Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў павысіць эфектыўнасць прадухілення пажараў ва ўмовах анамальнай спёкі.

Аб гэтым ён заявіў сёння на нарадзе аб мерах па пажарнай бяспецы ляснога фонду, зямель сельскагаспадарчага прызначэння і тарфянікаў.

«Дзякуй богу, што ў нас не адбываецца таго няшчасця, якое мы сёння бачым у Расіі, Украіне і іншых суседніх краінах, дзе бушуюць пажары і даводзіцца прыцягваць тысячы і тысячы людзей, вялікую колькасць тэхнікі для іх тушэння», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Неабходна зрабіць усё магчымае, каб дзяржаўная сістэма прадухілення і ліквідацыі надзвычайных сітуацый змагла эфектыўна супрацьстаяць усім негатыўным фактарам як тэхнагеннага, так і прыроднага характару», — запатрабаваў ён.

Паводле яго слоў, «самая галоўная прычына пажараў, гэтых бед і няшчасцяў — гэта людзі». Таму трэба распачаць максімум мер па недапушчэнні знаходжання людзей у лясах у гэты перыяд.

«Нічога, пацерпім 7-10 дзён, абыдземся без лясоў.

А калі туды прыйшлі, то ні ў якім разе не з запалкамі, запальнічкамі, цыгарэтамі, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Патрэбен кантроль і яшчэ раз кантроль».

«Не дай бог, успыхне лес — будзем марнаваць велізарныя сродкі, якіх сёння не хапае на тушэнне», — папярэдзіў Лукашэнка.

У ходзе нарады была наладжана сувязь са студыямі ва ўсіх абласцях краіны.

«Губернатары знаходзяцца на месцах і чуюць нас. І адказнасць разам з рэспубліканскімі органамі па надзвычайных сітуацыях, Узброенымі Сіламі, Мінлясгасам і іншымі будуць несці на роўных і мясцовыя органы ўлады, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Усё залежыць ад іх на месцы. Патрабуйце самага жорсткага выканання даручэнняў, пра якія я кажу і якія мы выпрацуем ў выніку гэтай нарады».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру