У Менску так і не зьявіліся вуліцы Сапегі, Вайніловіча, Брыля... Але ёсьць у Беларусі горад, у якім саб’еш ногі, шукаючы вуліцу з “савецкай” назвай. Піша наш чытач з Маладэчна Сяргей Космач.

Захацелася трохі падзяліцца радасьцю ад таго, што мой горад мае столькі добрых назваў вуліц. У 1992 годзе гарвыканкам узначаліў Генадзь Карпенка. Сярод іншых пачынаньняў памяцьцю пра яго застанецца несумненна зьмяненьне тапанімікі гораду, адыход ад савецкай бязглузьдзіцы. Выявіліся цікавыя рэчы. Памятаю, як на пачатку бурчэлі людзі. У магазінах пуста, прадукты па картачках, а тут назвы на вуліцах мяняюць, ім што, рабіць больш няма чаго? Тым ня менш, справа была зроблена і зьявіліся назвы, якія цяпер ужо «прырасьлі» да сваіх месцаў.

Шмат вады выцекла з Вушы, як жывуць маладачанцы на вуліцах імя Канстанціна Астрожскага, Язэпа Лёсіка, Канстанцыі Буйло, Уладзіслава Галубка.

У пашпартных сталах, квітках на выпіску газэт, у паштоўках замест вуліц Піянэрская, Асавіяхіма, Чырвонаармейская, 1 -га і 2-га завулкаў Камуністычных, завулкаў Палярнага і Чырвонага цяпер пішуць адпаведна вуліцы Велікодная, Рымарская, Грыцаўца, Бэзавая, Таполевая, Купальская.

Паменшала «герояў». Вуліца Шчорса стала вуліцай Якуба Ясінскага, Суворава — Ушацкай (па назьве ракі), Паўліка Марозава — імя Алаізы, Кірава — Грамадоўскай, Калініна — Язэпа Драздовіча, Дзяржынскага — Вольнай (!), Чапаева — Забэйды-Суміцкага.

Ня стала «клясыкаў». Вуліца Энгельса ператварылася ў імя Ігната Буйніцкага, Маркса — у вуліцу Бухаўшчына (па назьве былой вёскі), а праспэкт Леніна — у Вялікі Гасьцінец. На жаль бальшыня люду піша па‑расейску і нашыя назвы перайначваюць на свой капыл. Не зайздрошчу пошце. Яшчэ паўбяды, калі напішуць — «ул.Большой Гостинец», а бывае — «ул. Большой Подарок».

Былі і вуліца імя Пушкіна, цяпер — Гарадоцкая, і тупік імя Пушкіна, цяпер — Нагорная. Можна толькі здагадвацца пра адчуваньні людзей, якія пазначалі сваё месца жыхарства тупіком Пушкіна. Дзе жывеш? Тупік Пушкіна. Дальбог, было так.

Самае прыгожае месца ў горадзе — Цэнтральная плошча, (былая Леніна), што па велічыні мала чым саступае сталічнай.

Гледзячы на добра бачную шыльду з назвай Віленская, зь цяжкасьцю прыпамінаеш былую назву — Савецкая. Уздоўж чыгункі імкне з усходу на захад Лібава‑Роменская, былая Рэвалюцыйная.

Але найбольш пашэнціла жыхарам іншай вуліцы, бо цяпер на пытаньне, напрыклад, таксіста — куды едзем ? — яны адказваюць: на вуліцу Скарыны. А раней прыходзілася і гаварыць і пісаць — вуліца імя 60‑годзьдзя Вялікага Кастрычніка. Во як !

Плошча з царквой, вакол якой пачынала забудоўвацца мястэчка, цяпер мае цудоўную назву — Старое Места. Ёсьць яшчэ вуліцы Замкавая, Калядная, Новы Сьвет, Местачковая, Сьвятаянская, Вялікасельская, Полацкая, Лебедзеўская…

Адны толькі назвы могуць выклікаць нястрыманае жаданьне пабываць у такім горадзе і ўпэўніцца, што гэта насамрэч так.

Музычная вучэльня носіць імя Міхала Клеафаса Агінскага, помнік яму, зроблены за народныя сродкі, знаходзіцца побач.

Спадар Арлоў у сваёй кнізе «Імёны свабоды» апавядаючы пра Якуба Ясінскага, адчайна пытаецца, — ці ёсьць дзе‑небудзь вуліца ягонага імя ? Ёсьць! У Маладэчне. Ужо 15 год прайшло, як на пытаньне — што гэта за Ясінскі, — я коратка тлумачыў, — паплечнік Касьцюшкі, кіраўнік паўстаньня на Беларусі. Пачутае ў адказ, — а‑а‑а, — гучала ня вельмі аптымістычна. Калі нядаўна тым жа пытаньнем хацеў справакаваць на сумнеў калегу па працы, той нечакана азваўся, — «это друг Костюшки, воевал за нашу страну, своих знать надо», — і гэта было абнадзейваюча.

Пасыплю галаву попелам, калі мне хто назаве места, дзе яшчэ памянялі столькі назваў. З аднаго боку — гонар за горад, дзе жыву, а з другога — скрушнасьць ад мноства камуністычных тупікоў, ленінскіх плошчаў, кастрычніцкіх завулкаў, вуліц «герояў» і клясыкаў «вучэньня» у нашых паселішчах, ад пастаяннага напамінаньня гэтых назваў у дакумэнтах, спраўках, квітках.

Чаму б не ініцыіяваць зьмену тапанімікі па згаданаму прыкладу ў іншых нашых мястэчках? І тым самым, нягледзячы на наяўнасьць Міністэрства праўды, адказных за «идеологическую работу», імкненьні ўладаў рукамі сваіх жа людзей «закопваць» «вельмі разумных», зрабіць свае ўнёскі ў стаўленьне нашай Беларусі.

Можа, сталася так, што падсьвядома, і назвы паўплывалі на паводзіны, але бальшыня маладэчанцаў пачувае сябе нармальнымі беларусамі з крытычным стаўленьнем да цяперашняга становішча, толькі, можа, крыху напужанымі. А папсавала нас усіх, на жаль, не толькі кватэрнае пытаньне…

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру