5 лістапада

Графіці ў падтрымку Дашкевіча

Уначы ў Шклове невядомыя расьпісалі палітычнымі графіці муры тутэйшай калёніі й прылеглых будынкаў. Інфармацыі пра затрыманьні не паступала. Нагадаем, што ў шклоўскай калёніі паводле абвінавачань¬ня ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі адбывае пакараньне Зьміцер Дашкевіч. Пазьней графіці ў абарону Дашкевіча зьявіліся ў Бабруйску.

Жалезьнічэнку адмовілі

Судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомелю Алена Цалкова адмовіла ў задавальненьні скаргі адлічанага студэнта Гомельскага дзяржунівэрсытэту Зьмітра Жалезнічэнкі на неправамерныя дзеяньні адміністрацыі ВНУ. Нагадаем, З.Жалезьнічэнку адлічылі з ВНУ 7 верасьня нібы за сыстэматычнае парушэньне правілаў унутранага распарадку ўнівэрсытэту. Зьміцер быў адным з арганізатараў канцэрту беларускіх бардаў 23 чэрвеня ў Гомелі.

6 лістапада

Беларускамоўныя блянкі дэклярацыяў з боем

У аэрапорце «Менск‑2» на мытні Зьміцер Жалезьнічэнка, які накіроўваўся ў Брусэль для ўдзелу ў моладзевай канфэрэнцыі, запатрабаваў блянкі дэклярацыяў па‑беларуску. Супрацоўнікі мытні спасылаліся на дзьвюхмоўе, але ў выніку блянкі ўсё ж адшукалі.

7 лістапада

Зачыстка ў Салігорску

Салігорская моладзь на цэнтральнай плошчы гораду правяла акцыю, прысьвечаную чарговай гадавіне Кастрычніцкага перавароту. Калі да помніка Леніну падыходзіла дэлегацыя райвыканкаму, сямёра юнакоў апранулі на сябе саколкі з надпісам «Камунізм пад трыбунал» і разгарнулі расьцяжку з такімі самымі словамі. Міліцыянты затрымалі Івана і Ільлю Шылаў, а таксама Крысьціну Самойлаву. Шылаў трымалі ляжачымі на сьнезе пакуль не пад’ехала машына, Івану разьбілі нос.

Рэшта ўдзельнікаў акцыі ўсклала вянок з калючага дроту, на якім было напісана «Ахвярам палі¬тычных рэпрэсіяў. 1917—1991. 1994—2007», да помніка Дзяржынскаму, што знаходзіцца побач з будынкам гарадзкой міліцыі.

Затрыманых пратрымалі больш за дзьве гадзі¬ны ў пастарунку. Старшы сьледчы салігорскай пракуратуры паведаміў Івану Шылу, што супраць яго пачынаецца расьсьледаваньне паводле арт. 363 КК «Супраціў работнікам міліцыі».

8 лістапада

Журналіста праслухоўвалі

У пракуратуру выклікалі гарадзенскага журналіста Івана Романа. Пракурор прадставіў яму раздрукоўку тэлефонных размоваў з рэдакцыяй радыё «Рацыя» ў Беластоку. І на падставе гэтага задаў яму пытаньне, ці не працуе ён без акрэдытацыі на замежным радыё. У верасьні Івану ўжо выносілі папярэджаньне за супрацоўніцтва з замежным радыё без акрэдытацыі. Іван Роман адмовіўся даваць паказаньні.

Юначкі страшацца КДБ

Моладзевую актывістку прафсаюзу РЭПам Марыю Дзюбу выклікалі да рэктара Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту харчаваньня. У прыёмнай яе чакаў малады чалавек, які прадставіўся супрацоўнікам КДБ. Ён меў зьвесткі пра месца працы бацькоў дзяўчыны, ксэракопію яе пашпарту. Ён цікавіўся патасоўкай, якая адбылася ў Менску падчас Сацыяльнага маршу, складам незалежнага прафсаюзу. КДБіст прапанаваў супрацоўніцтва. Марыя адмовілася. Суразмоўца страшыў магчымымі праблемамі ў вучобе.

11 лістапада

Сход БНФ пад міліцэйскі грукат

У Ваўкавыску на сход Партыі БНФ па вылучэньні дэлегатаў на Зьезд, што заплянаваны на 8—9 сьнежня, спрабаваў патрапіць кіраўнік мясцовай ідэалягічнай вэртыкалі. Удзельнікі сходу вырашылі яго не пускаць. У выніку, цягам усяго сходу, у жалезныя дзьверы безупынна грукаліся чатыры супрацоўнікі міліцыі. Побач прысутнічалі некалькі чалавек у цывільным. Пасьля мерапрыемства міліцыянты зрабілі спробу перапісаць пашпартныя зьвесткі ўдзельнікаў сходу.

Пратэстанты безь сьвятла

На выходныя ў Менску ў царкве «Новае Жыцьцё» ладзілася моладзевая малітоўная канфэрэнцыя. Сталічныя ўлады паспрабавалі перашкодзіць мерапрыемству. Да будынку прыехалі прадстаўнікі Энэрганагляду і кіраўніцтва міліцыі Маскоўскага раёну. Пасьля таго, як візытантаў не пусьцілі ў памяшканьне, будынак быў адключаны ад разьмеркавальнага электрашчыта.

СП

Швэдзкай сацыял дэмакратцы забаранілі ўезд у Беларусь

Сёньня ў Беларусь не ўпусьцілі мэнэджэра швэдзкага міжнароднага цэнтру Улафа Пальмэ Наташу Аляксееву. У аэрапорце «Менск 2» ёй не паставілі дазвольны для ўезду штамп з той прычыны, што яна мае два пашпарты — швэдзкі і расейскі.

Наташа Аляксеева — даўні партнэр беларускіх сацыял дэмакратаў. Яна неаднаразова была ў нашай краіне і да сёньняшняга дня ніякіх праблем у Аляксеевай не ўзьнікала. У Менск яна ляцела па запрашэньні БСДП.

ЗП

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0