Неадназначны ўкраінскі палітык, які з 5 сакавіка па 10 чэрвеня выконваў абавязкі кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта, Сяргей Пашынскі даў вялікае інтэрв'ю сайту «Украінская праўда».

У апублікаванай раней першай частцы гэтага інтэрв'ю ён працытаваў аднаго з лідэраў суседняй дзяржавы (журналіст «УП» выказаў здагадку, што гэта быў Лукашэнка) пра тое, што падрыхтаваны план анексіі Украіны ляжаў у Пуціна на стале яшчэ ў маі мінулага года.

Цяпер жа Пашынскі падзяліўся сваімі думкамі пра абстаноўку ў Данецкай і Луганскай абласцях.

— На Луганшчыне і на Данетчыне пратэсты мелі трошкі розную прыроду. На Луганшчыне гэта была, перш за ўсё, сацыяльная антыфеадальная рэвалюцыя, а ўжо потым — падзеі, скіраваныя супраць Кіева.

На Данетчыне гэта была з самага першага дня крымінальная расійская інспіраваная вакханалія.

Многія ідэалісты на першым этапе шчыра хацелі для сваёй Луганшчыны нейкага пазітыву. Але яны былі ўцягнутыя ў гэтую крывавую мясарубку тэрарызму і сепаратызму. Першая прэтэнзія, якую выказалі луганскія прадстаўнікі, ведаеце, якая была? «Што з вамі гаварыць, вы да гэтага часу Яфрэмава не пасадзілі, які рабаваў нашу вобласць».

Расія адсочвала гэтыя кантакты, блакавала, правакавала. Тады яны яшчэ не змірыліся з тым, што не змогуць адхапіць палову Украіны. Затым сітуацыя выйшла з-пад кантролю і расійскага, і нашага, і нават тых жа тэрарыстаў.

— Вы сцвярджаеце, што Расія зараз не кантралюе сітуацыю на Усходзе?

— Абсалютна. Там вельмі складаны мікс сацыяльнага, крымінальнага, тэрарыстычнага і іншых пратэстаў. Вы паглядзіце, што адбылося. Тысячы людзей атрымалі ў рукі зброю. Калі хтосьці і думаў, што будзе тузаць за нітачкі — дык вось і не выйшла. Некаторыя з гэтых людзей палітычна матываваныя, некаторыя — крыміналітэт, хтосьці — люмпены.

Тыя падзеі, якія адбываліся ў Луганску — гэта была квазі-копія нашага кіеўскага Майдану. Адзінае адрозненне — на пачатковым этапе яны атрымалі тысячу адзінак агнястрэльнай зброі.

Дарэчы, што цікава — першапачаткова ідэя стварыць добраахвотніцкі батальён МУС ўзнікла ў шэрагах луганскіх сепаратыстаў. Мы дамовіліся з імі аб тым, што неяк мірна адрэгулюем гэтую сітуацыю, і першы батальён павінен быў сфармавацца акурат з людзей, якія тады захапілі СБУ.

Яны былі гатовыя аддаць залішнюю зброю, выйсці з СБУ, але хацелі легалізавацца і бараніць тыя справядлівыя пратэсты, што адбываліся на Луганшчыне. Мы нават пайшлі на гэта. Першы загад, дарэчы, быў менавіта пра стварэнне Луганскага батальёна.

— З ліку тэрарыстаў?

— Пачакайце, тэрарыстамі яны сталі, на жаль, ужо потым. На тым этапе яны былі пратэстоўцамі, якія ў сілу тых або іншых абставінаў атрымалі тысячу адзінак агнястрэльнай зброі. І мы шукалі, якім спосабам гэтую зброю адтуль абсарбаваць. І калі вы пытаецеся, ці былі ў нас памылкі — відавочна, мы ў Луганску прызначылі няправільна губернатара. Але наша праблема была ў тым, што мы былі вымушаныя латаць дзіркі. Яфрэмаў — гэта вельмі дасведчаны палітык з вопытам і грашыма. У мяне няма звестак пра тое, каб Яфрэмаву за ўвесь гэты час нанеслі хоць нейкі матэрыяльны ўрон.

— А тое, што вы паляцелі на рыбалку падчас захопу ўлады на Данбасе, ці не было гэта вашай памылкай?

— Гэта быў выходны дзень. Я зранку патэлефанаваў кіраўнікам СБУ і МУС, мяне праінфармавалі пра тое, што сітуацыя кантралюецца. А ўжо ў 16 гадзін, калі мы ўсвядомілі праблему, якая адначасова ўзнікла па ўсёй Украіне, я быў у кабінеце Турчынава. Ну а піяр-вайна супраць мяне?.. Хай гэта будзе на сумленні тых людзей, якія яе замаўляюць. Асноўным мадэратарам быў тэлеканал «Інтэр», я думаю, што гэта прадстаўнікі клана Фірташа-Лёвачкіна. Тыя рэсурсы, якія яны нарабавалі пры Януковічы, дазваляюць дэстабілізаваць і далей расхістваць сітуацыю ў дзяржаве.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру