Паездка за мяжу бяз згоды начальcтва можа стацца падставаю для страты працы. Кіраўніцтва Баранавіцкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (БарДУ) 26 лістапада не працягнула кантракт са старшым выкладчыкам катэдры філязофіі й гісторыі Анатолем Трафімчыкам.

Афіцыйна кантракт не працягнуты за парушэньне дысцыпліны. Трафімчык напрыканцы 2006 году зьедзіў у Вільню на канфэрэнцыю гісторыкаў без дазволу рэктарату. Гэта палічылі за палітычную дзейнасьць.

Рэктар Васіль Качурка ў прыватнай гутарцы патлумчыў Анатолю, што афіцыйна ён выключаны за адсутнасьць на працы, але ў сапраўднасьці — за палітычную дзейнасьць.

Анатоль зьяўляецца кандыдатам гістаычных навук, абараняўся ў Інтсытуце гісторыі НАН Украіны. На Бацькаўшыне такі дыплём не прызнаны. Таму па заснаваньні БарДУ пачынаў працу дацэнтам. Потым быў «разжалаваны» да старэйшых выкладчыкаў. Адбылося тое амаль адразу па яго камэнтары пра бальшавіцкую кастрычніцкую рэвалюцыю для незалежнага баранавіцкага тыднёвіка «Intex‑press».

Пра тое, што адбылося потым, расказвае сам Трафімчык:

— Пасьля, у верасьні 2007 году рэктар не пусьціў мяне ў Польшчу, куды я быў запрошаны на канфэрэнцыю. Сказаў, што, маўляў, звольнім, тады і паедзеш. Рэктар закідаў мне публікацыі ў недзяржаўных выданьнях, такіх як «ARCHE», баранавіцкім «Intex‑press» ды «Ганцавіцкім Часе». На думку Кучуркі, такое нельга рабіць выкладчыку дзяржаўнай установы. Зразумела, гэта не пісалася ў пратаколе камісіі. Было, аднак, зазначана, што як выкладчык і навуковец я задавальняю ўнівэрсытэт. Але ідэалёгія патрабуе чысьціні.

Анатоль Трафімчык з гумарам камэнтуе падзеі, што адбыліся зь ім:

— Кіруючыся лёгікай Качуркі, паводле якой ён робіць мяне апазыцыянэрам за паездку за мяжу, можна прыйсьці да жахлівых высноваў, бо само кіраўніцва БарДУ езьдзіць за граніцу нашмат часьцей за мяне. Па‑другое, яны абвінавачваюць мяне ў апазыцыйнасьці на падставе маіх паблікацый. Але я друкаваўся і ў часопісе адміністрацыі прэзыдэнта «Беларуская Думка» —. Ці, можа, БД таксама апазыцыйная? А як патлумачыць, што кіраўніцва БарДУ не чытае БД, але чытае апазыцыйныя СМІ? Па‑трэцяе, сваімі дзеяньнямі яны выштурхоўваюць мяне ў палітычнае поле апазыцыі. Раней я ў саіх дзеяньнях намагаўся быць апалітычным. Каму гэта выгодна — уладзе ці апазыцыі?

На мае пытаньне, ці ня сталася беларуская мова, якой заўсёды карыстаецца Анатоль, падставаю для звальненьня, Трафімчык адказаў:

— Пра гэта ніхто адкыта ня згадваў. Праўда, па ўстанове даўно хадзілі перашэпты, што «вот он разговарівает на беларускай мове». Сярод выкладчыкаў я нават атрымаў мянушку «Беларус». Студэнты ж ставяцца да мовы на лекцыях нармальна.

Па сканчэньні кантракту, з 1 сьнежня, Анатоль зьбіраецца адпачыць. Хоча паляжаць на пячы ў бацькоўскай хаце, што ў Вялікіх Круговічах Ганцавіцкага раёну.

Адначасова будзе займацца навуковай дзейнасьцю. На сёньня сасьпела патрэба ў дапісаньні дзьвюх манаграфій па гісторыі 1‑й паловы ХХ стагодзьдзя і дзьвюх навукова‑папуляных манаграфій. Раней не ставала часу. Па словах Анатоля, ён ужо мае прапановы працы за межамі Беларусі. Ад Нямеччыны да Літвы. Будзе час вызначыцца.

Руслан Равяка, Баранавічы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0