Паабяцаў намесьнік міністра эканомікі Ўладзімер Адашкевіч, камэнтуючы нядаўняе павышэньне закупачных і адпускных цэнаў на мяса‑малочную прадукцыю, паведамляе БЕЛТА.

Намесьнік міністра патлумачыў рост цэнаў шэрагам прычынаў: ростам выдаткаў на вытворчасьць мяса‑малочнай ‑‑ цэны на дызпаліва і бэнзін павялічыліся на 45%, на ўгнаеньні — на 35%, удвая вышэйшымі закупачнымі цэнамі на гэтую прадукцыю ў сумежных дзяржавах, ‑‑ у Беларусі літар малака каштуе цяпер $0,53, у Смаленску ‑‑ $0,9, у Маскве ‑‑ амаль $1,26, значным падаражэньнем сухога малака (на 70‑90%) і іншай малочнай прадукцыі на сусьветным рынку. Па словах У. Адашкевіча, падвышэньне закупачных цэнаў і цэнаў на гатовую прадукцыю дапаможа захаваць рэнтабэльнасьць малочных заводаў, якая за 10 месяцаў склала прыкладна 13%.

Сп. Адашкевіч патлумачыў, што павышэньне цэнаў на мяса‑малочную прадукцыю суправаджаецца ростам рэальных грашовых даходаў насельніцтва, павышэньнем пэнсій і павелічэньнем тарыфнай стаўкі першага разраду. Нагадаем, што ў Беларусі з 1 лістапада працоўная пэнсія па ўзросту павышана ў сярэднім на 9,3% і складае BR345,3 тыс., а тарыфная стаўка першага разраду павышаная з Br65 тыс. да Br70 тыс. ‑‑ на 7,7%.

Варта адзначыць, што заява У.Адашкевіча супала з чарговым узьлётам цэнаў на сацыяльна значныя віды малочнай прадукцыі ‑‑ малако, сьмятана, тварог нізкай тлустасьці падаражэлі на 5,5%, а малочная прадукцыя больш высокай тлустасьці ‑‑ на 14,8%. Яшчэ ў кастрычніку ён абяцаў, што скачка цэнаў на сацыяльна значныя прадукты ня будзе, як і ня будзе выроўніваньня цэнаў на прадукты харчаваньня зь іх узроўнем у Расейскай Фэдэрацыі. Вялося таксама пра тое, што цэны на спажывецкія тавары ў Беларусі будуць павышацца ўмерана, у рамках інфляцыі. У прыватнасьці, цэны на малочную прадукцыю, з улікам павышэньня закупачных цэнаў, мусілі ўзрасьці прыкладна на 3% ў кастрычніку і лістападзе і ня больш як на 2% ў сьнежні.

Сямён Печанко, паводле БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0