Міністэрства інфармацыі Беларусі не мае звестак пра факты дэзінфармацыі з боку расійскіх тэлеканалаў пры асвятленні ўкраінскіх падзей, гаворыцца ў адказе міністэрства на ліст прэс-сакратара ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Барыса Гарэцкага.

«Міністэрства інфармацыі не валодае звесткамі аб прыведзеных у вашай заяве выпадках «адкрытых абгавораў і дэзінфармацыі ў дачыненні да ўкраінскіх і беларускіх падзей, якія штодзённа маюць месца на цэнтральных расійскіх тэлеканалах,» і не мае права каментаваць парушэнне заканадаўства аб СМІ Расійскай Федэрацыі рэдакцыяй Першага канала», — гаворыцца ў адказе за подпісам намесніка міністра інфармацыі Сяргея Хільмана.

У сваім звароце Гарэцкі прасіў Міністэрства інфармацыі разгледзець скаргу Першага канала «Бежанка са Славянска ўспамінае, як пры ёй пакаралі смерцю маленькага сына і жонку апалчэнца» на прадмет парушэння закона «Аб СМІ» і ўзняць пытанне аб спыненні трансляцыі ў Беларусі расійскіх каналаў, якія сістэматычна парушаюць гэты закон.

У Мінінфарме паведамілі, што могуць адклікаць ліцэнзію ў тэлеканала ці радыёпраграмы «толькі ў выпадках грубага парушэння імі заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб ліцэнзаванні: калі ліцэнзаваная дзейнасць ажыццяўляецца ў мэтах, што супярэчаць інтарэсам Рэспублікі Беларусь, і калі вяшчанне ўтрымлівае звесткі, распаўсюд якіх забаронены ці абмежаваны заканадаўствам».

Нагадаем, з патрабаваннем спыніць у Беларусі трансляцыю цэнтральных расійскіх каналаў выступалі актывісты аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», а таксама прадстаўнікі грамадскага Камітэта салідарнасці з Украінай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?