Брэст у Брэтані, Бжэсьць у Польшчы, Берасьце - у Беларусі

Нямала паселішчаў Беларусі носяць імёны, укладзеныя зь беларускіх утваральных частак, адпаведныя гукавым законам беларускае мовы. Няцяжка здагадацца пра паходжаньне і значэньне назваў Полацак — на рацэ ПалацéСлуцак — на Случы, Масты, Бяроза, Гарадок, Каралёў Стан.

Сярод цяперашніх афіцыйных назваў гарадоў Беларусі Гродна, Круляўшчызна, Навагрудак, Драгічын, Брэст вылучаюцца, бо і гучаць не па-беларуску, і ня маюць празрыстага значэньня ў межах беларускае мовы. Кожнай з гэтых назваў адпавядае звыклая для беларускага вуха форма (слова, корань): горад, кароль, новы горад, дарога, бераст. Таму традыцыйныя назвы —

Горадня, Каралёўшчына, Наваградак, Дарагічын, Берасьце.

У гэтых каранях ёсьць так званае поўнагалосьсе — спалучэньні -ора-, -аро-, -ера-; яшчэ бываюць -ала- і падобныя. У польскай мове ім адпавядаюць няпоўнагалосныя -ro-, -re-, -le-: малако — mleko, варона — wrona, а таксама droga, gród (ва ўскосных склонах grodu), król(чытаюцца прыблізна як ґруд — ґроду, круль). Такім чынам, у згаданых вышэй тапонімах бачым вынік спольшчваньня беларускіх назваў у канцы існаваньня Рэчы Паспалітае Абодвух Народаў.

Русіфікацыя польскімі назвамі

Калі ў канцы XVIII ст. праз тры падзелы Рэчы Паспалітае Беларусь была захопленая Расейскай імпэрыяй, акупанты напачатку ня надта разьбіраліся ў этнамоўных нюансах далучаных тэрыторыяў (хаця споклічОтторженная возвратихъ і быў на мэдалі, выбітым да падзеі). Яны лічылі сваіх супраціўнікаў палякамі і карысталіся польскамоўнымі мапамі ды сьпісамі паселішчаў «возвращенных» тэрыторыяў, адкуль як умелі трансьлітаравалі тапонімы на расейскую.

Так, беларускі тапонім Горадня/Горадзен мае польскую вэрсію Grodno, зь якой расейскае (расейскі?) Гродно.

Адпаведна Каралёўшчына → Królewszczyzna → Крулевщизна, Навáгарадак (цяпер мясцовыя людзі кажуць Навáградак) → Nowogródek → Новогрудок.

(Можна дадаць іншыя, бяз поўнагалосься, прыклады, калі ў расейскай мове замацаваліся польскія формы беларускіх тапонімаў: Хвойнікі — Хойники, Янаў — Иваново.)

Але як стала расейскім «Брестом» спрадвечнае Берасьце (абоБерасьць)?

Эрык Дальбэрг. Панарама Берасьця. 1696

Эрык Дальбэрг. Панарама Берасьця. 1696

Старабеларуская назва гораду над Бугам пісалася Берестье, Бересте, Бересть.

Того ж року 96, за митрополита Рагозу, за Жикгимонта Третего, за канцлера Лва Сапегу, у Берестю правдиве на соборе владыка луцкий, владыка володимерский, владыка полоцкий, иных мало не вси приступили и подписалися до нового календару. (Баркулабаўскі лерапіс, 1596).

Яна вымаўлялася ў бальшыні дыялектаў беларускае мовы Берасьце, Берасьць. Апошняя форма жыве дагэтуль у гаворках навокал —Берэсьць, Бэрэсць, Бэрэсть. Націск на першы склад. Слова паходзіць ад назвы дрэва бераст — або назвы ўсіх вязавых (Ulmus L.), або канкрэтнага малога вязу Ulmus minor Mill., значэньне мае хутчэй за ўсё зборнае — бераставы гай. Дарэчы, гэты гатунак дрэва расьце не ва ўсёй Беларусі, але акурат у берасьцейскім рэгіёне дакладна ёсьць. Пагатоў ёсьць і легенда пра заблуканага набожнага купца, які ў балацявіне таго берасьця заграз, а выбраўшыся, паставіў храм, ад якога нібыта і пайшоў горад.

Дрэва бераст

Дрэва бераст

Дрэва бераст па-польску называецца brzost (бжост), а меркаваная зборная форма — Brześć (Бжэсьць). Адпаведна законам польскай фанэтыкі старажытны мяккі гук [r] становіцца шыпячым. Так палякі і завуць і свой Brześć (Kujawski, на Куявах, гістарычнай зямлі ў Вялікапольшчы), і наш горад (дадаючы залежна ад эпохі Litewski, nad Bugiem, Białoruski).

На першы погляд, наўрад ці такая форма магла даць расейскі Брест, ад якога цяперашні афіцыйны Брэст.

Няўжо сапраўды не абышлося без уплыву на галяманаў (аматараў францушчыны) расейцаў францускага (а дакладней, брэтонскага) Брэста на процілеглым канцы Эўропы?

Брэст

Брэст

Знакаміты нямецкі этымоляг (спэцыяліст у паходжаньні словаў) Макс Фасмэр, аўтар культавага «Этимологического словаря русского языка», фіксуе яшчэ «старажытнарускае» Берестье, якое, як і польскае Brześć, зьвязвае зь бе́рест «вяз». Далей ён сьцьвярджае: «Др.-русск. название было вытеснено польск. звучанием, которое претерпело видоизменение под влиянием франц. Brest (город в Бретани); см. Эльи 143; Ляпунов 190».

Як народжаны ў Берасьці, я зацікавіўся заяваю надзвычай аўтарытэтнага нямецкага русіста. Праверыў крыніцы, на якія ён спасылаецца.

Выявілася, што ані швайцарскі навуковец Johann Jacob Egli ў фундамэнтальнай працы «Геаграфічныя імёны» (Egli J. J., Nomina geographica. Sprach- und Sacherklärung von 42000 geographischen Namen aller Erdräume. Leipzig, 1893), ані расейскі мовазнаўца Барыс Ляпуноў нічога ня пішуць пра ўплыў брэтонскага Брэста на імя нашага Берасьця.

Ё. Я. Эльі ў пошуку паходжаньня назвы нашага «Брэста» пералічвае назвы дрэва і ўтвораных ад іх тапонімаў у заходне- і паўднёваславянскіх мовах: славенскі brêst, чэскія břest і Břestek і г. д. (Брэтонскі Брэст у яго асобным артыкулам, мае кельцкае паходжаньне.) Відавочна, расейцы не маглі запазычыць назвы з гэтых моваў. Хаця сучасны расейскі мовазнаўца Ул. Нярознак і лічыць, што нехта мог штучна скарыстаць для асваеньня назвы гораду стараславянскае (г. зн. старабаўгарскае) словабрѣстъ са значэньнем таго самага дрэва, але ў XVIII і XIX ст. па-расейску назва гораду пісалася празь літару е, а ня ѣ.

Б. Ляпуноў у 1899 годзе задаецца пытаньнем, адкуль зьявілася «нынешняя русская форма» Брест, і спыняецца на думцы, што яе магчымая крыніца — зрэдчас сустраканая форма Brest у старапольскіх тэкстах.

Так я зьнячэўку зьняпраўдзіў самога Фасмэра, усьлед за якім думку пра форму «Брэст» як наступства пецярбурскае галяманскае моды паўтараюць сучасныя мовазнаўцы і папулярызатары. І быў задаволены, знайшоўшы заяву буйнога беларускага этымоляга, індаэўрапеіста Віктара Мартынава: «Гіпотэза Фасмэра пра ўплыў францускага Brest на беларускі Брэст не вытрымлівае крытыкі».

Мэталічнае рэха лаціны

Папраўдзе форма Brest бывала ў пісьменстве Польшчы і Рэчы Паспалітае — але толькі ў тэкстах на лацінскай мове. Нагадаю, што ў Кароне Польскай лацінская была ня толькі богаслужбоваю, але фактычна дзяржаўнаю. На ёй пісаліся дакумэнты каралеўскай канцылярыі, вялося судаводзтва, і жывой польскай мове даводзілася пераадольваць ціск аўтарытэту высокаразьвітай і міжнароднай лаціны. У Вільні ж першымі лацінамоўнымі пісарамі былі палякі.

Польскі Brześć Kujawski спачатку, як і наша Берасьце, меў назву ніякага роду — Brzeście, з канца XIII ст. зьяўляецца Brześć мужчынскага роду. Па-старапольску і ў пісаных на лацінскай мове дакумэнтах назвы беларускага і польскага гарадоў перадаваліся аднолькава (і аднолькава непасьлядоўна).

Але па парадку.

Вітаўт на карціне Яна Матэйкі «Грунвальдзкая Бітва»

Вітаўт на карціне Яна Матэйкі «Грунвальдзкая Бітва»

Вітаўт, да таго як стаць Вялікім князем, стаў князем Берасьцейскім. Вось як выглядае гэты тытул па-лацінску ў подпісах пад дакумэнтамі:

Alexander alias Witoldus dei gracia duc Brestensisi et Hrodensisi etc. (1387)

Allexander alias Withowdus dei gracia dux Brzestensis et heres Hrodensis necnon aliarum terrarum Lythuanie et Russie (1388)

Апошняе значыць: «Аляксандар або Вітаўт, з ласкі Божай князь Берасьцейскі й дзедзіч Гарадзенскі, а таксама іншых земляў Літвы і Русі».

Бачым, што лацінскі прыметнік запісваецца то з польскім спалучэньнем Brze-, то ў форме Bre-. Апошняя — або памяць пра час, калі ў польскай мове яшчэ не было шыпячага памякчэньня [r], або спроба «лацінізаваць» назву, прыбраўшы характэрныя польскія гукі: рымляне ж дакладна ня ведалі спалучэньняў [бжэ] ці [пшэ]. Такі самы выпадак: горад Przemyśl, Пшэмысьль (Перамышль) у лацінамоўных дакумэнтах спрадвеку запісваўся Premislia.

Але ўжо ў прывілеі Берасьцю ад 1408 г. бачым: civitatis Brzestensis(гораду берсьцейскага). Аднак напісаньне назвы па-лацінску было нестабільнае. Ягайла як кароль польскі падпісвае наказ суду 7 кастрычніка 1427 г., і месца выданьня наказу пазначана Datum in Brest(«выдадзена ў Берасьці», гаворка пра нашае Берасьце Літоўскае).

Наагул у XV–XVI ст. прыметнік «берасьцейскі» ў дакумэнтах па-лацінску бытуе ў формах пераважна Brestensis, радзей Brescensis. Польскае шыпячае памякчэньне ў дакумэнтах на лацінскай мове зьяўляецца паступова, спачатку ў каронных дакумэнтах, а потым і ў літоўскіх. У сьпісе ўдзельнікаў цырымоніі выбараў Яна Сабескага (1674 г.) згадваецца Palatinus Brzescensis, Stephanus Kurcz = ваявода берасьцейска-літоўскі Стэфан Курч.

У сучаснай лацінскай мове, якая выкарыстоўваецца як богаслужбовая і навуковая мова каталіцкае царквы, аднавілі (не без уплыву ўкраінскіх грэка-каталікоў) поўнагалосную форму тапоніму. Дакумэнты Берасьцейскай вуніі ды яе стваральнікаў выйшлі ў 1970 годзе пад назовам Documenta Unionis Berestensis eiusque Auctorum (1590–1600).

Расея. Войны

У расейскіх дакумэнтах назва Берасьця зьяўляецца ў сувязі з войнамі. Так, расейскія аўтары — вайскаводы, выведнікі — апісваючы паходы маскоўцаў на Беларусь падчас крывавага «патопу» 1654–1667 г., пасьлядоўна ўжываюць форму Бресть, прычым жаночага роду:

В нынешнем, государь, во 164-м году, отшед от Брести в дватцати в пяти верстах в деревне Верховичях стали, и Павел Сопега учал готовитца с полскими людми против твоих государевых ратных людей на бой.

(Справаздачы — «отписки» — князя Аляксея Трубяцкога цару пра перамогі над «литовскими людьми», 1655 г.).

Дарэчы, адтуль жа пра «литовских людей»:

и милостью Божіею, и пречистой Богородицы помощью и заступленіемъ, и всѣхъ святыхъ молитвами, и отца твоего государева, великаго государя, святейшаго Никона, патріарха московскаго и всеа великія, и малыя, и бѣлыя Росіи молитвами, а твоимъ государевымъ… и сына твоего государева… счастьемъ, въ городкѣ Мыши литовскихъ людей, которыхъ застали, побили и языковъ взяли многихъ людей, и городокъ Мышь выжгли и совсѣмъ разорили безъостатку.

або

Разьня ў Амсьціславе. 1654

Разьня ў Амсьціславе. 1654

Форма Бресть — напалову фанэтычна польская: няпоўнагалосьсе, але няма шыпячага памякчэньня. Жаночы род тут, відаць, паводле расейскіх аналёгіяў: Рязань, Тверь, река Хмость.

Пераможны для расейцаў бой «под Брестью и в Верховичах» 1655 году на загад цара Аляксея Міхайлавіча пачалі культываваць. У адмысловы «Синодик по убиенных в брани» былі занесеныя дваране і баярскія дзеці, што загінулі «под Брестью», і некалькі стагодзьдзяў гэтая формула паўтаралася ў расейскіх цэрквах — яшчэ адна магчымая крыніца формыБрест.

Расея. Анэксіі

У дакумэнтах Кацярыны ІІ, якія датычаць адміністрацыйнага ўладкаваньня сьвежазахопленага «Сѣверо-Западнаго края», пануе тапанімічны разнабой.

…приписавъ къ Гроднѣ, на примѣръ остатки Новоградскаго, Брестъ-Литовскаго и часть Троцкаго воеводствъ… (указ «Аб падзеле Вялякага Княстыва Літоўскага на тры часткі і аб спосабе кіравання імі», 30.10.1794 г.).

…чтобы изъ первыхъ податей съ земли собранныхъ отложили вы и составили достаточные капиталы для главнѣйшихъ городовъ Литовскихъ, какъ то: Вильны, Гродно, Ковно, Бржеста, Розненны [відаць, Расіены — Raseiniai. — Аўт.], и другихъ по усмотренію вашему для вымѣну ассигнацій… (указ «Аб увядзеньні ва ўжытак асыгнацыяў ва ўсіх займаных войскамі мясьцінах Літоўскага Княства», 14.12.1794 г.)

Дакумэнты цікавыя ня толькі тапанімічным матэрыялам. Яны нагадваюць, што цяперашняя анэксія Крыму — ня першы захоп тэрыторыяў Расейскаю імпэрыяй. Альгарытм выпрацаваны, толькі мяняюцца геаграфічныя назвы. Вось указ ад 14 сьнежня 1795 году «О присоединеніи к Россійской Имперіи всей части Великаго Княжества Литовскаго, которая по прекращеніи мятежей в Литвѣ и Польшѣ занята была войсками», і Маніфэст пры ім. Тут яшчэ няма тэзаў пра прыналежнасьць да «рускага міра» захопленых земляў: захапілі паводле «права моцнага»« — і ўсё.

Божіею поспѣшествующею милостію, Мы, Екатерина Вторая, Императрица и Самодержица Всероссійская и проч. и проч. и проч.

Намъ любезновѣрнымъ подданнымъ Великаго Княжества Литовскаго Духовнымъ, Благородному Рыцарству и Земству, городамъ и всѣмъ обывателямъ.

Присоединивъ на вѣчныя времена къ Имперіи Нашей Области Великаго Княжества Литовскаго, въ нижеозначенной чертѣ лежащія, а именно начиная отъ предѣловъ Волынской Губерніи внизъ по теченію рѣки Буга до Бржеста Литовскаго, и спускаясь далѣе по теченію сей рѣки до предѣловъ Подляхіи, потомъ простираясь по рубежамъ Воеводства Бржестскаго и Новогрудскаго къ рѣкѣ Немену противъ Гродны (…) до моря Балтійскаго, такъ, что все земли, города и округи, въ сей черте находящіяся, навсегда имеютъ состоять подъ скипетромъ Россійской Державы, жители же техъ земель всякаго рода, пола, возраста и состоянія въ вечномъ подданстве онаго (…) Впрочемъ удостовѣрены Мы, что вы имѣя уже толикіе опыты попеченія Нашего о благѣ вашемъ, сохраненіемъ ненарушимой вѣрности Намъ и Преемникамъ Нашимъ и усердіемъ къ пользѣ и службѣ Государства Нашего потщитеся заслуживать продолженіе Монаршаго благоволенія.

Данъ въ Санкт-петербургѣ Декабря 14 дня, въ лѣто отъ Рождества Христова 1795, Царствованія же Нашего Всероссійскаго тридесять четвертое и Таврическаго четвертоенадесятъ.

Кацярына ІІ

Кацярына ІІ

Гэта значыць, чарговым ашчасьліўленым, у тым ліку беларусам, Кацярына прапаноўвала «заслугоўваць працяг Манаршае зычлівасьці» праз чатырнаццаць год пасьля расейскага захопу Таўрыі — Крыму.

У афіцыйным дакумэнце аб анэксіі беларускія тапонімы ўжываюцца ў фанэтычным (Немен) ці правапісным (Бржест) абліччы, блізкім да польскага.

Толькі з часоў Аляксандра ІІ (1802 г.) у дзяржаўнай дакумэнтацыі Расейскай імпэрыі пачынае пераважаць форма Брест, Брестскій.Нягледзячы на гэта, форма Бржест рэгулярна зьяўляецца ў расейскай практыцы нават у 1812 годзе: По занятии французами Вилны, Гродны, Ковны и Бржеста курьиры должны делать большой круг, переезжая к нам в армию… (В. Вяземскі).

Франкафоны не вінаватыя

Яшчэ адна гіпотэза — магчыма, Сувораў ды іншыя расейскія генэралы, будучы франкафонамі ды галяфіламі, зьмянілі назву важнага захопленага гораду. Зьвернемся да іхных рапартаў з 1794 году.

М. Рапнін — М. Салтыкову:... они [войски] найдутся близко Бржесца литовского, а потом по обстоятельствам властны будут потянутся к Слониму и тем обеспечить Несвиж и тамошнюю границу.

У лісьце да Кацярыны ІІ той самы Рапнін піша інакш:…Обращение войск, тут находящихся, к наступательным действиям много прибавят вам средств к скорейшему и окончательному истреблению бунта. Прибытие же господина графа Суворова-Рымникского с корпусом к Бржесту-литовскому и утверждение связи им и генерал-поручиком Дерфельденом и тот край обеспечит.

А. Сувораў — П. Румянцаву: Сираковский с иными генералами и по прежним известиям свыше 16000 при 28-ти орудиях, выступя из-под Бржесця, расположился при монастыре Крупчице, от Кобрина 15 верст, в намерении нас на другой день атаковать!

П. Пацёмкін — А. Сувораву: Вследствие победы, одержанной над неприятелем при монастыре Крупчиц, о новой и наиблистательной победе, одержанной вашим сиятельством в околичностях Бржесцы, представляю.

Т. Туталмін — П. Румянцаву-Задунайскаму: в заграничном местечке Кобрине, лежащем в семи милях от литовскогоБреста, ожидают токмо соединения конфедератов, дабы идти в наши пределы.

Урэшце, на двумоўнай расейска-францускай апэрацыйнай мапе штабу Суворава, укладзенай у Тарэспалі 8(19).IX.1794 г., па-расейску Брестъ, а лацінкай — Brzescz.

 

Французы ды іншыя эўразьвязаўцы

У самой гіпатэтычнай мове-крыніцы расейскага Бреста — францускай — пераход да новага расейска-імпэрскага стандарту напісаньня тапоніма адбываўся павольна. У пачатку XIX стагодзьдзя, падчас існаваньня напалеонаўскага Княства Варшаўскага, у французаў панавала ранейшае польскае напісаньне:

…sur la route que l’armée pourrait tenir en se portant par Brzesc sur Kamienieck. (Памятная запіска францускай урадавай камісіі з 1807 году) — пра ўтрымваную арміяй дарогу празь Берасьце на Камянец

Берасьце называў Briestie/Brestzie знакаміты швэдзкі інжынер Эрык Дальбэрг, які суправаджаў свайго караля падчас вайны.

На эўрапейскіх мапах XVII–XVIII ст. наш горад пазначаецца Brizestije(Антвэрпэн, 1612), Breßia al Brie∫tz (Амстэрдам, 1632), Bres∫ia(Амстэрдам, 1661), Brzesc (Лёндан, 1799).

Старая польска-лацінізаваная форма назвы гораду не была вядомая пазьнейшым заходнеэўрапейскім картографам. Больш за тое, многія зь іх трымаліся польскае формы Brzesc, хаця іншыя назвы на тэрыторыі Рэчы Паспалітай лацінізаваныя (Varsovie, Cracovie).

Я твайго не вазьму, я свайго не аддам

Такім чынам, француская мова і брэтонскі тапонім Brest ня маюць дачыненьня да ўзьнікненьня расейскага слова Брест. Форма гэтая ўзьнікла ў выніку складаных і невідавочных працэсаў асваеньня расейцамі польскай формы Brześć, магчыма, з пэўным уплывам на адукаваных расейцаў даўнейшага лацінскага напісаньня Brest - (таксама з паходжаньня польскага).

Назва Брэст, якая ў выніку ўтварылася, ня мае ў сабе кораню, ад якога пайшло першапачатнае імя гораду, і ў беларускай мове застаецца ізаляванай, чужароднай. Заканчваецца на -ст — для беларускіх паселішчаў фіналь дужа рэдкая. Праўда, ёсьць Пагост, але з празрыстаю словаўтваральнаю будоваю, ягоны жыхар будзепагашчанін. У расейскай прыдумалі назву жыхара «Бреста» — «брестчанин». Але па-беларуску ад «Брэст» немагчыма ўтварыць «брашчанін», бо гучыць штучна і сугучнае з коранем «брэша». Таму прыдумалі грувасткую канструкцыю брастаўчанін. Не параўнаць з гістарычным берасьцянінам ці больш сучасным берасьцейцам.

Вось такая цьмяная гісторыя ўзьнікненьня назвы «Брэст» для гораду над Бугам. Спляценьне чужых памылак і выпадковасьцяў, вынік чужынскай абыякавасьці да моўнае гармоніі гэтай зямлі. Адзін з найбольш значных гарадоў Беларусі не заслужыў на такі лёс.

Аддайма «Брэст» брэтонцам і лепш павучэмася ад іх уменьню бараніць сваю мову ў варунках, цяжэйшых за нашыя. А сабе пакіньма Берасьце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?