У продажы зьявіўся дзясяты альбом Зьмітра Вайцюшкевіча і WZ‑Orkiestra — «Лірыка» на вершы Генадзя Бураўкіна.

Дзясятым альбомам музыка зачыняе сэрыю праектаў на творы вядомых паэтаў. Дагэтуль зьявіліся альбомы на словы Леаніда Дранька‑Майсюка, Рыгора Барадуліна, Алеся Камоцкага, Уладзімера Някляева. З. Вайцюшкевіч плянуе зьвярнуцца да творчасьці маладых паэтаў: «У Беларусі шмат маладых і таленавітых творцаў, чые вершы просяцца на музыку». Ён не выключае магчымасьці супрацы і з ранейшымі ўдзельнікамі праектаў. Дранько‑Майсюк запісаў цудоўны хіп‑хопавы верш, які магчыма прагучыць на традыцыйным калядным канцэрце ў студзені».

«Я не лічу заганнай практыку напісаньня альбомаў штогод, не зважаючы на тое, што ў нашым асяродку пануе звычай рабіць альбомы раз на 3‑4 гады» — кажа Зьміцер.

«Лірыка» выйшла рокавая. Сам музыка тлумачыць гэта тым, што хоча энэргіі — і для сябе, і з тым, каб падзяліцца ёй з слухачамі: «Мы здольныя на вялікія канцэрты, і ў тым ліку на вольным паветры».

2 сьнежня ў клюбе «Фартуне» адбудзецца адмысловы канцэрт З.Вайцюшкевіча і WZ‑Orkiestra. Сьпявак упэўнены, што праграма задаволіць як «паненак у гадах», так і «маладое пакаленьне». І першыя, і другія, на яго думку, пабачаць яго ў новым амплюа. На імпрэзу запрошаны Генадзь Бураўкін.

Беларуская глыбінка прагне канцэртаў, пра што сьведчаць поўныя залі ў Капылі, Белаазёрску, ды іншых гарадах, сабраныя Аляксандрам Саладухам. «Трэба й нам працаваць у гэтым кірунку, думаю, што нашая творчасьць там таксама будзе запатрабаваная», — адзначыў Зьміцер Вайцюшкевіч.

Сямён Печанко

Здымкі Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0