Былога камандзіра роты Гарадзенскага раённага аддзелу дэпартамэнту аховы МУС Аляксандра Сяргейчыка Вярхоўны суд прысудзіў да вышэйшай меры пакараньня.

Паводле інфармацыі «Комсомольской правды» в Белоруссии», колькі дзён таму прысуд у дачыненьні А. Сяргейчыка быў выкананы.

Аляксандра Сяргейчыка вінавацілі ў зьдзяйсьненьні шматлікіх цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў у пэрыяд з 1992 па 2006 гг. Напрыканцы траўня Вярхоўны суд прызнаў яго вінаватым у зьдзяйсьненьні шасьці забойстваў з асаблівай жорсткасьцю, згвалтаваньнях, крадзяжах маёмасьці і агнястрэльнай зброі, захоўваньні і перавозцы зброі і г.д. Бяздоказнымі засталіся яшчэ пяць забойстваў, у якіх вінавацілі былога міліцыянта.

Гучная справа пацягнула за сабой звальненьне пракурора Гарадзенскай вобласьці, яго намесьніка і пракурора аднаго з раёнаў Горадні. Паводле генпракурора Беларусі Пятра Міклашэвіча, адстаўкі былі выкліканыя парушэньнямі ў часе сьледзтва па справе Сяргейчыка. Як вынікае з журналісцкага расьсьледваньня, зладжанага «Гродзенскай праўдай», затрымаць злачынцу маглі нашмат раней, што б захавала жыцьцё ягоным ахвярам. Тым ня менш, А. Сяргейчык працягваў працаваць у міліцыі, уздымаўся па службовай лесьвіцы, скончыў Акадэмію МУС. Варта адзначыць, што на суд над «гарадзенскім чыкацілам» не зьявіўся ніводны супрацоўнік міліцыі, а афіцыйнага прабачэньня гарадзенцы дачакаліся толькі ад міністра МУС Уладзімера Навумава.

СП, паводле «Комсомольской правды» в Белоруссии»

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру