Спачатку я хацеў назваць гэты тэкст «Плач над брамай менскага кляштару бэрнардынаў», але таварыш сказаў, што так непрадукцыйна. Трэба пісаць станоўча, пазытыўна, каб даваць людзям надзею.

Згаджаюся. Я і сам спадзяюся на лепшае ды веру, што некалі прыйдзе час, калі разумныя гарадзкія ўлады выправяць ў Менску большасьць хібаў, якія цяпер робяць іх неразумныя папярэднікі. Зносяць жа ў нашы дні ў Дрэздэне пасьляваенныя дамы і аднаўляюць з нуля кварталы колішняга гістарычнага цэнтру — так званы Новы рынак. І мы ў Менску так зробім.

А пакуль трэба рыхтаваць глебу і ня траціць надзеі. Што і раблю.

Расейскія мультфільмы і Менскія бэрнардынскія муры

У канцы траўня сёлета выправіўся я на шпацыр па Верхнім горадзе. Натуральна, зайшоў і ў здадзены напярэдадні чэмпіянату сьвету па хакеі гатэльна-забаўляльны комплекс у былым мужчынскім кляштары бэрнардынаў.

Уражаньне брыдкае. Кіч, невуцтва, непрафэсіяналізм, культурная страта.

Ёсьць у архітэктуры цудоўнае паняцьце — гзымс. Па вялікім рахунку, гэта карніз, але гзымсам можна назваць любую гарызантальную канструкцыйную мяжу паміж рознымі элемэнтамі адной і той жа будыніны.

А ў сучасных расейскіх (і, адпаведна, беларускіх) будаўнікоў ёсьць паняцьце «заподліцо», г.зн. калі нешта не вытыркаецца зь нечага. Дахі прынята падшываць «заподліцо» з карнізам. Так было раней, так ёсьць і цяпер. Дах выступаў над сьценкай роўна настолькі, наколькі зь яе выступаў карніз (гзымс). Схадзіце паглядзіце, як падшыты дах на помніку архітэктуры XVII стагодзьдзя — Менскім кляштары бэрнардынаў — і параўнайце з сытуацыяй на суседнім жаночым бэрнардынскім кляштары.

Вось карніз (гзымс) і дах жаночага бэрнардынскага кляштару:

А вось тут адразу відаць гзымс і дах жаночага кляштару (справа) і плён «рэстаўратараў» з таварыства «Минская спадчина» (зьлева):

Так помнік архітэктуры барока нібыта накрылі дахам сялянскага гумна. Зрэшты, раней такое ўжо зрабіла РПЦ з бэрнардынскай камяніцай XVII стагодзьдзя (на іншым баку вуліцы, ніжэй), якая цяпер уключаная ў комплекс праваслаўнай Акадэміі.

Ну а далей — болей. Гляджу на першую ад вуліцы лапатку бэрнардынскага кляштару з боку рэчкі. Пад карнізам ёсьць нармальны ступеньчаты (ордэрны) гзымс. На другой — ужо толькі яго палова. На наступнай — няма наогул. Нібы нейкі п’яны дзядзька, махаючы кельмай, зьбіў непатрэбныя грані або замазаў іх тынкам, ня паглядзеўшы, што яго папярэднік учора на адной лапатцы іх пакінуў:

У вонкавым двары кляштара з боку рэчкі — пабудаваныя нейкія дзікія дамы з жоўтай (!) цэглы. Я спачатку быў падумаў, што гэта абліцовачная плітка, якой у 1970-я гады ў Менску абкладалі работніцкія інтэрнаты. Аказалася, гэта навюткая жоўтая цэгла дробнага памеру.

Некалі ў Менску сапраўды будавалі зь мясцовай жаўтаватай цэглы. Яе можна ўбачыць на некаторых фрагмэнтах ацалелых бэрнардынскіх муроў з боку вуліцы Герцана. Але там і колер іншы, і памер, і муравалі той цэглай уперамешку са звычайнай, чырвонай. А тут нешта новае, недарэчнае і безгустоўнае, што цалкам забівае ўсю гістарычную атмасфэру кляштарнага комплексу:

Пасьля гляджу на абкладзеныя шліфаванымі гранітнымі плітамі падмуркі гэтых жоўтых дамкоў. Хто, дзе і калі ў Менску ці Вільні рабіў такое? А тут у іх яшчэ зрэдку ўмураваныя і вартыя жалю каменьчыкі — відаць, як алюзія на гістарычныя падмуркі з сапраўдных валуноў. Цяжка стрымаць сьлёзы, але трэба, бо наперадзе нас чакаюць яшчэ горшыя канфлікты з гістарычнай рэальнасьцю:

