У сувязі з уведзенымі Масквой абмежаваннямі на пастаўку заходняй харчовай прадукцыі ў Расію Беларусь можа чакаць дэфіцыт такіх тавараў. Такое меркаванне ў каментары БелаПАН выказаў незалежны эканаміст Сяргей Чалы.

«Сітуацыя такая: або ўнутраны рынак абараняць, або грошы зарабляць у Расіі. У нас па-іншаму не бывае, сваю ж вытворчасць нарошчваць не можам. Па малочнай і мясной прадукцыі ўсё ўпіраецца ў недахоп кармоў», — адзначыў эканаміст. 

«Мяркуючы па вопыце 2011 года, будзем мець дэфіцыт на ўнутраным рынку і любымі спосабамі нарошчваць экспарт дзеля валютнай выручкі. Рана ці позна паўстане пытанне: а дзе ялавічына на паліцах, малако, кефір?» — прагназуе Чалы.

Пры гэтым ён адзначае, што ўвоз замежнай прадукцыі на замену беларускай будзе абцяжараны з-за абмежаванняў, дзейных у дачыненні да імпарту на ўзроўні Мытнага саюза. «Так лёгка, як у 2011 годзе, закупляць польскае мяса, а сваё гнаць у Расію — не атрымаецца», — падкрэсліў эканаміст.

Чалы не лічыць, што Беларусь падтрымае Расію і таксама абмяжуе экспарт замежнай харчовай прадукцыі. «Ва ўказе прэзідэнта Расіі прапісана, што гэта нацыянальныя меры, ніякага дачынення да Мытнага саюза яны не маюць», — заўважыў эксперт. 

Пры гэтым ён прагназуе адраджэнне схем рээкспарту заходняй прадукцыі пад выглядам беларускай: «І яблыкі польскія стануць беларускімі, і вустрыцы ў нас пачнуць вырошчваць, і фуагра з`явіцца — усё што заўгодна. Будуць цэхі па пераклейцы этыкетак — нам гэта не ўпершыню». 

Аднак, лічыць Чалы, улады Беларусі зробяць стаўку на замяшчэнне заходняй прадукцыі ўласнай. «Прынамсі, па мясе і малацэ — яблык у нас таварнага выгляду няма», — дадаў эканаміст. 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру