Так запыталася ў мяне суседка, якая ўсё жыцьцё адпрацавала настаўніцай, калі даведалася пра апраўдальны прысуд у дачыненьні да машчаніцкіх хлопцаў.

Іх больш за два гады трымалі ў турме як падазраваных у забойстве сям’і з шасьці чалавек у вёсцы Вялікая Машчаніца Бялыніцкага раёну.

Нагадаю абставіны справы. Тая сям’я літаральна перад гэтым пераехала ў вёску, прадаўшы кватэру ў Бялынічах. Раніцай 1 чэрвеня 2005 г. былі знойдзены целы пэнсіянэркі і яе сужыцеля, дачкі гаспадыні і маладога чалавека, а таксама — самае жудаснае — дваіх дзяцей сямі і чатырох гадоў. На целах малых было знойдзена 14 і 19 розных цялесных пашкоджаньняў. Уся вёска была ў шоку, забойстваў у Машчаніцы не было з часоў вайны.

Празь дзень былі затрыманыя шасьцёра маладых жыхароў вёскі ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў. Пяцём неўзабаве прад’явілі абвінавачаньне ў забойстве. Сьледзтва цягнулася больш за год. У сьнежні 2006 г. пачаўся працэс у Магілёўскім аблсудзе пад старшынствам судзьдзі Міхаіла Мельнікава. Падчас разгляду справы было выклікана ў суд амаль паўтары сотні жыхароў Машчаніцы, было зроблена шмат розных экспертыз, справа налічвае 28 тамоў матэрыялаў.

Пракурор запатрабаваў для двух падазраваных растрэл, для іншых трох чалавек — пажыцьцёвае зьняволеньне. Ня толькі адвакаты, але і большасьць насельніцтва Машчаніцы мелі вялікі сумнеў, што затрыманыя хлопцы, звычайныя вясковыя разгільдзяі, маюць дачыненьне да забойства.

І вось 2 лістапада ў Магілёве судовая калегія абвесьціла прысуд. У частцы абвінавачаньня ў забойстве ў сувязі зь недаказанасьцю віны вынесены апраўдальны прысуд. Адзін з падсудных вызвалены з‑пад варты ў зале суду. Астатнія пакараныя тэрмінамі зьняволеньня ад 4 да 10 гадоў за іншыя злачынствы: некалькі чалавек прызнаны вінаватымі ў сэксуальных дачыненьнях зь непаўналетнімі, крадзяжах, адзін прызнаны вінаватым у згвалтаваньні.

Калі абвяшчалі прысуд, падсудныя плакалі за кратамі. За час знаходжаньня ў турме, а гэта амаль два з паловай гады, адзін зь іх захварэў на сухоты… Ці выйдуць вясковыя хлопцы адтуль нармальнымі людзьмі і як сьпяць людзі, якія іх пасадзілі ў турму?

Мой родны дзядзька, Дарасэвіч Павал, працаваў пракурорам Бялыніцкага раёну з 1947 па 1955 год. У гэты час у раёне жыло амаль 50000 чалавек, у штаце бялыніцкай міліцыі налічваўся 21 чалавек… Зараз у раёне пражывае 21000 чалавек, у раённай міліцыі больш за сотню…

Але самае галоўнае — хто забіў сям’ю і малых дзетак і хто адкажа за тое, што невінаватыя людзі страцілі здароўе ў турме. Жыхары вёскі баяцца выйсьці на вуліцу вечарам, а «пастухі», як трапна адзначыў кіраўнік дзяржавы, пільна кантралююць, што робяць апазыцыянэры Вырвіч і Мяцеліца.

Барыс Вырвіч, Бялынічы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0