Берасьце — горад з унікальным геаграфічным становішчам, з Польшчай і Ўкраінай пад бокам, заўжды вылучаўся сваёй заможнасьцю ў параўнаньні зь іншымі абласнымі цэнтрамі Беларусі. І мяжа для дасягненьня і падтрыманьня гэтай заможнасьці зьяўляецца вялікай камэрцыйнай сілай.

У мінулыя бязьвізавыя часы кожны другі цягаў у Польшчу саляру (дызэльнае паліва), гарэлку, цыгарэты і вывозіў адтуль мяса, вопратку і ўсялякі «шырспажыў», які тут актыўна сплаўляўся. Вось так і жылі.

Часы зьмяніліся, штогод прымаюцца новыя і новыя забароны і абмежаваньні, апошняе зь іх: поўная забарона ўвозу на тэрыторыю Беларусі мясных прадуктаў з Польшчы, да таго ж з новага году гэтая краіна — у шэнгензоне.

А пакуль памежны бізнэс канчаткова ня счэз, у адзін з будніх дзён я накіраваўся ў Польшчу са знаёмым студэнтам на ягоным уласным аўтамабілі, каб на свае вочы пабачыць і адчуць, як ён ужо два гады зарабляе на жыцьцё і адукацыю, з раніцы ходзячы ва ўнівэрсытэт, а пасьля параў ганяючы штодзённа за мяжу.

Заправіўшы Фальксваген Пасат па поўнай салярай, мы накіраваліся на памежны пераход «Варшаўскі мост», але, пабачыўшы доўгую чаргу машынаў, мы перадумалі перасякаць мяжу тут і вырашылі дабірацца празь іншы пераход — той, што за 40 км, каля Дамачава. Па дарозе завіталі да жыхаркі адной з памежных вёсак, хуценька набылі два блёкі цыгарэтаў «Мore» з акцызнымі маркамі Ўкраіны, каб потым перапрадаць у два разы даражэй, наварыўшы з кожнага блёку па пяць даляраў.

На памежным пункце пры нязначнай чарзе давялося прастаяць дзьве гадзіны.Таму выдалася магчымасьць даволі пільна паназіраць за кіроўцамі, што стаялі на мяжы ў чаканьні сваёй чаргі. Я зразумеў, што больш за палову аўтамабіляў ехалі ў Польшчу з той жа мэтай, што і мы — «зьліць саляру», таму і пераважалі народныя Пасаты, якія маюць самы вялікі бак сярод легкавых машынаў — каля 100 літраў, значыць, 80 можна лёгка перапрадаць. Займаюцца гэтым і прывабныя жанчыны, і злыя мужчыны, і бедныя студэнты, і ціхія пэнсіянэры — галоўнае, каб патрэбная машына была.

Колькі ж можна зарабіць за адну такую паездку?

З маіх падлікаў выйшла наступнае: салярка ў калгасах, а дакладней, нелегальна ў спрытных мэханікаў, кіроўцаў ці брыгадзіраў, ідзе прыкладна па 1220 беларускіх рублёў за літар, калі на запраўцы каштуе 1610, у Польшчы ж перапрадаецца прыватнікам ці фэрмэрам ужо па 2,7 злотых — гэта 2100 нашых рублёў. Выходзіць, што на адным літры можна зарабіць 900—1000 рублёў, а прадаецца за адзін раз да 80 літраў, далей лічыце самі.

Акрамя «салярнага бізнэсу» майго студэнта‑таварыша вельмі цікавіць «тэлефонны бізнэс», ды і замоваў у яго на мабільныя слухаўкі з Польшчы заўжды шмат. Мы накіраваліся на тэлефонную базу ў Бяла Падляску. Добрыя тэлефоны тут каштуюць значна таньней у параўнаньні з коштамі ў нашых салёнах, розьніца да 70$, з газэтнымі — 30—40$, таму людзі і просяць, каб нехта прывёз тэлефон з Польшчы, а майму таварышу і прыемна зрабіць такую справу, ды і ў кішэню пакласьці грошы. А яшчэ і так званы «Ват» дапамагае, бо, купляючы тэлефон, замежны кліент атрымлівае спэцыяльны дакумэнт пра набыцьцё гэтай рэчы, і, вяртаючыся ў Беларусь, на мяжы ставіць пячатку, а ў наступны раз, наведаўшы гэтую краму з дакумэнтам, вяртае сабе 18 % ад кошту ( у нас так званы ПДК — падатак на дададзены кошт). Выходзіць, што, перапраўшы добры тэлефон нават па польскім кошце, наварваеш 15—25 даляраў.

Так мы набылі пяць тэлефонаў, але правесьці празь мяжу аднаму чалавеку легальна можна толькі адзін новы запакаваны тэлефон. Таму на мяжы каробкі ад тэлефонаў акуратна раскладваюць і хаваюць, а самыя апараты раскідваюць па кішэнях, туды мытнікі дакладна не палезуць.

У майго таварыша склалася традыцыя (паколькі дамоў польскае мяса везьці нельга, а ў Беларусі яму чамусьці заўжды бракуе часу паесьці) купляць мясныя польскія вырабы, спыняць машыну і з асалодай есьці. Часу на гэта хапае: чаканьне і чэргі — неад’емная частка такога бізнэсу.

Назад у Беларусь зноў вярталіся праз Дамачава позьнім вечарам. І толькі дзякуючы братэрскім стасункам паміж «саляравозамі» не давялося ў кілямэтровай чарзе стаяць цэлую ноч, бо адзін з пасатаў, прытрымаўшы рух у калейцы, дазволіў нашаму аўто праскочыць наперад пад самы шлягбаўм.

У размове «саляравозаў» я пачуў, што нібыта цяпер калгасную салярку, каб адрозьніваць ад заправачнай, будуць фарбаваць у чырвоны колер, а на мяжы будуць правяраць, на якой салярцы ты едзеш: звычайнай ці калгаснай чырвонай. «Ня можа быць, дурнота!» — супакоілі адзін аднаго «саляравозы» і глыбока ўздыхнулі.

У спэцыяльнай калейцы на Ват падышла нашая чарга, польскі мытнік хутка праверыў машыну і дакумэнты, а вось патрэбныя пячаткі ставіў 20 хвілінаў, але ўсё ж такі перадаў нас у рукі беларускага. Той, заўважыўшы нейкую падазронасьць і, можа, спадзеючыся злавіць злачынцаў, праверыў зьмесьціва багажніка і пад сядзеньнямі, ды незадаволена адпусьціў нас на беларускую зямлю, бо нічога супрацьзаконнага не знайшоў. «Фу! Пранесла!» — стомлена ўздыхнулі мы.

Пасьля таго, як я правёў палову сутак у машыне, родны ложак мне падаваўся больш родным і прыемным, а праца «саляравоза» сумнай, нэрвовай і безнадзейнай. Але кожны выбірае працу згодна з сваім талентам і ўласнымі магчымасьцямі, значыць, у паловы берасьцейцаў і жыхароў памежжа генэтычна закладзены талент для спэкуляцыі, галоўнае, каб толькі знайсьці, чым спэкуляваць. Вось такія вывады. Нонсэнс.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0