Аляксандар Казулін

Сёньня пасьля доўгатэрміновага спатканьня з Аляксандрам Казуліным дадому вярнуцца ягоныя жонка і дочкі. Болей за месяц не было дакладных зьвестак пра здароўе палітыка, якога ужо паўтара гады трымаюць у віцебскай калёніі.

Сям’я Аляксандра Казуліна прыехала да яго на доўгатэрміновае спатканьне ў мінулую суботу, 24 лістапада. Калі напярэдадні я размаўляў з жонкай палітыка Ірынай, яна не хавала хваляваньня і згадвала, што апошні раз была на доўгатэрміновым спатканьні з мужам у студзені.

«Разам сабрацца і пагаварыць — гэта было так даўно, што я ўжо і забылася, як гэта бывае. Таму вельмі чакаю гэтай сустрэчы і спадзяюся, што яна пройдзе ў нас вельмі добра».

Год таму Аляксандр Казулін 53 дні трымаў галадоўку, якая закончылася тым, што ў Савеце Бясьпекі ААН была ўзьнятая праблема правоў чалавека ў Беларусі. Пасьля палітык доўга хварэў і дагэтуль трымаецца дыетычнага харчаваньня. Журналісты вельмі спадзяюцца на інфармацыю пра здароўе ад Аляксандра Казуліна ад ягоных сваякоў. Што да адміністрацыя калёніі, там зноў кажуць — з Казуліным нібыта ўсё добра. Група праваабаронцаў, у тым ліку Алег Воўчак, у нядзелю сустракаліся з намесьнікам начальніка калёніі Русланам Прымаком. Вось што яны пачулі ад міліцыянта.

«Мы яго спыталі, як Казулін пачуваецца? Адказаў, што бадзёра, настрой у яго добры. Мы запыталіся, калі яго адпусьцяць на волю. Міліцыянт выказаўся пра тое, што гэта будзе бачна пасьля амністыі».

Між тым паводле ранейшых зьвестак Аляксандр Казулін пад амністыю не падпадае і ня мае шанцаў на выхад на волю ўжо сёлета ці ў пачатку наступнага году. Пра гэта казалі ў Міністэрстве ўнутраных спраў. «Можа ў міліцыянтаў з калёніі іншыя зьвесткі?»,— зацікавіўся праваабаронца Алег Воўчак і згадаў пра нядаўнюю заяву міністра ўнутраных спраў Уладзімера Навумава пра неабходнасьць яшчэ адной амністыі.

Нагадаю, 25‑га лістапада Аляксандр Казулін адсьвяткаваў народзіны. Палітыку споўнілася 52 гады. Сустрэцца зь ім праваабаронцам не дазволілі. Алег Воўчак сказаў, што наведвальнікаў нават не пусьцілі ў будынак адміністрацыі і тады яны побач з ўваходам некалькі разоў гучна пракрычалі «Віншуем!» і «Свабоду Казуліну!»

«Сёньня запытаюся ў дачок Казуліна, ці было нас чуваць ў пакоі, дзе праходзяць спатканьні»,— сказаў Алег Воўчак.

Radio Free Europe / Radio Liberty

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0