Актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага выклікаюць у Фрунзенскі РУУС Менску, каб вынесьці афіцыйнае папярэджаньне за «экстрэмізм».

Актывіст атрымаў позву за подпісам старшага інспэктара Фрунзенскага РУУС маёра Ўладзімера Чайкоўскага.

У позьве гаворыцца, што Вінярскі павінен зьявіцца 7 жніўня для вынясеньня афіцыйнага папярэджаньня. Пра «экстрэмізм» там ня згадваецца. Аднак праваабаронцы вылічылі яго «сьлед» паводле ўскоснай інфармацыі, паведамляе сайт праваабарончага цэнтру «Вясна».

У размове з карэспандэнтам Свабоды Максім Вінярскі адзначыў, што ўпершыню сутыкаецца з такім фарматам перасьледу.

«У позьве не пазначана, зь якой прычыны. Там гаворыцца, што адпаведна з артыкулам 10 закону ад 4 лютага 2007 году № 3. Магчыма, што гэта закон пра «экстрэмізм». Але ў позьве гэта не пазначана і сама нагода не тлумачыцца. Таму заўтра прыйдзем, паслухаем, што скажуць. Мяне так запужаць не атрымаецца. Калі гэта спроба запалохаць, то гэтая спроба дарэмная», — сказаў актывіст.

У траўні Вінярскі адбыў 12-суткавы арышт. Затрымалі яго 22 красавіка ў Менску на выхадзе з гандлёвага цэнтру «Карона». Актывісту заявілі, што ён «падобны да чалавека, які знаходзіцца ў вышуку», аднак ужо ў аддзяленьні міліцыі яго абвінавацілі ў непадпарадкаваньні і склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні. У той жа дзень судзьдзя Фрунзенскага суду Менску Людміла Лапо прысудзіла Вінярскаму 12 сутак арышту. У турме ён абвясьціў галадоўку. На волю ён выйшаў перад пачаткам чэмпіянату сьвету па хакеі ў Менску, які раней заклікаў байкатаваць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?