Сёння прайшоў матч у адказ трэцяга кваліфікацыйнага раўнда Лігі Еўропы паміж беларускім «Шахцёрам» і «Зюлтэ-Варэгемам» з Бельгіі. Матч тыднёвай даўніны не пакідаў спадзеваў на закручаны сюжэт і багацце эмоцый, як было два дні таму падчас сустрэчы БАТЭ і «Дэбрэцэна».

Справа ў тым, што «Шахцёр» перамог з лікам 5:2. Гэта значыць, што суперніку трэба было забіваць мінімум чатыры галы, пры гэтым прапускаць ім нельга было ніводнага.

Матч праходзіў у Барысаве. Бо салігорская арэна не адпавядае патрабаванням УЕФА, у Мінску добрага стадыёна няма, а да Гомеля ехаць далёка. З Салігорска, Бабруйска (фанаты каманд сябруюць) і Барысава сабралася даволі прыстойная аўдыторыя. Калі ацэньваць на вока, то было тысячы 3-4. Асабліва добрая падтрымка ішла з фан-сектара.

А калі Сяргей Балановіч адкрыў лік у гульні, то на поле выбег адзін з фанатаў. Праўда, шмат прайсці па газоне ў яго не атрымалася. Сцюарды хутка скруцілі пацану рукі ды павялі, мабыць, у найбліжэйшы апарняк. А каля сектара шчыльненька сталі хлопцы ў аранжавых камізэльках, каб болей такіх інцыдэнтаў не было.

Задача «Зюлтэ-Варэгема» яшчэ больш ускладнілася. Здаецца, абедзве гулялі на лёгкім расслабоне. Адных («Шахцёр») гэта задавальняла, а бельгійцы хутчэй спрабавалі пазбегнуць траўмаў ды найграць звязкі для матчаў чэмпіянату.

У выніку гульня скончылася з лікам 2:2 (Балановіч, 7, 42 – Сіла 41, 74). Нервавацца за беларусаў не давялося. Заўтра «Шахцёр» даведаецца свайго суперніка па плэй-оф Лігі Еўропы. Гэта найлепшае дасягненне салігорцаў на міжнароднай арэне.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру