Karen Stewart

Паслу ЗША ў Беларусі Карэн Сцюарт уручана нота пратэсту ў сувязі з санкцыямі, уведзенымі Мінфінам ЗША ў дачыненні да канцэрна «Белнафтахім». Пра гэта 15 лістапада паведаміў журналістам прэс‑сакратар беларускага МЗС Андрэй Папоў.

Паводле яго слоў, ноту перадаў 15 лістапада намеснік міністра замежных спраў Беларусі Віктар Гайсёнак. У дакуменце зазначана, што згаданае рашэнне ЗША парушае двухбаковыя дамоўленасці, а таксама нормы міжнароднага права. Беларускі бок патрабуе ад ЗША вярнуць арыштаваныя актывы іх уладальніку — «Белнафтахіму» — і зняць усе абмежаванні, а таксама здымае з сябе адказнасць за наступствы, якія можа пацягнуць гэтае рашэнне ЗША ў стасунках паміж суб’ектамі гаспадарання дзвюх краін.

Нагадаем, 13 лістапада Міністэрства фінансаў ЗША замарозіла ўсе банкаўскія рахункі «Белнафтахіма», што знаходзяцца пад юрысдыкцыяй ЗША і яго прадстаўніцтваў у Германіі, Латвіі, Украіне, Расіі і Кітаі, а таксама рахункі даччынай амерыканскай кампаніі «Белнафтахім Ю‑Эс‑Эй». Апрача таго, амерыканскім бізнесменам прадпісана ўстрымацца ад кантактаў з гэтым канцэрнам.

«Мы ўзмацняем санкцыі ў дачыненні да Лукашэнкі і яго найбліжэйшых памочнікаў, уводзячы абмежаванні супраць найбуйнейшага канцэрна, што знаходзіцца пад кантролем яго рэжыму», — заявіў начальнік аддзела кантролю замежных актываў Мінфіна ЗША Адам Шубін.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0