Напрыклад, гэты расейскі праваслаўны крыж у двары колішняга каталіцкага кляштару. Гэта, вядома, недарэчна. Але яшчэ болей камічна… Калі, вядома, разумееш, што касая перакладзіна ў крыжа няправільная — трэба справа ўніз налева, а тут зьлева ўніз направа. Такія вось «вернікі» працуюць у «Минской спадчине»:

Вось брук пад лесьвіцай ганку. Навошта ён там? Ці не зразумела, што ён павінен быць у двары? Не хапае камянёў або задорага, зрабіце брук зьмешаны — часткова плітка, часткова камень, але ва ўсім двары. Усё ж будзе лепш, чым бэтонныя косткі штучнай формы:

А вось акно, форма якога не паддаецца архітэктурнаму вызначэньню. Магчыма, гора-рэстаўратары думалі, што яны робяць стральчаты (або сьпічасты) праём гатычнага вакна, але адкуль тут, у гэтым комплексе, готыка? Ды й скляпеньне гатычнага вакна мае зусім іншую форму, чым гэтае ўбоства:

І, нарэшце, падыходжу да брамы, якая закрывае ўваход у двор гандлёвых радоў (так званых «Віленчукоў») ззаду бэрнардынскага касьцёлу. Для мяне яна зьяўляецца кульмінацый эстэтычнага краху, які Менск перажывае у апошнія 15 гадоў. І справа нават ня ў тым, што такіх завесаў беларускія кавалі не рабілі і такіх «узораў-карункаў» не выраблялі. Кавалі якраз маглі зрабіць што заўгодна. Іншая рэч — гістарычная праўда. Тут мы сутыкаемся з убогасьцю выкананьня і ўбогасьцю эстэтыкі. Такіх завесаў на Менскіх брамах не было, як не было іх і ў іншых гістарычных гарадах Эўропы. Былі яны значна больш простых і вытрыманых формаў. Завесы рабілі з чорнага мэталу. А тут нейкі «мастак» прыдумаў такі вось ультра-кіч ды яшчэ вырашыў, што завесы раней вырабляліся зь мяккай медзі. А каб яна здавалася старой, ён яе падфарбаваў чорнай і зялёнай фарбамі, пакінуўшы і плямкі новай медзі:

Але галоўнае тут — эстэтыка формаў. Я думаю, што асноўнай эстэтычнай крыніцай для людзей, якія гэтыя завесы замовілі, вырабілі і ўхвалілі, зьяўляюцца… савецкія мультфільмы. Дакладна адтуль паходзяць усе гэтыя казачныя алебарды, вэнзэлі і завіткі. Уявіце сабе: мастакі і рэстаўратары, эстэтычныя алюзіі якіх паходзіць не ад Джота і Палядыё, але ад савецкай мультыплікацыі зь яе расейска-кічавымі каранямі.

Савецкія мульцікі цьвёрда заселі ў мазгах нашых людзей, у тым ліку беларускіх дызайнэраў і рэклямшчыкаў. Вось рэклямны плякат, які я ўбачыў у Менскім аэрапорце:

Зрэшты ў Беларусі ёсьць і іншыя ўзоры. Для прыкладу я сфатаграфаваў завесы ў замку беларускага мястэчка Любча і ў двух дамках XVII стагодзьдзя ў сталіцы Чэхіі Празе. Яны падобныя стылістычна і гістарычна праўдзівыя:

Завесы ў адной з башняў Любчанскага замку

Завесы ў адной з башняў Любчанскага замку

Завеса на браме дому XVII стагодзьдзя ў Празе

Завеса на браме дому XVII стагодзьдзя ў Празе

Завесы на браме дому XVI-XVII стагодзьдзяў у Празе

Завесы на браме дому XVI-XVII стагодзьдзяў у Празе

Тое самае можна сказаць і пра шмат якія іншыя гістарычныя аб’екты ў беларускай правінцыі. Вельмі шкада, што не пашанцавала менавіта Менску, дзе інфэрнальная антыкультура раз за разам перамагае культуру сапраўдную. Чужы культурны код засеў у галовах цяперашніх менскіх чыноўнікаў і гора-рэстаўратараў настолькі глыбока, што проста на генэтычным узроўні не дазвалаяе ім, напрыклад, накрываць дамы старога цэнтру дахоўкай: «Гэта ж Эўропа, Захад каталіцтва, бррр… Гідка!»

Усё мяняецца. І мае погляды таксама

Дзесяць гадоў таму ў эсэ «Каханы горад» (Гл. тут і тут) я пісаў, што не магу знайсьці ў Менску месца, дзе маёй беларускай душы і густу было б утульна: Высокі рынак (Пляц Волі) спляжылі безгустоўнай эклектыкай і зялёнай бляхай, а сталінскія палацы ўздоўж шырачэзнай трасы на Маскву (праспэкт Незалежнасьці), як здавалася тады, выпраменьваюць ідэалёгію пасьляваеннага савецкага задушэньня і занявольваньня Беларусі.

Прайшло дзесяць гадоў. Разбураюцца апошнія ацалелыя старыя дамкі ў гістарычным цэнтры, Нямігу заставілі псэўдагістарычнымі гмахамі. Менск мяняецца, будуецца. І куды не паеду, усюды з гарадзкой панарамы вытыркаюцца бэтонныя зубы хмарачосаў. Яны рвуць і рвуць цела гораду, яго прастору, а разам зь імі рвуцца і нашы нэрвы, нашае пачуцьцё прыгажосьці і гармоніі.

Стагодзьдзямі забудову кожнага гораду ў Эўропе і Амэрыцы рэгуляваў сваімі правіламі магістрат, гарадзкая ўлада. Напрыклад, у беларускіх местах нельга было будаваць сынагогі і мячэці вышэйшыя за хрысьціянскія храмы. Або вось у Вашынгтоне нельга будаваць дамы большыя за дванаццаць паверхаў. Калі нельга, то не будавалі і не будуюць. Справа простая.

А ў сёньняшнім Менску можна ўсё, бо чыста ўсё гарадзкім уладам «красіва». Здавалася, што можа быць прасьцей — выбраць месца для новага сучаснага гарадзкога цэнтру і заставіць яго шклянымі гмахамі, паркінгамі, гатэлямі, рэстаранамі і казыно. Але не. Баль правіць інвэстар, для якога паняцьці культуры і эстэтыкі — пусты гук. Галоўнае, каб было «ў цэнтры» і паболей квадратных мэтраў. У выніку — рваная прастора, неадпаведнасьць маштабаў, формаў, барваў, гвалт над панарамай і пэрспэктывай.

На ўзьбярэжнай Сьвіслачы ў раёне Гандлёвай-Зыбіцкай мелі ўнікальную магчымасьць для рэгенэрацыі некалькіх гістарычных вуліц і кварталаў — ня трэба было нічога зносіць, толькі сьпілаваць дрэвы. Замест гэтага зьнішчылі культурны пласт, аўтэнтычныя падмуркі старых дамоў і пабудавалі там псэўдагістарычныя аб'екты камэрцыйнай нерухомасьці, цывілізацыйная прыналежнасьць якіх не паддаецца вызначэньню.

Я праехаўся па сёньняшнім Менску і ўбачыў, што з усяго новага, што цяпер будуецца ў горадзе, больш менш гарманічнаю зьяўляецца забудова цяперашняга праспэкту Дзяржынскага. Там архітэктарам ідзецца ня толькі пра квадратныя мэтры, але і пра прыгажосьць. Пры тым, што дамагчыся эстэтыкі і гармоніі ў сучасным жыльлёвым будаўніцтве, ня ўпаўшы ў эклектыку, даволі цяжка.

Там жа знаходзіцца і адзін-адзіны новы будынак, які, на маю думку, зьяўляецца і сучасным, і прыгожым. Гэта гатэль «Рэнэсанс», які там нічога не псуе і нічому не замінае. Гатэль, несумненна, зьяўляецца творам мастацтва, у якім мне бачацца ўплывы Нормана Фостэра, а ў канечным выніку — алюзія на тэхніку прускага муру. Брава, менскі архітэктар Аляксандар Івашка!

Але і на праспэкце Дзяржынскага няма таго, што заўсёды мела клясычная архітэктура, — там няма канону.

Шкада, што ўсе мы сёньня ўжо забыліся на простую ісьціну: архітэктура захоўвала вяршэнства ў сыстэме мастацтваў на працягу апошніх трох тысяч гадоў. Я добра разумею, што Марка Вітрувія і яго «Дзесяць кніг аб архітэктуры» перасталі вывучаць яшчэ ў канцы ХІХ стагодзьдзя, я добра ўсьведамляю, што для антычнага і рэнэсанснага антрапамарфізму ў архітэктуры час мінуў, але ўсё часьцей і часьцей хаджу цяпер у адноўлены сталінскімі архітэктарамі цэнтар Менску, каб пасядзець дзе-небудзь у сквэры на вуліцы Леніна або на Камсамольскай і спакойна палюбавацца клясычнымі архітэктурнымі формамі — усімі гэтымі квадрыгамі, пінаклямі, антаблемэнтамі, мадульёнамі, дэнтыкуламі, тымпанамі, капітэлямі, пілястрамі і калёнамі. А таксама іх гарманічным сугуччам і суладзьдзем.

Усё ж сталінскія архітэктары былі мастакамі. Тыран выстаўляў ім ідэалягічную задачу, а яны яе вырашалі як таленавітыя творцы старой школы. А цяперашнія ладкіны* разам з гарадзкімі чыноўнікамі — усяго толькі інжынэрна-будаўнічая абслуга алігархаў.

*Архітэктар Алег Ладкін — аўтар дому Чыжа побач з Траецкім прадмесьцем.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?