальваньні іх дзейнасьці; 4. Абавязаць кіраўнікоў рэспубліканскіх органаў кіраваньня сфарміраваць у Інтэрнэце якасна новыя парталы, забясьпечыўшы іх ня толькі даведачнай, але і актуальнай аналітычнай інфармацыяй; 5. Зрабіць усё магчымае, каб не дапускаць уцечку інфармацыі дзяржаўных структур па неафіцыйных каналах; 6. Апэратыўна зьмяшчаць у дзяржаўных СМІ поўных тэкстаў прынятых заканадаўчых актаў; 7. Шырока растлумачыць у дзяржаўных СМІ эканамічную палітыку краіны; 8. Фарміраваць станоўчы вобраз дзяржаўнага службоўцы; 9. Пастаянна асьвятляць у дзяржаўных СМІ кіраўнічы досьвед найлепшых прадпрыемстваў усіх формаў уласнасьці і індывідуальных прадпрымальнікаў; 10. Апэратыўна рэагаваць на неаб’ектыўную і лжывую інфармацыю, разьмешчаную ў недзяржаўных СМІ; 11. Рэкамэндаваць Белтэлерадыёкампаніі стварыць штотыднёвую аналітычную эканамічную праграму, у якой выступалі б маладыя супрацоўнікі кампаній усіх формаў уласнасьці...

Карацей, адрэагаваць савецкімі мэтадамі на несавецкую рэчаіснасьць.

Аналітыкам спн. Шпак не прыходзіць да галавы, што прычына коснасьці дзяржаўных СМІ закладзеная ў самую форму іх існаваньня пад поўным кантролем, без канкурэнцыі і ва ўмовах абсалютнае самацэнзуры.

Характэрна, што рэкамэндацыі Інстытуту спн. Шпак не пазбаўленыя спробаў перацягнуць да сябе частку фінансаў, якія выдзяляюцца на прапагандысцкую апрацоўку насельніцтва.

Кіраўніца дзяржаўнага інстытуту разглядае дзяржаву як манаполію палітычнай групы, да якой сама належыць. Спн. Шпак бачыць свае, і дзяржапарату, і дзяржаўных СМІ задачы толькі праз прызму таго, умацоўваюць яны ці аслабляюць папулярнасьць адной асобы і яе групоўкі. Няма і гаворкі пра неабходнасьць узважана і збалянсавана асьвятляць розныя погляды, падыходы, спрыяць таму, каб у краіне адбывалася публічная дыскусія. Ратацыя ўлады выключаецца ў прынцыпе. Няма гаворкі і пра дапушчэньне хоць бы элемэнтаў палітычнага і культурнага плюралізму ў жыцьцё краіны — гэта да тых, хто цешацца ілюзіямі “лібэралізацыі”.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру