У голым стэпе мочаць воінаў імперыі. А іх кіраўнік абвяшчае пра вялікую перамогу. Не, гаворка не пра сучаснасць — пра далёкае мінулае. Якое, магчыма, і не такое далёкае, як нам падаецца…

Рамзэс ІІ. Фота з Вікіпедыі.

Рамзэс ІІ. Фота з Вікіпедыі.

Вось вы думаеце, хто першым здагадаўся выкарыстоўваць сродкі масавай інфармацыі для стварэння свайго, скажам так, альтэрнатыўнага варыянту гістарычных падзеяў?

Не, канечне, гэта не той, на каго вы падумалі. І не доктар Гебельс. І, нават, не Талейран.

Першым да гэтага дадумаўся цар Егіпта Рамзэс ІІ. І было гэта каля 3300 год таму.

Нарадзіцца будучаму кіраўніку краіны давялося ў той час, калі некалі вялікая Егіпецкая імперыя знаходзілася ў цяжкім стане. За паўтара стагоддзі да ягоных народзінаў

фараон Тутмас ІІІ сваімі бесперапыннымі і пераможнымі вайсковымі кампаніямі пашырыў межы падкантрольнае Егіпту тэрыторыі ад Еўфрату да Нубіі,

што пераўтварыла ягоную краіну ў звышдзяржаву таго часу. Сын Тутмаса, Аменхатэп ІІ, сваёй моцнай рукой прымушаў ціха сядзець заваяваныя бацькам народы. Егіпет у той час паважалі і баяліся. І менавіта ён быў гарантам міру ў рэгіёне.

Але, мала заваяваць імперыю. Трэба яе яшчэ захаваць. А для гэтага патрэбныя рэсурсы.

Пры прапраўнуку Тутмаса ІІІ, фараону Аменхатэпу IV мы чытаем скаргі на тое, што фараон у якасьці пасагу за дачку кіраўніку дзяржавы Мітані (хаўруснай Егіпту) дасылае не залатыя статуэткі, а пазалочаныя.

І не толькі матэрыяльныя рэсурсы знікаюць.

Змяняюцца прыярытэты ў кіраўніцтва імперыі. Той жа Аменхатэп IV галоўнай сваёй мэтай бачыў не захаваньне імперыі, а перабудову жыцця ў самім Егіпце.

Дзеля чаго ён замяніў шматлікія культы шматлікіх багоў культам аднаго бога — Атона. Нават, імя сваё замяніў на «Эхнатон», што значыць «Угодны Атону», і перанёс сталіцу краіны з Фіваў у Амарну, дзе і займаўся сваёй сям’ёй (дзякуй богу, жонкай ягонай была прыгажуня Неферціці) і новымі стылямі мастацтва. І

калі кіраўнік Мітані зьвярнуўся па дапамогу ў барацьбе супраць маладой і драпежнай Хецкай дзяржавы, Эхнатон гэты зварот проста праігнараваў. У выніку, паўночныя ўскрайкі імперыі пачалі шукаць сабе новых гарантаў стабільнасьці і спакою. І галоўным прэтэндэнтам на гэтую ролю былі хеты —

заснавальнікі яшчэ адной звышдзяржавы Старажытнага Усходу.

Сын Эхнатона Тутанхамон (так, так, той самы) спрабаваў аднавіць міжнародны ўплыў Егіпта. Але куды там маладзенькаму хлопчыку было павярнуць у адваротны бок гістарычныя працэсы. А пасля ягонай смерці ў веку 19 гадкоў, трон увогуле апынуўся ў руках выскачак часоў Эхнатона. Вось і будучы Рамзэс ІІ нарадзіўся тады, калі царскі трон займаў Харэмхеб. Той, дарма што прасталюдзін, таксама спрабаваў (і, часам, небеспаспяхова) вярнуць Егіпту ягоную славу.

Продкі Рамзэса паходзілі з вайсковай арыстакратыі. Дзед ягоны шмат што зрабіў для аднаўленьня традыцыйнай рэлігіі пасьля Эхнатонавай замутні, і Харэмхеб, у якога не было ўласных дзяцей, прызначыў яго сваім пераемнікам. Такім чынам, на троне аказалася новая дынастыя, у планах якой было аднаўленне былой велічы Егіпта.

Заснавальнік дынастыі нічога ў гэтым накірунку зрабіць не паспеў, бо кіраваў усяго толькі два гады. А вось ягоны пераемнік, бацька Рамзэса ІІ фараон Сэці І, узяўся за справу, як кажуць, у поўны рост.

У першы ж год свайго кіравання ён дайшоў да тэрыторыі сучаснага сектара Газа (так, так, таго самага) і далей — да Лівану.

Такім чынам была адноўленай старажытная «Дарога Гора», якая ўяўляла сабой ланцуг егіпецкіх умацаванняў.

А далей ён накіраваўся ў Сірыю, дзе на рацэ Аронт стаяў горад Кадэш — істотны стратэгічны пункт паўночнага памежжа егіпецкай айкумены. Калісьці, пасьля перамогі Тутмаса ІІІ у бітве пры Мегіда, гэты горад адышоў егіпцянам. Але за часам Эхнатона ён быў згубленым і перайшоў пад кантроль хетаў.

Сэці моцным ударам разьбіў хецкае войска і ўвайшоў у горад. Разам зь ім быў і ягоны сын і пераемнік. Трыумфальнае пачуцце: «Кадэш — наш!», відавочна, моцна запала ў душу маладога прынца.

А яшчэ яму моцна запала ў душу ідэя, што пра свае трыумфы не трэба маўчаць. Вунь, Сэці прыйшоў у Кадэш, і адразу стэлу ў ім паставіў, у якой увекавечыў сваё дасягненне. І ў старадаўнім храмавым комплексе ў Карнаку пачаў будаваць велічэзную гіпастыльную залу, і ў Абідасе храм — і паўсюль на мурах запісы пакідае пра слаўныя свае ўчынкі. Вось пра каго будуць памятаць нашчадкі!

З гэтымі ідэямі і ступіў Рамзэс ІІ на егіпецкі трон. Да гэтага часу Егіпет зноў згубіў кантроль над Кадэшам (памятаем — мала заваяваць, патрэбны рэсурсы, каб утрымаць). І

вяртаньне «горада егіпецкай вайсковай славы» было для Рамзэса справай гонару.

Ён добра падрыхтаваўся да паходу ў Сірыю. Майстэрні, якія выраблялі зброю і баявыя калясніцы (асноўную ўдарную сілу таго часу), працавалі без выходных і абедзенных перапынкаў.

Калі на пятым годзе кіраваньня Рамзэса войска выправілася ў паход, у ім было ну ніяк не меней за 2 000 баявых калясніц.

Само войска складалася з чатырох буйных атрадаў, кожны з якіх насіў імя аднаго з чатырох галоўных егіпецкіх багоў: Амона, Ра, Сэта і Птаха. Адзін за адным рухаліся гэтыя атрады, расцягнуўшыся на шмат кіламетраў.

Напрыканцы траўня 1274 г. да н.э. войска падышло да Кадэша. Да Рамзэса, які ішоў з перадавым атрадам Амона, прывялі двух мясцовых жыхароў, якія распавялі, што войскі хецкага цара Муваталі ІІ знаходзяцца за пару сотняў кіламетраў ад Кадэшу. Як сцвярджаюць егіпецкія крыніцы (дый гэта пацвярджаюць далейшыя падзеі), гэта была дэзынфармацыя, якую хеты падкінулі егіпцянам. У хуткім часе былі злоўленымі яшчэ два чалавекі.

Пасля допыту з прымяненьнем «спецсродкаў» яны раскалоліся і прызналі, што з’яўляюцца хецкімі шпіёнамі. І што сілы Муваталі значна бліжэй.

Але, падобна, Рамзэс гэтай інфарамцыі не надаў патрэбнае ўвагі. Ці зрабіў з яе няверныя высновы. Так ці інакш, ён, замест таго, каб пачакаць астатнія сілы свайго войска, рушыў наперад з атрадам Амона і стаў лагерам на паўночны захад ад Кадэшу.

Бліжэйшым да егіпецкага лагера ў той момант быў атрад Ра. Крыху далей — атрад Птаха. І недзе зусім далёка пыліў па дарогах Сірыі атрад Сэта.

Каля дзясятка кіламетраў заставалася атраду Ра да лагера, калі іх знянацку атакавалі баявыя павозкі хетаў.

Потым Рамзэс наракаў на сваіх камандзіраў — маўляў, што ж яны не здолелі высветліць, дзе знаходзілася хецкае войска. А яно ж — вось было, рукой падаць — насупраць егіпецкага лагера праз раку Аронт. Але гэта — потым. А пакуль хеты зладзілі на рашнікаў добрае сафары. Егіпцяне былі атакаваныя на голым роўным месцы, у баявыя шыхты, зразумела, яны пашыхтавацца не паспелі, і шанцаў выратавацца ў іх не было. Тыя нешматлікія байцы, якія ацалелі, беглі да лагера, а за імі грукацелі цяжкія калясніцы хетаў.

Дабегчы яны дабеглі. Але што з таго?

Хецкія павозкі праламалі кволы парканчык з егіпецкіх шчытоў, і цяпер надышла чарга амонаўцаў шукаць пяты кут ва ўласным лагеры,

чым яны і заняліся. Сітуацыя для іх, відавочна, склалася больш чым сур’ёзная, бо яны і думаць забыліся пра свайго фараона.

А той у пэўны момант са здзіўленнем заўважыў, што вакол яго няма ні егіпецкіх павозак, ні егіпецкіх камадзіраў, ні егіпецкіх жаўнераў. Увогуле, няма анічога егіпецкага. Адны хеты.

Што яго выратавала ў той момант? Дапамагло тое, што лагер у той час нагадваў першабытны хаос, дзе падзеі ішлі без усялякага плану і сістэмы, і чалавеку можна было прасачыцца праз пабоішча, калі пашанцуе. А яшчэ сваю ролю адыграла, магчыма, і тое, што хеты, якія разграмілі (ну, так яны лічылі) сілы егіпцянаў, пераключылі сваю ўвагу на рабаўніцтва лягеру. Чым і скарысталіся іх ворагі.

Егіпецкія сілы, якія перажылі атаку лагера, згуртаваліся, разгарнуліся і нанеслі свой удар.

Больш лёгкія егіпецкія калясніцы мелі перавагу над хецкімі, якія літаральна вязнулі ў цесным лягеры. Хетаў выбівалі і егіпецкія лучнікі. Хеты, якія не чакалі такой хцівасці ад разбітага праціўніка, кінуліся наўцёкі да Аронта. Шмат хто з іх быў пасечаны, шмат каго прабілі егіпецкія стрэлы.

Тым часам,

Муваталі, які пабачыў няўдачу сваіх войскаў, кінуў на егіпцянаў дадатковыя сілы. Хецкія павозкі, гэтыя танкі бронзавага века, абышлі егіпецкі лагер з захаду і зноў пачалі атакаваць яго.

Невядома, чым бы гэта скончылася для Рамзэса (атрад Птаха ўсё яшчэ быў далёка ад месца падзеяў), але

нечакана для ўсіх удзельнікаў бойкі, на сцэне з’явіліся хаўрусныя егіпцянам сілы амарэяў.

Сумеснымі высілкамі егіпцяне і амарэі вытрымалі шэсць атакаў хецкіх павозак. А потым зноў прымусілі хетаў адступаць. Пры гэтым некаторыя хеты вымушаны былі кідацца ў воды Аронта, дзе і танулі.

Гэтым завяршыўся першы дзень бітвы. Ён жа быў і асноўным. Вядома, што на наступны дзень бітва аднавілася, але, мяркуючы па амаль поўнай адсутнасці звестак пра яе, яна не мела аніякага значэння. Кадэш хеты адстаялі, хоць і панеслі значныя страты. А

для Рамзэса галоўным дасягненнем было, безумоўна, тое, што ён застаўся жывы. З гэтым ён і павярнуў свае атрады ў зваротны шлях да Егіпта.

Вось на гэтым, уласна, і пачынаецца гісторыя бітвы пры Кадэшы. Менавіта гісторыя — як запісанае апавяданне пра тое, што адбылося. Пры гэтым, як разумееце, не заўжды істотна, наколькі тое, што запісана, будзе адпавядаць таму, што адбылося. Ну, урэшце, мы ж маем права на сваё бачанне падзеяў? А з астатнім хай гісторыкі разбіраюцца.

Такім чынам, галоўнае, не тое, што адбылося, а тое, як пра гэта распавесці. Рамзэс ІІ цудоўна гэта разумеў. Аж два тэксты былі прысвечаныя апісанню бітвы пры Кадэшы. Прычым адзін з гэтых тэкстаў, магчыма, быў напісаным у паэтычнай форме.

Рамзэс II штурмуе хецкую фартэцыю.

Рамзэс II штурмуе хецкую фартэцыю.

У тэкстах ад імя фараона падрабязна распавядалася, як Рамзэс, па віне нядбайных прыдворных, не здолеў высьветліць месца знаходжання варожага войска, як ён, калі застаўся адзін, граміў хетаў, як ён мужнасцю сваёй прымусіў хетаў ратавацца ў рацэ, і як на наступны дзень Мутавалі пачаў прасіць у яго міру.

Урыўкі з гэтых тэкстаў упрыгожылі сцены шматлікіх храмаў: у Карнаку, Абідасе, Луксоры, Абу-Сімбеле. І каб веліч фараонавых подзвігаў маглі ацаніць і непісьменныя, надпісы суправаджаліся шматлікімі барэльлефамі, якія ілюстравалі перамогу фараона і ганьбу хетаў.

Хеты, калі даведаліся пра такую інтэрпрэтацыю падзеяў, мякка кажучы, здзівіліся.

Цар хетаў Хатусілі ІІІ, які быў малодшым братам Мутавалі ІІ і сам удзельнічаў у бітве, напісаў ліст-скаргу Рамзэсу. На што атрымаў адказ у выглядзе пераказу рамзэсавай версіі: гэтакі старажытнаегіпецкі тролінг 80-га лэвалу.

«Вялікі, — казалі егіпцяне, гледзячы на масіраваную фараонаву прапаганду. — О, які вялікі фараон наш, Рамзэс!»

З таго часу так і прыляпіўся да Рамзэса гэты эпітэт: «Вялікі».

А Рамзэс, каб умацаваць гэтую веліч у вачах нашчадкаў, будаваў каласальныя архітэктурныя комплексы (у тым ліку — Рамесэум, апісаны яшчэ Дыядорам Сіцылійскім, які па маштабах сваіх быў супастаўляльным з пабудовай пірамідаў), перабудоўваў старажытныя помнікі і перабіваў у надпісах на сценах храмаў імёны сваіх папярэднікаў на сваё імя, каб прыпісаць сабе іхнія дасягненні.

І сапраўды, Рамзэс у народных паданнях застаўся вялікім палкаводцам, ваяром, царом. Успрымалі яго такім і навукоўцы-егіптолагі ХІХ—пачатку ХХ ст. Такім ён увайшоў і ў сусветную культуру. Колькі кніг, кіна- і анімацыйных фільмаў было яму прысвечана! У значнай ступені, думаю, менавіта ягоная слава сталася падставай для таго, што з часам ягонага кіравання знітоўваюць сыход габрэяў з Егіпта. А пра ягонага бацьку, Сэці І, які, сапраўды, браў Кадэш, цяпер памятаюць, магчыма, толькі фаны фільму «Мумія», дзе Сэці паказаны як ахвяра хцівасці сваёй наложніцы Анк-Сун-Амун і жраца Імхатэпа. А хеты… Хто пра іх памятае акрамя адмыслоўцаў у галіне Старажытнага Усходу? Яны ж не пакінулі сваёй версіі падзеяў…

Не, былі, канечне, у Рамзэса ІІ і паспяховыя паходы, і перамогі. І Кадэш ён усё ж захапіў. Зусім ненадоўга (рэсурсы, рэсурсы…). А

пасля двух дзесяцігоддзяў вайны з Хецкім царствам ён быў вымушаны пагадзіцца на дыпламатычнае вырашэнне канфлікту. Так з’явілася першая (з вядомых нам) міжнародная дамова: дамова паміж Егіптам і хетамі. Па гэтай дамове Кадэш заставаўся хецкім.

І імперыю ён так і не аднавіў. Бо не толькі маладзенькаму хлопчыку на троне, але й энергічнаму й дасведчанаму кіраўніку не дадзена разгарнуць у адваротны бок гістарычныя працэсы. Як бы прыгожа ты не распавядаў пра адваротнае.

Барацьба з хетамі канчаткова падарвала моц Егіпта.

Як і барацьба зь Егіптам падарвала моц хетаў. А потым яшчэ і нашэсьце гэтак званых «народаў мора» нанесла ўдар па абедзьвюх дзяржавах (дарэчы, яны і Кадэш разграмілі). А профіт ад гэтага ўсяго атрымала перыферыйная дзяржава Асірыя. Якая ў далейшым ператварылася ў звышдзяржаву і дала чалавецтву шматлікія вынаходніцтвы ў галінах вайсковае справы, падаткаабкладаньня і адміністраваньня. А таксама заваявала Егіпет, як і іншыя землі Блізкага Усходу.

Так заўжды бывае ў гісторыі — старая імперыя спрабуе захавацца праз кроў і хлусню. А ў выніку адбываецца выбух на перыферыі і ў гісторыі з’яўляецца зусім новая імперыя.

Так было з хетамі, якія былі перыферыяй імперыі Мітані. Так было з Персіяй, якая была ўскрайкам Мідыі. Так было з арабамі, якія бадзяліся паміж вялікімі дзяржавамі ранняга сярэднявечча. Так было з Іспаніяй, якая вызвалілася ад арабаў і падпарадкавала палову свету. Так было з Галандыяй, якая вызвалілася ад Іспаніі і падпарадкавала другую палову свету. Так было з брытанскімі калоніямі ў Паўночнае Амерыцы і з Масковіяй, заціснутай паміж Усходам і Захадам. І з кім яшчэ так будзе — тое залежыць мо і ад нас.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?