Прэм'ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў падпісаў пастанову, паводле якой доступ да адкрытых сетак Wi-Fi ў грамадскіх месцах у РФ больш не можа ажыццяўляцца ананімна.

Аператары сувязі цяпер павінны будуць ідэнтыфікаваць карыстальнікаў, фіксуючы іх прозвішчы, імёны, імёны па бацьку, а таксама рэквізіты пашпарта і месца жыхарства, як вынікае з дакумента, апублікаванага на партале прававой інфармацыі.

Акрамя таго, аператар павінен будзе высвятляць унікальны нумар прылады, з дапамогай якога карыстальнік выходзіў у Сетку.

Атрыманыя дадзеныя будуць захоўвацца паўгода і ў выпадку неабходнасці прадастаўляцца праваахоўным органам.

«Ідзе інфармацыйная вайна. Ананімнае падлучэнне да інтэрнэту ў грамадскіх месцах дазваляе ажыццяўляць супрацьзаконныя дзеянні беспакарана», — растлумачыў «Ізвестіям»» першы намеснік старшыні камітэта Дзярждумы па інфармацыйнай палітыцы, інфармацыйных тэхналогіях і сувязі Вадзім Дзеньгін.

На думку дырэктара па сувязях з дзяржаўнымі органамі «Рамблер і Ко» Мацея Аляксеева, гэта немагчымае рашэнне.

Прычына — ў вялікай колькасці людзей, якія карыстаюцца доступам да інтэрнэту ў грамадскіх месцах.

«Не думаю, што ўсе, хто прыйдзе ў парк Горкага, будуць паказваць свае пашпарты», — сказаў Аляксееў.

Пры гэтым прадстаўнік аднаго з правайдэраў лічыць, што пастанову тэарэтычна можна выканаць, калі распрацаваць адмысловы інтэрфейс, які прапануе карыстальніку ўвесці свае пашпартныя дадзеныя пры падключэнні. Пры гэтым ніхто не зможа праверыць сапраўднасць гэтай інфармацыі.

7 жніўня таксама стала вядома, што ўрад абавязаў сацсеткі і іншыя папулярныя сайты ўсталяваць абсталяванне і праграмнае забеспячэнне, з дапамогай якога

спецслужбы змогуць у аўтаматычным рэжыме атрымліваць інфармацыю аб дзеяннях карыстальнікаў гэтых сайтаў.

Такія патрабаванні ўтрымліваюцца ў пастанове ўрада №743, якое 31 ліпеня падпісаў прэм'ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў, нагадвае «Росбалт».

Гэтая пастанова ўдакладняе палажэнне закона аб блогерах. У ім пазначана, што сайты павінны падключаць абсталяванне і праграмнае забеспячэнне, неабходнае для сілавікоў. Пры гэтым пастанова забараняе сайтам раскрываць «арганізацыйныя і тэхнічныя прыёмы правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў». Хто будзе плаціць за ўстаноўку гэтага абсталявання, у пастанове не ўдакладняецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?