Беларусь адзіная ў СНД краіна, дзе захаваная цэнтралізаваная сыстэма харчовага забесьпячэньня і дзяржаўнага рэгуляваньня цэнаў на асноўныя прадукты харчаваньня, паведаміў намесьнік міністра сельскай гаспадаркі і харчу Міхаіл Савельеў.

Сёлетні ўраджай збожжа, з улікам кукурузы, дазволіць цалкам забясьпечыць унутраны рынак, уключаючы жывёлагадоўлю, паведамляе БЕЛТА. Што дазволіць зьменшыць да мінімуму аб’ём закупак цьвёрдых гатункаў пшаніцы, неабходнай для паляпшэньня хлебапякарных якасьцяў мукі, кажа намесьнік міністра сельгасхарчуМіхаіл Савельеў. Калі ў мінулыя гады краіна закупляла па 200 тыс.т такога збожжа, то сёлета набудзем толькі 70 тыс. т. Варта адзначыць, што яшчэ ў жніўні намесьнік міністра Васіль Паўлоўскі называў іншую лічбу. Адзначыўшы, што пытаньне забесьпячэньня хлебапякарняў зернем пшаніцы цьвёрдых гатункаў стаіць па‑ранейшаму, сп. Паўлоўскі паведаміў, што ў гэтым годзе аб’ём закупак такой сыравіны складзе да 170 тыс. т.

Сёлета ў Беларусі створаныя ўласныя рэзэрвы зернефуражу, у тым ліку за кошт зерня кукурузы, якога ў бягучым годзе сабрана ў 5 разоў болей, чым летась — 685 тыс.т. Гэта дазволіць адмовіцца ад імпарту кармавога збожжа.

Намесьнік міністра пракамэнтаваў даклад Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН (FAO), прысьвечаны прагназаванаму росту цэнаў на збожжавыя, які можа прывесьці да падаражаньня асноўных прадуктаў харчаваньня. Паводле яго словаў Беларусь, бадай што, адзіная ў СНД краіна, дзе захаваная цэнтралізаваная сыстэма харчовага забесьпячэньня і дзяржаўнага рэгуляваньня цэнаў на асноўныя прадукты харчаваньня. «У Беларусі, у адрозьненьне ад Расеі, Казахстана, Украіны і Малдовы, не дапусьцілі такога рэзкага скачка цэнаў на малочныя і мясныя прадукты, хлебабулачныя вырабы, таму што рэспубліка ў поўным аб’ёме забясьпечаная збожжам, ёсьць у дастатку малако і мяса, і аб’ёмы іх вытворчасьці будуць расьці», — падкрэсьліў намесьнік міністра. На яго думку, гэта стала магчымым таксама дзякуючы таму, што асноўную частку прадуктаў вырабляецца ўласнымі сіламі, за выняткам алею, чаю, кавы, морапрадуктаў.

Абапіраючыся на прагнозныя паказчыкі, Міхаіл Савельеў пазытыўна ацаніў экспартны патэнцыял мяса‑малочнай галіны: па выніках году аб’ём вытворчасьці малака павінен ўзрасьці на 7%, мяса — на 10%. У наступным годзе чакаецца такі ж рост. Паводле намесьніка міністра з 4,8 млн.т атрыманага ў рэспубліцы малака 2,7 млн.т у выглядзе натуральнамалочнай прадукцыі экспартуецца, што тлумачыцца надзвычай выгаднай каньюнктурай. Пры гэтым падкрэсьліваецца, што экспарт ажыцьцяўляецца не на шкоду насычэньню ўнутранага рынку.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру