Кантракт коштам 8 мільярдаў эўра на пабудову двух сучасных рэактараў трэцяга пакаленьня быў падпісаны ў часе візыту Нікаля Сарказі ў Кітай.

Француская дзяржаўная энэргетычная кампанія Areva пабудуе іх для кітайскай Кітайскай ядзерна-энэргетычнай кампаніі Гуандун. Спраектаваныя фірмай Framatome, што належыць да групы Areva, рэактары будуць мець супольную магутнасьць 3400 мэгават. Яны пачнуць працу ў 2014 годзе, на паліве, якое будзе пастаўляць Areva, прычым пастаўка паліва закантрактаваная да 2026 году.

Як вядома, лукашэнкаўцы маюць намер даручыць пабудову беларускай АЭС расейцам. «Мы ўпэўнены на 99 %, што партнёрам па будаўніцтве атамнай электрастанцыі ў Беларусі будзе Расія», — заявіў намесьнік старшыні прэзыдыюму НАНБ Уладзімір Цімашпольскі тыдзень таму. На думку намесьніка кіраўніка НАНБ, «па тэхніка‑эканамічных параметрах расійскае абсталяваньне не саступае двум іншым вытворцам, пры гэтым яно больш таннае». «Акрамя таго, пры выбары расійскіх пастаўшчыкоў мы будзем мець агульнасьць мовы і тэхналёгій, магчымасьць у межах саюзнай дзяржавы атрымліваць крэдыты, рыхтаваць спэцыялістаў у расійскіх ВНУ», — дадаў Цімашпольскі.

Кітайцы, як бачым, кіруюцца іншай лёгікай.

У часе візыту Сарказі былі падпісаныя кантракты на дзясяткі мільярдаў эўра. Самы вялікі зь іх — закуп кітайцамі 160 самалётаў «Аэробус».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?