Эпідэмія віруса Эбола выйшла з-пад кантролю, жыхары пацярпелых краін ігнаруюць інструкцыі, прынятыя пры каранціне. Рэсурс супрацоўнікаў арганізацыі «Дактары без межаў» (MsF) вычарпаны, а міжнародная супольнасць не выпрацавала адзінага плана дзеянняў, — выказваюць трывогу эксперты.

— У тых афрыканскіх краінах, найбольш пацярпелых ад віруса — Ліберыі, Гвінеі і Сьера-Леонэ,— пануе хаос і існуе небяспека пашырэння эпідэміі на іншыя краіны, — папярэдзіў эксперт Рады па міжнародных адносінах (CFR) на канферэнцыі, якая адбылася ў Вашынгтоне.

Жыхары супраціўляюцца

— Эпідэмія па-за нашым кантролем. Найбольш актуальнай праблемай ёсць тое, што супрацоўнікаў арганізацыі «Дактары без межаў» не хапае, і мы просім міжнародную супольнасць, каб іх хтосьці замяніў, — паведаміў эксперт CFR па глабальным здароўі Лоры Гарэт.

— У трох краінах, найбольш пацярпелых ад эпідэміі, асабліва ў Ліберыі і Сьера-Леонэ, людзі выступаюць супраць каранціну. Яны не пагаджаюцца на тое, каб хворых забіралі са сваіх дамоў, каб не заражаць іншых. Яны не хочуць адмаўляцца ад традыцый пахаванняў (мыццё цела памерлых у сям'і — Рэд.), чым павялічваюць рызыку заражэння, — патлумачыў Гарэт.

«СААЗ — практычна банкрут»

— Добраахвотнікі і медыцынскія работнікі, якія змагаюцца з вірусам, жывуць у пастаянным страху не толькі ў сувязі з рызыкай інфіцыравання, але і таму, што на іх часта нападаюць мясцовыя жыхары. Шырацца чуткі, што яны адмыслова заражаюць, — сказаў эксперт.

Ён таксама адзначыў, што Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) — «практычна банкрут». На апошняй сесіі быў урэзаны бюджэт на дзеянні ў адказ эпідэміі, і СААЗ можа толькі парадамі змагацца з праблемай. Толькі ўчора Сусветны банк аказаў надзвычайную дапамогу ў памеры 200 млн даляраў для Ліберыі, Сьера-Леонэ і Гвінеі. Пакуль намаганні па спыненні віруса трымаюцца галоўным чынам на добраахвотных ахвяраваннях і працы некалькіх соцень добраахвотнікаў.

«Я не ведаю, што рабіць, калі эпідэмія дасягне Парыжа, Лондана…»

Эксперт Джон Кэмпбэл, які быў паслом у Нігерыі ў 2004—2007 гг., даў сваю ацэнку сітуацыі. Ён адзначыў, што ўсе тры краіны, якія пацярпелі ад віруса Эбола, з'яўляюцца «вельмі слабымі дзяржавамі» і сваімі сіламі не стрымаюць эпідэмію. Усе тры краіны выходзяць з перыяду грамадзянскіх войнаў, ва ўсіх трох няма даверу простых людзей да урадаў.

Ён дадаў, што праблема хаваецца таксама ў росце ўрбанізацыі ва ўсіх трох краінах. Людзі з сельскай мясцовасці пераехалі ў прыгарадныя трушчобы, дзе перадача любога захворвання прасцейшая.

Эксперты папярэджваюць, што да гэтага часу — акрамя агульных кіруючых прынцыпаў СААЗ — не распрацаваны падрабязны стратэгічны план ўзяцця эпідэміі пад кантроль. — У мяне няма плана, што мы будзем рабіць, калі эпідэмія дасягае 22-мільённага хаатычнага горада Лагос у Нігерыі. У нас няма плана дзеянняў, калі эпідэмія дасягне Дакара, Лондана ці Парыжа. Мы не маем глабальнага стратэгічнага плана, — падкрэсліў Гарэт.

Надзвычайнае пасяджэнне СААЗ

У сераду ў Жэневе пачнецца пазачарговае пасяджэнне экспертаў СААЗ, якія ацэняць сітуацыю.

— Калі мы прызнаем, што маем справу з глабальнай пагрозай здароўю насельніцтва, то міжнародная супольнасць будзе вымушаная прымаць пэўныя меры, у тым ліку па распрацоўцы вакцын і медыкаментаў. Магчыма, мы ўвядзем больш жорсткі памежны кантроль і падрыхтуем пэўныя парады для міжнародных рэйсаў, — сказаў Гарэт.

Эксперт адзначыў, што ЗША звярнулі ўвагу на эпідэмію толькі тады, калі двое грамадзян гэтай краіны заразіліся вірусам. А людзі — доктар і медсястра — былі добраахвотнікамі з хрысціянскай місіі і заразіліся падчас працы. Абое былі дастаўлены ў ЗША і лечацца ў бальніцы ў Атланце. Ім праводзіцца эксперыментальнае лячэнне з дапамогай прэпарату, які не быў выпрабаваны на людзях. Вядома, што адзін з гэтых людзей пачуваецца добра. Але вы павінны быць асцярожныя. Там няма ніякіх доказаў, што паляпшэнню стану дапамагаюць менавіта лекі, — дадаў эксперт.

Вірус выклікае гемарагічную ліхаманку

Па апошніх дадзеных СААЗ, вірус Эбола прынёс у Ліберыі, Гвінеі і Сьера-Леонэ, а таксама ў Нігерыі, смерць 887 чалавек, 1603 чалавекі былі інфікаваны. Вірус, які выклікае гемарагічную ліхаманку, перадаецца праз кроў і вадкасці арганізма.

Пры гэтым небяспечна кранаць цела памерлага чалавека. Сімптомы захворвання: ліхаманка, унутраны і вонкавы крывацёк, а ў апошняй стадыі захворвання — ваніты і панос.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?