Ніводзін расейскі тэлеканал не паведаміў аб тым, што 31 грамадзянін Расійскай Федэрацыі загінуў у баях у Данецку 26 мая, хоць ля морга былі камеры «Першага канала» і «Расіі 24».

Пра гэта піша фотажурналіст Марыя Турчанкова ў блогу на сайце «Эхо Москвы».

Паводле яе слоў, «ля морга сабралося каля сотні журналістаў міжнародных СМІ, сярод іх былі камеры і «Першага канала», і «Расіі 24», якія пасля не перадалі ніводнай навіны аб гэтай падзеі», а ўжо да мяжы ва Ўспенцы грузавік з «грузам 200» суправаджала толькі яна з трыма калегамі.

«Ніводзін з айчынных федэральных тэлеканалаў, што месяцамі бетануюць ідэю пра генацыд рускіх на ўсходзе Украіны і засілле фашыстаў на захадзе, так і не паведаміў аб тым, што 31 грамадзянін Расіі загінуў у Данецку 26 мая. Не патлумачыў, у чым подзвіг, дзеля якога яны загінулі, як яны трапілі на гэтую вайну, хто адкрывае «канал праз Растоў», хто раздае зброю і хто сустракае труны з налепкамі ДНР», — піша Турчанкова.

«Ва ўкраінскіх СМІ загінулых назвалі наймітамі і тэрарыстамі», — дадае яна, адзначаючы, што інфармацыйная вайна з абодвух бакоў «абсалютна сцерла мяжу рэальнасці» і разумення, што на самой справе адбываецца цяпер на ўсходзе Украіны.

Турчанкова піша, што суправадзіць целы загінулых да мяжы іх папрасіў «чалавек з атачэння Аляксандра Барадая, прэм'ер-міністра самаабвешчанай Данецкай Народнай Рэспублікі».

«Мы былі агаломшаныя пачутым. Гэта было першае прызнанне, што ў баях на Данбасе гінуць расійскія грамадзяне», — прызнаецца яна. Да гэтага былі апазнаныя па фатаграфіях толькі два жыхары Данецка Марк Звераў і Эдуард Цюруцікаў, адзначае журналістка.

У Турчанковай склалася ўражанне, што для ДНРаўцаў была важная прысутнасць журналістаў пры дастаўцы цел да мяжы.

31 труна, якія пагрузілі ў фуру, была прамаркіраваныя налепкамі «Данецкая Народная Рэспубліка». Да кожнай з іх прыкладалася даведка Данецкага абласнога бюро судова-медыцынскай экспертызы ад 29 мая аб тым, што ні ў трупе, ні ў труне няма укладанняў, перамяшчэнне якiх праз мяжу Украіны забаронена.

Супрацоўнікі морга хадзілі са спісам імёнаў загінулых, і нават на пару імгненняў прадэманстравалі іх журналістам, але паглядзець уважліва або сфатаграфаваць не далі. Журналісты паспелі ўбачыць даведку на Сяргея Барысавіча Ждановіча, 1966 года нараджэння, і Юрыя Фёдаравіча Абросімава, 1982 года нараджэння.

Пра Ждановіча ў групе «Афганістан. Нішто не забыта, ніхто не забыты» ў «Вконтакте» пішуць, што ён быў інструктарам Цэнтра спецпрызначэння ФСБ Расіі ў адстаўцы, ветэранам Афганістана і Чачні, што 19 мая прыехаў у Растоў-на-Доне на вучэнні і 26 мая быў забіты ў Данецку.

Турчанкова адзначае, што ў моргу не хапіла месца, таму актывісты ДНР за дзень да адпраўкі прыгналі два грузавікі-рэфрыжэратары для перавозкі прадуктаў, куды пагрузілі частку загінулых. Целы захоўвалі ў халадзільніках фабрыкі марожанага. На бартах і даху грузавіка з гэтым грузам актывісты намалявалі фарбай чырвоныя крыжы і лічбы «200».

Памежнікі былі насцярожаныя, але, паглядзеўшы даведкі і зразумеўшы, які груз вязуць, прапусцілі фуру.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?