Такая высокая ацэнка ўтрымліваецца ў штогадовым дакладзе Праграмы разьвіцьця Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН).

Пры складаньні рэйтынгу экспэрты бяруць за аснову такія паказчыкі, як працягласьць жыцьця, узровень адукацыі, памер валавога ўнутранага прадукту. Рэйтынгі ААН публікуюцца з 1990 г. Цягам апошніх шасьці гадоў першы радок займала Нарвэгія. Сёлета яна на другім месцы. За ёй ідуць Аўстралія, Канада, Ірляндыя і Швэцыя. Апошнія месцы ў рэйтынгу займаюць С’ера‑Леонэ, Буркіна‑Фасо, Гвінея‑Бісаў.

Насуперак сваёй назьве — «краіна лёду» — і наяўнасьці леднікоў Ісьляндыя — далёка не арктычная краіна. Зьмягчаюць клімат цёплыя воды акіяну, вулканы ды тэрмальныя воды. Цэлы год там трымаецца надвор’е, характэрнае для беларускага кастрычніка.

У Ісьляндыі пражывае 300 тыс. чалавек на тэрыторыі у 103 тыс. кв. км (палова Беларусі).

Краіна зьяўляецца рэспублікай. Кіраўнік дзяржавы (Алафур Рагнар Грымсан) і парлямэнт (па-ісьляндзку - альтынг) абіраюцца усеагульным галасаваньнем, прычым правам голасу валодаюць усе грамадзяне краіны, мужчыны і жанчыны векам больш за 18 гадоў, што пражылі ў краіне ня менш за 5 гадоў да выбараў.

Ісьляндыя не ўваходзіць у ЭЗ. Прычына — квота ў ЭЗ на рыбалоўства, галоўную галіну эканомікі краіны.

Насельніцтва жыве ў прасторных дамах з добра адладжанай сыстэмай ацяпленьня, якая лічыцца найлепшай у краіне. У краіне амаль няма бедных.

Паколькі амаль усё (апроч энэргіі) у краіну імпартуецца, то цэны на жыльлё і транспарт вельмі высокія, але гэта ў значнай ступені кампэнсуецца высокімі даходамі насельніцтва і нізкім узроўнем інфляцыі.

У краіне — высокая працягласьць жыцьця: 76 гадоў для мужчын і 81 год — для жанчын і вельмі нізкая дзіцячая сьмяротнасьць (каля 5,3 на 1000 нованароджаных).

Ісьляндцы зьвяртаюцца адзін да другога толькі па імені. Адпаведна ва ўсіх тэлефонных даведніках указаны імёны ў альфабэтным парадку. Прычына ў тым, што нямногія ў Ісьляндыі маюць прозьвішчы. У дзяцей «імя па бацьку» па імені бацькі з канчаткам ‑son (сын) для хлопчыкаў і ‑dottir (дачка) для дзяўчынак.

Тым больш цікава, што нягледзячы на ўсе дасягненьні высокіх тэхналёгій, больш за 80% ісьляндцаў вераць у эльфаў, троляў ды іншых казачных пэрсанажаў. Нават сёньня апошняй інстанцыяй пры праектаваньні зьяўляюцца не архітэктурныя і тэхнічныя ўстановы, а народныя вераваньні і аповеды бабуляў і дзядуляў пра месцы, дзе жывуць тыя самыя эльфы.

Калі меркаваная дарога можа парушыць спакой месцаў пражываньня казачных пэрсанажаў — праект адкідаецца.

Паводле newsru.com

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0