У вёсцы Парыж Пастаўскага раёну ўсталяваная копія Эйфэлевай вежы. Ажурнае мэталёвае збудаваньне на 25 мэтраў вянчае каталіцкі крыж.

Мясцовы ксёндз Ёзас Булька паведаміў, што ажыцьцявіць яго задуму дапамаглі спэцыялісты прадпрыемства «Глыбоцкія электрычныя сеткі».

Сьвятар кажа, што вёска Парыж рыхтуецца да свайго 200‑годзьдзя. Тут цяпер будуецца новы касьцёл, ствараецца музэй Яна Паўла II, будзе прыгожы парк.

«А які Парыж без Эйфэлевай вежы? Вельмі прыгожа выглядае! Пляную там асьвятліць крыж. Ну, так будзе мастацтва! Хаця гэта дзяржаўная палітыка — пашыраць турызм, але турызм мусіць быць цікавым».

Народныя паданьні сьведчаць, што колішняе беларускае паселішча назваў Парыжам Напалеон Банапарт падчас вайны 1812 году. Але ў савецкія 1970‑я, падчас масавых зьменаў так званых «немілагучных» і «буржуазных» назваў, вёску Парыж перайменавалі ў Навадруцак.

Вярнулі ж назву Парыж год таму. І вось што цяпер кажа старшыня мясцовага сельсавету Ядвіга Данілевіч:

«Калісьці будынкі КБА, крамы і сталовай былі закінутыя. Цяпер ксёндз Булька там робіць рамонт. Дапамагае нам упарадкоўваць. Людзям гэта падабаецца. Памяць застанецца. Малайчына ксёндз».

Са словаў старшыні сельсавету Данілевіч, вёска Парыж ня ўключаная ў сьпіс так званых аграгарадкоў Віцебшчыны. Тутэйшыя жыхары, аднак, ня скардзяцца.

Меркаваньне Яўгеніі Васілеўскай:

«Ну, ужо ж мы можам з гонарам сказаць: «Вось наша Эйфэлева вежа!». Пабудавалі ўжо басэйн. Таксама будзе нядзельная школа. Таксама будзе прытулак для старых. Калі пажыве наш Булька, то ўсё будзе!»

Ксёндз Ёзас Булька — настаяцель касьцёлу Сьвятой Ганны, што ў вёсцы Мосар Глыбоцкага раёну. Сьвятар служыць у Беларусі амаль дваццаць гадоў.

Свае справы і намеры тлумачыць наступным:

«Да нас прыяжджаюць тысячы людзей. Таму мы і ў наступны год будзем папаўняць нашу скарбніцу. Ня толькі я працую над гэтым, але ўсе людзі далучаюцца. Усе людзі любяць прыгажосьць. А прыгажосьць станоўча выхоўвае нашу моладзь».

Вячаслаў Кулік, Radio Free Europe / Radio Liberty

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0