Беларуска‑славенскі інвестыцыйны праект на суму каля 6 млн.еўра рэалізаваны на Мінскім трактарным заводзе. У выніку яго ажыццяўлення на прадпрыемстве ўступіла ў строй новая лінія апрацоўчых цэнтраў, якую паставіла інжынірынгавая кампанія «Рыко» са Славеніі. Устаноўка сучаснага еўрапейскага абсталявання сусветных лідэраў па вытворчасці станкоў дала магчымасць знізіць сабекошт і павысіць дакладнасць апрацоўкі дэталей для выпуску энерганасычаных трактароў.

Як расказаў карэспандэнту БЕЛТА тэхнічны дырэктар прадпрыемства Леанід Крупец, у выніку мадэрнізацыі ў тры разы павялічылася прадукцыйнасць працы на ўчастку. Лінія працуе ўжо на комплексным участку поўнай механічнай апрацоўкі і кантролю карпусоў каробак перадач і карпусоў муфтаў счаплення цэха нумар 1 МТЗ. На новым абсталявані праводзіцца апрацоўка 5 мадыфікацый карпусоў каробак перадач і 3 мадыфікацый карпусоў муфтаў счаплення. Устаноўлена таксама кантрольна‑вымяральная машына, якая праводзіць абмер дэталей па ўсіх канструктарскіх параметрах.

Генеральны дырэктар «Рыко» Янэз Шкрабец адзначыў, што кампанія ўжо восем гадоў прысутнічае на беларускім рынку. «Рыко» супрацоўнічае з беларускімі аўтамабіле‑ і трактарабудаўнікамі, пастаўляе ім сучаснае металаапрацоўчае абсталяванне, якое дае магчымасць мадэрнізаваць вытворчасць і выпускаць канкурэнтаздольную на замежных рынках прадукцыю. Апошнія гады кампанія пашырае пастаўкі сваёй прадукцыі ў Беларусь.

«У Беларусі створаны добры інвестыцыйны клімат, гэтым і абумоўлена цікавасць замежных інвестараў да супрацоўніцтва з беларускімі партнёрамі, асабліва з такімі беларускімі гігантамі, як МТЗ, МАЗ. Можна гаварыць аб тым, што існуе жорсткая канкурэнцыя на беларускім рынку, паколькі працаваць з беларусамі імкнуцца прадстаўнікі многіх вядучых замежных кампаній», — падкрэсліў Янэз Шкрабец.

Славенскія інвестары перакананы, што Беларусь — краіна, якая стабільна развіваецца і спрыяльная для супрацоўніцтва. Менавіта таму іх супрацоўніцтва з Беларуссю — доўгатэрміновае і сур’ёзнае. «Рыко» пастаўляе сучаснае металаапрацоўчае абсталяванне не толькі са Славеніі, дзе размешчана штаб‑кватэра кампаніі, але таксама з Сербіі і Чарнагорыі, Харватыі, Македоніі.

Янэз Шкрабец высока ацэньвае намаганні беларускай дзяржавы па стварэнню спрыяльных умоў для дзейнасці замежных інвестараў, таму славенская кампанія неаднаразова праводзіла ў Мінску прэзентацыю магчымасцей замежных інвестараў і вытворцаў, што актыўна працуюць у галіне машынабудавання.

БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0