Дурнап'ян звычайны |
За апошнія два тыдні ў дзіцячыя аддзяленні гомельскіх бальніц з дыягназам «атручэнне раслінным ядам» патрапілі 34 чалавекі. Амаль усіх іх дактары вымушаны былі лячыць у рэанімацыі. У рэальнасці, як сцвярджаюць дактары, пацярпелых ад новага наркотыка значна больш. Дзеці атруціліся насеннем дурнап’яна звычайнага, што было новым для гомельскіх медыкаў. Пра знешні выгляд расліны і пра яго ўздзеянне на арганізм ўрачам давялося даведвацца праз Інтэрнэт.
«Дурнап’ян звычайны стаў суперпапулярнай раслінай сярод гомельскіх дзяцей і падлеткаў. Яго шышачкі ўтрымліваюць насенне, якое пры спажыванні выклікае багатыя галюцынацыі. За апошні год дурнап’ян з’явіўся на гарадскіх клумбах, ля будынкаў раённых адміністрацый, у дварах дамоў і нават каля школ…», — кажа ўрач‑педыятр Гомельскай абласной бальніцы Гелена Белікава.
«Адзін старшакласнік сказаў мне: хадзі, паспытай, будзе цікава, — успамінае сваю гісторыю знаёмства з дурнап’янам вучань восьмага класа Дзіма. — І я, малодшы лох, сарваў шышку. Што было далей, не памятаю. Я бачыў, як сяджу з сябрамі ў нейкім палацы, нам вельмі клёва і весела, пад кустом сядзіць сам Баскаў (расійскі спявак) і пяе для нас. А насамрэч, як аказалася, у гэты час я лажаў у рэанімацыі. Больш, канешне, гэту ерунду спрабаваць не буду — зноў па бальніцам валяцца?»
Паводле ўрача, сур’ёзных наступстваў, акрамя пастаноўкі на ўлік у міліцыю і наркадыспансер, ужыванне дурнап’яна не цягне. Але, калі аператыўна не аказаць медычную дапамогу, пацярпелы можа памерці. Даведацца, ці ўжываў чалавек дурнап’ян, можна па пашыраным зрэнкам і пачырваненню твару. Чалавек не ванітуе — яд уздзейнічае толькі на цэнтральную нервовую сістэму.
Паводле Белікавай, пацярпелыя поўнасцю дэзарыентаваныя.
«Адзін хлопчык назваў сябе Айн‑цвай‑драй. Таксама бачна дзікая ўзбуджанасць і поўнае вар’яцтва. Пры гэтым аніякай агрэсіі. Дзеці задаволеныя і шчаслівыя. Цікава, што амаль усе пацыенты з добрых сем’яў, шмат выдатнікаў», — кажа яна.
Цяпер дурнап’ян у Гомелі проста так ужо не знайсці — за справу ўзяліся міліцыя і камунальнікі. Але попыт нарадзіў прапанову, і зараз за тры з паловай тысячы рублёў можна купіць сорак зярнятак дурнап’яна.