Яраслаў Грышчэня ўчора раніцай вяртаўся зь Менску ў Баранавічы аўтаспынам.

Хвілін праз дваццаць стаяньня на Берасьцейскай шашы, хлопец спыніў «Мэрсэдэс». Кіроўца машыны ехаў у Нясьвіж, але Грышчэня згадзіўся пад’ехаць зь ім да Гарадзеі. Кілямэтраў праз трыццаць ад Менску машыну зьнесла на сустрэчную паласу, пасьля чаго яна на вялікай хуткасьці вылецела ў кювет.

Яраслаў кажа, што самастойна выбраўся з аўтамабіля, выцягнуў адтуль кіроўцу і ўсе рэчы, пасьля чаго страціў прытомнасьць і зваліўся тварам у сьнег. Хлопца адвезьлі ў Дзяржынскі шпіталь, дзе дактары канстатавалі дыягназ кампрэсійны пералом хрыбта. Ужо ўчора Яраслава дадому забралі бацькі.

Грышчэня кажа, што ў яго часткова пашкоджаная каардынацыя рухаў — нагамі і рукамі ён рухае вольна, а вось павярнуць сьпіну ня можа. У асноўным ляжыць, але ў стане самастойна дайсьці ад ложку да прыбіральні.

Дактары пакуль ня могуць дакладна сказаць, калі хлопец вернецца да паўнавартаснага жыцьця. Зазначаюць толькі, што рэабілітацыя можа зацягнуцца ад тыдня да паўгоду. Цяпер бацькі Грышчэні хочуць, каб сына шпіталізавалі ў Баранавічах.

Яраслаў адмаўляе, што ў гэтым здарэньні можа быць нейкі палітычны кантэкст. Кажа, што кіроўца проста яшчэ не перайшоў на зімовыя шыны.

Нагадаем, што два месяцы таму суд Баранавіцкага раёну прызнаў Яраслава Грышчэню вінаватым па артыкуле 193 КК «Удзел у незарэгістраванай арганізацыі», прысудзіўшы 30 базавых велечынь штрафу.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру