Супрацоўнікі органаў унутраных спраў, вайскоўцы ўнутраных войскаў МУС Беларусі, мясцовыя жыхары працягваюць пошукі вучаніцы 2-га класа Беларучскай сярэдняй школы, якая знікла 23 лістапада ў Лагойскім раёне Мінскай вобласці. Прачэсваецца мясцовасць, інфармацыя аб дзіцяці перададзена ва ўсе падраздзяленні міліцыі, на Беларускую чыгунку. Пра гэта БелаПАН паведамілі ў аддзеле інфармацыі і грамадскіх сувязей УУС Мінаблвыканкама.
Сямігадовая Ірына Кужэльная 23 лістапада прыкладна ў 13.30 пайшла з дому, і дагэтуль яе месцазнаходжанне невядомае. Яе прыкметы: на выгляд сем-восем гадоў, рост 130—135 см, хударлявага целаскладу, валасы светлыя. Была апранута: чорная шуба, чорная вязаная шапачка з аранжавым адваротам, сінія штаны, фіялетавыя боты. Дзіця можа знаходзіцца ў суправаджэнні незнаёмага мужчыны.
Дзяўчынка аб'яўлена ў рэспубліканскі вышук, па факце яе знікнення распачата крымінальная справа. Следства разглядае некалькі версій, у тым ліку магчымасць здзяйснення ў дачыненні да дзіцяці злачынства, ДТЗ. Не выключаецца, што дзяўчынка магла і самастойна сесці на які-небудзь транспарт і паехаць у незнаёмым напрамку. Школьніца разам з маці толькі ў гэтым месяцы пераехалі ў Лагойскі раён, дзяўчынка дрэнна ведае мясцовасць.
Фота Ірыны Кужэльнай. www.guvd.gov.by |