Сябры арганізацыі «Дактары без межаў» у Ліберыі.

Сябры арганізацыі «Урачы без межаў» у Лібэрыі.

Успышка эпідэміі віруса Эбола ў Заходняй Афрыцы набыла катастрафічныя маштабы.

Паводле дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), на 23 ліпеня быў адзначаны 1201 выпадак заражэння вірусам, ад інфекцыі памерла больш за 670 чалавек.

СААЗ выдаткоўвае на барацьбу з эпідэміяй 100 млн долараў.

На надзвычайным саміце, які адбыўся ў у сталіцы Гвінеі Канакры, прэзідэнты Сьера-Леонэ, Ліберыі і Гвінеі вырашылі ўсталяваць санітарныя кардоны на межах рэгіёнаў, максімальна ахопленых вірусам Эбола.

«Але ці дастаткова гэтага, каб прадухіліць пранікненне смяротнага захворвання на тэрыторыю іншых краін і кантынентаў?» — піша Deutsche Welle.

«Мы павінны са шкадаваннем прызнаць, што распаўсюджванне віруса Эбола не ўдаецца ўзяць пад кантроль», — кажа Максміліан Гертлер (Maximilian Gertler), тэрапеўт, член даследчай групы Інстытута імя Роберта Коха па барацьбе з інфекцыямі і ўдзельнік місіі «Дактары без межаў» у Заходняй Афрыцы.

Ён толькі нядаўна вярнуўся з Гвінеі і кажа, што вырашальную ролю ў барацьбе са смяротным вірусам мае прафілактыка, але у многіх ахопленых вірусам раёнах Афрыкі правесці яе неверагодна складана, прызнае Гертлер.

Еўропа ў небяспецы?

Выпадак захворвання ў Іспаніі, як і падазрэнні на заражэнне вірусам Эбола ў Лондане і Бірмінгеме не пацвердзіліся.

У групе рызыкі апынуліся еўрапейцы, што вярнуліся з краін, дзе былі зафіксаваныя ўспышкі самай небяспечнай на сённяшні дзень эпідэміі. Але нягледзячы на тое, што трывога аказалася памылковай, неспакой у Вялікабрытаніі нарастае.

Брытанскі ўрад стварыў крызісны штаб «Кобра», мэта якога — вызначыць спосабы барацьбы з захворваннем. Міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Філіп Хаманд назваў эпідэмію ліхаманкі Эбола сур'ёзнай пагрозай і выказаў занепакоенасць тым, што ў краіну можа прыбыць чалавек, інфікаваны смяротным вірусам.

Еўрапейскія краіны павысілі ўзровень аховы межаў.

На італьянскае ўзбярэжжа штодня высаджваюцца сотні выхадцаў з Афрыкі. Сярод іх шмат жыхароў Сьера-Леонэ.

У італьянскім міністэрстве аховы здароўя ўпэўненыя, што, хоць небяспека і існуе, але трох тыдняў інкубацыйнага перыяду дастаткова для таго, каб сімптомы захворвання ў нелегальных мігрантаў паспелі праявіцца яшчэ падчас іх падарожжа праз акіян. Стан здароўя ўсіх, хто прыбывае ў Італію, правяраецца на месцы экспертамі ў рамках праграмы па прадухіленні караблекрушэнняў MareNostrum і спецыяльна падрыхтаванымі супрацоўнікамі.

Міністэрства аховы здароўя Францыі таксама перакананыя, што ў краіне ёсць усе магчымасці для прадухілення распаўсюджвання смяротнага захворвання.

Бельгійскі прафесар Пітэр Піёт, дырэктар Лонданскай школы гігіены і трапічнай медыцыны, які знаходзіўся ў складзе групы навукоўцаў, што выявілі ў 1976 годзе вірус Эбола, упэўнены: рызыка яго распаўсюджвання вельмі невялікая.

Калі інфікаваны вірусам чалавек паедзе ў Еўропу, ЗША ці краіны Афрыкі, то гэта не пацягне за сабой ўспышкі эпідэміі, заявіў вучоны ў інтэрв'ю агенцтву AFP.

«Я не думаю, што трэба турбавацца з-за верагоднасці распаўсюджвання ліхаманкі Эбола сярод жыхароў Еўропы. Для таго, каб гэта адбылося, неабходныя больш цесныя кантакты з тымі, хто заражаны вірусам», — пераконвае прафесар Пиот.

«Як эпідэміёлаг я знаходзіўся ў прывілеяванай сітуацыі і фактычна не ўступаў у кантакт з хворымі, — распавядае адзін з адкрывальнікаў віруса Эбола. — А ў тых рэдкіх выпадках, калі гэта даводзілася рабіць, кантакт ажыццяўляўся праз шчыльныя слаі ахоўнага касцюма. У мінулым яшчэ ні адзін наш супрацоўнік не заразіўся і не стаў прычынай пранікнення віруса на тэрыторыю якой-небудзь краіны».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру